Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры МЗС Люблінскага трыкутніка: сытуацыя ў Беларусі — выклік для бясьпекі ў рэгіёне


Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністры замежных справаў краін Люблінскага трыкутніка (Літвы, Польшчы і Ўкраіны) вызначылі чатыры выклікі бясьпецы ў рэгіёне — расейская агрэсія супраць Украіны, мілітарызацыя Чарнаморскага рэгіёну, сытуацыя ў Беларусі і пагрозы ад уводу ў эксплюатацыю газаправоду «Паўночны паток – 2».

«Украіна, Літва і Польшча будуць працаваць разам, каб наблізіць той момант, калі Беларусь замест „русского мира“ выбера Люблінскі трыкутнік — прастору дэмакратыі, свабоды і супольнай эўрапейскай будучыні», — заявіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Міністры Літвы, Польшчы і Ўкраіны падпісалі дарожную мапу далейшага ўзаемадзеяньня, дэклярацыю пра эўрапейскую спадчыну і супольныя каштоўнасьці, а таксама ўхвалілі плян супольных дзеяньняў супраць дэзынфармацыі.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што разглядае рэзкае павелічэньне патокаў нелегальнай міграцыі празь Беларусь як адзін з інструмэнтаў ціску Менску на эўрапейскія краіны пасьля ўвядзеньня санкцый. «Мы не павінны саступаць перад гэтым, але важны і адзіны адказ нашых партнэраў на гэтыя дзеяньні гібрыднай вайны», — перакананы Габрыелюс Ландсбергіс.

Міністар замежных спраў Літвы паведаміў, што афіцыйны Менск паштурхоўвае сябе да самаізаляцыі. «Пра гэта сьведчыць выхад з праграмы „Усходняе партнэрства“ і працяг дыпляматычнай вайны супраць дзяржаў Эўразьвязу, калі Літву другі раз папрасілі скараціць дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі, пакінуўшы ў Менску толькі аднаго дыплямата. Мы шкадуем аб такім неадэкватным рашэньні, якое мы назіраем у апошні час», — заявіў Габрыелюс Ландсбергіс.

Люблінскі трыкутнік заснаваны 28 ліпеня 2020 году, калі міністры замежных спраў Літвы, Польшчы і Ўкраіны падпісалі адпаведную дэклярацыю. Гэта была трэцяя сустрэча кіраўнікоў МЗС краін Люблінскага трыкутніка. У студзені ў іх сустрэчы ў дыстанцыйным рэжыме ўдзельнічала Сьвятлана Ціханоўская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG