Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Важна, каб Амэрыка разам з Эўразьвязам далей ціснулі на рэжым Лукашэнкі». Сьвятлана Ціханоўская рыхтуецца да першага візыту ў ЗША


Сьвятлана Ціханоўская.

Паездка Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША заплянаваная на ліпень. У інтэрвію Свабодзе яна расказала пры мэты гэтага візыту, ацаніла рэакцыю Менску на новы статус яе офіса як афіцыйнага прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі ў Вільні і падзялілася навінамі ад свайго мужа-палітвязьня.

— Сьвятлана, рыхтуецца ваш першы візыт у Злучаныя Штаты. Якія максымальныя ставяцца мэты і задачы?

— Візыт у стадыі падрыхтоўкі, мы на пастаяннай сувязі зь Дзярждэпартамэнтам ЗША, амбасадаркай гэтай краіны ў Беларусі Джулі Фішэр. Нам аказваюць максымальнае спрыяньне ва ўсіх пытаньнях. Але пакуль ня будзе афіцыйнага пацьверджаньня, нешта разгалошваць дачасна.

А што да максымальных задачаў, — гэта, безумоўна, сустрэчы на самым высокім узроўні, падчас якіх мы маглі б асабіста расказаць афіцыйным прадстаўнікам пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Мы ведаем іх прынцыповую пазыцыю, але надзвычай важна, каб Злучаныя Штаты разам з Эўразьвязам далей ціснулі на рэжым Лукашэнкі. Не сакрэт, што Эўропа глядзіць на ЗША як на найбольш уплывовую дзяржаву, і многія крокі залежаць менавіта ад палітыкі Вашынгтону.

Мы ўсьцешаныя, што амэрыканцы вельмі апэратыўна прынялі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», але, аб’ектыўна кажучы, ён не працуе на поўную сілу. І каб гэтыя мэханізмы нарэшце запусьціць, неабходна прыўзьняць беларускі парадак дня. Калі візыт адбудзецца, думаю, нам удасца прыцягнуць яшчэ больш увагі да стану рэчаў у нашай краіне.

Шчыра кажучы, вельмі актыўна вядзецца праца і без маёй паездкі. Але, як вядома, пэрсанальная прысутнасьць падвышае ўзровень увагі, таму намагаемся ўсё арганізаваць найлепшым чынам.

Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай у Празе, архіўнае фота
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай у Празе, архіўнае фота

— Ці заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, актывістамі і бізнэсоўцамі?

— Сустрэчы зь беларусамі прадугледжваюцца падчас кожнай маёй паездкі, гэта наогул адзін з самых прыемных момантаў. Я заўсёды рада бачыць землякоў, асабліва калі ўлічыць, як беларусы ЗША дапамагаюць суайчыньнікам на радзіме. Значная падтрымка аказваецца страйкамам, ініцыятыва I need help аплочвае прадукты сваякам палітвязьняў. Мы зь імі ў віртуальным кантакце, але будзем вельмі рады візуальнай сустрэчы.

— Міністэрства замежных спраў Літвы прызнала Офіс Сьвятланы Ціханоўскай афіцыйным прадстаўніцтвам беларускай дэмакратыі з наданьнем дыпляматычнага статусу. Гэта ўжо выклікала скандал — на знак пратэсту зь Менску высылаюць амаль усіх літоўскіх дыпляматаў. Чакалі такой хуткай і вострай рэакцыі?

— Слухайце, яны чамусьці заўсёды псыхуюць. На самой справе гэта ня спосаб паказаць сваю сілу, проста дэманструюць сваю слабасьць. Апроч як агрызнуцца, няма ўжо іншых мэтадаў даказаць, што працуюць для краіны, для сваіх людзей. Усё робіцца дзеля таго, каб укалоць дзяржавы, якія падтрымліваюць грамадзянскую супольнасьць Беларусі.

Дзеля справядлівасьці, многія заходнія амбасады і так былі або зачыненыя, або працавалі з урэзанай колькасьцю супрацоўнікаў яшчэ да абвяшчэньня дыпляматычнага статусу нашага офіса. Тым ня менш падобная рэакцыя была цалкам чаканая з улікам унутранай і вонкавай палітыкі цяперашніх уладаў. Думаю, і ў Вільні былі да гэтага падрыхтаваныя.

Наогул трэба сказаць, што, нягледзячы на сытуацыю зь мігрантамі, якіх Беларусь практычна выштурхоўвае ў Эўразьвяз, і на скарачэньне дыпмісіі, Літва вельмі прынцыповая ў сваёй пазыцыі, задаючы тон палітыцы ў дачыненьні да антынароднага рэжыму Лукашэнкі.

Яскравы прыклад, калі невялікая краіна робіць вельмі і вельмі шмат. Зноў жа, не хачу пакрыўдзіць іншых, тая ж Польшча прыняла шмат рэлякантаў, актывістаў, увесь гэты час актыўна нас падтрымлівае.

Каманда Сьвятланы Ціханоўскай
Каманда Сьвятланы Ціханоўскай

— Раней вы казалі, што адкрыцьцё падобных прадстаўніцтваў з дыпляматычным статусам плянуецца і ў іншых краінах. Калі рэакцыя Менску будзе аналягічная, зьнешняя блякада толькі ўзмоцніцца?

— Цалкам магчыма. Разумееце, паколькі ў рэжыму няма іншых рычагоў, усё гэта выглядае як помста. Замест таго каб, наадварот, наладжваць адносіны, спрабаваць вырашыць праблемы, якія з эскаляцыяй нікуды не сыходзяць, а толькі нагрувашчваюцца, яны сядзяць у сваім бункеры і намагаюцца адгарадзіцца ад палітычнай, дыпляматычнай дапамогі звонку. Абсалютна безадказная пазыцыя.

— Аляксандар Лукашэнка за 27 гадоў ва ўладзе не перамовіўся і з паловай палітыкаў першай велічыні, зь якімі вы скантактаваліся за некалькі месяцаў. Як думаеце, ён адпачатку быў арыентаваны на канфрантацыю з Захадам і ўцягваньне ў расейскую арбіту?

— Як мне бачыцца, у Лукашэнкі заўсёды быў вельмі дзіўны падыход да палітыкі. Ён, так бы мовіць, гуляў з краінамі: адным лідэрам казаў адно, іншым другое. Сутыкаў ілбамі, шантажаваў і тую ж Расею, і Ўкраіну, і Эўразьвяз. Усё выварочваў на сваю карысьць, ня грэбуючы нічым. Таму ён ня бачыў неабходнасьці выбудоўваць адносіны з цывілізаванымі краінамі, хоць гэта магло пазытыўна паўплываць на эканоміку, прыток інвэстыцый і, як вынік, рост дабрабыту беларусаў.

Уся палітыка Лукашэнкі была накіраваная на ўтрыманьне ўлады. А паколькі Захад такога вечнага ўладараньня з дапамогай рэпрэсій не прымаў, у выніку ён паварочваўся да таго, хто больш ляяльны да такіх мэтадаў кіраваньня. Адсюль і сябры з такім жа сумнеўным мінулым.

— З вашага гледзішча, што можа спыніць рэпрэсіі ў Беларусі? Учора на беспрэцэдэнтны тэрмін асудзілі Віктара Бабарыку, у Гомлі судзяць, сярод іншых, вашага мужа Сяргея Ціханоўскага. Улада ні на якія перамовы не ідзе, пра нейкія кампрамісы няма і гаворкі — прапановы адмятаюцца.

— Мабыць, паўтаруся, што ў рэжыму няма ніякіх рычагоў кіраваньня краінай, акрамя гвалту, рэпрэсій, запалохваньня. Лукашэнка карыстаецца гэтым ва ўсю моц, тым самым падымаючы цану ўтрыманьня ўлады. За ўсе гэтыя гады ў іх склаўся пэўны альгарытм. Калі раней гандлявалі палітзьняволенымі за адмену санкцый, дык чаму не паспрабаваць запусьціць гэта і цяпер? Чым больш вязьняў, тым даражэй яны змогуць іх прадаць.

Я на сустрэчах з палітычнымі лідэрамі падкрэсьліваю: давайце гэтым разам мы будзем пасьлядоўнымі ў сваіх дзеяньнях і ня будзем гандляваць палітзьняволенымі. Трэба нарэшце зламаць гэты альгарытм. Таму што людзі, якія цяпер у турме — той жа Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, сотні іншых — ня здрадзілі самі сабе і сваім унутраным каштоўнасьцям. Яны ведаюць, што абсалютна ні ў чым не вінаватыя, а проста сталі ахвярамі рэпрэсій за ўдзел у палітыцы.

А што можа спыніць гвалт? Спрабавалі па-чалавечы, спрабавалі дыпляматычна. Бяз сэнсу. Крызіс відавочны. Рэжым разумее, што рэпрэсіямі нічога ня спыніш. Так, людзям страшна, невінаватыя сядзяць у турмах, актывістаў звальняюць з працы. Натуральна, ком безвыходнасьці толькі нарастае. Аднак на мысьленьне гэта ўжо не паўплывае. Гэта ня зробіць іх зноў пакорлівымі, як было апошнія чвэрць стагодзьдзя.

Наадварот, сваімі дзеяньнямі яны выклікаюць толькі большую злосьць, а злосьць ператвараецца ў энэргію барацьбы. І ўсе гэтыя санкцыі — вымушаная мера, каб спыніць рэпрэсіі. У гэтых умовах нічога не застаецца, як узмацняць ціск, каб у менскай рэзыдэнцыі нарэшце зразумелі: няма ўжо куды дзявацца, як пачынаць выбудоўваць дыялёг.

Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка

— Як мяркуеце, ёсьць унутранае браджэньне ў самой сыстэме?

— Ёсьць адэкватныя людзі нават у структуры рэжыму, якія разумеюць: Лукашэнка пайшоў уразнос, ён гатовы разбурыць эканоміку, разарваць усе дыпляматычныя адносіны, абы ўтрымаць уладу. Зразумела, што гэта шлях у нікуды.

Нават ляяльныя бізнэсы бачаць: з такім а-ля кіраўніком далёка не паедзеш, усё ў адзін момант накрыецца. Мы ім павінны прапанаваць альтэрнатыву: ёсьць краіны, гатовыя супрацоўнічаць, інвэставаць. Вы толькі зразумейце, што важней для вас саміх: працаваць на карысьць народу ці падтрымліваць чалавека, які ўжо не прэзыдэнт для Беларусі, а злачынца — і ў вачах саміх беларусаў, і іншых народаў.

Думаю, гэтае асэнсаваньне ўжо прыходзіць і да бізнэсу, і да намэнклятуры, і нават да сілавікоў. Працэс ня хуткі, але такім ціскам мы падштурхоўваем адэкватных людзей да правільных рашэньняў.

Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

— Сьвятлана, ці даходзяць лісты або нейкія іншыя весткі ад Сяргея? Можа, вядома, у якіх ён умовах?

— Сяргея наўмысна трымаюць у адзіночнай камэры — мабыць, яшчэ ад верасьня. Таму ніхто ня можа пра яго штосьці сказаць. Мы камунікуем выключна праз адваката, але гэта вельмі скупыя зьвесткі, праславутая падпіска аб неразгалошваньні. Пра суд — наогул ніякай інфармацыі.

Але я ведаю свайго Сяргея, упэўненая: ён трымаецца надзвычай годна, адкрыта выказвае сваю пазыцыю і судзьдзям, і пракурорам, і наогул сваё стаўленьне да рэжыму. Каб гэты суд быў адкрытым, усе ў гэтым пераканаліся б. Таму яго і хаваюць. Сяргей умее натхняць. Ён вельмі моцны, харызматычны, зь яго проста б’е энэргетыка. Натуральна, такіх людзей, якія ніколі не прагнуцца, баяцца — гэта і Мікалай Статкевіч, і Павал Севярынец, і многія іншыя.

Адным словам, я перасылаю паведамленьні праз адваката, дзеці перадаюць малюнкі. На жаль, нічога не дайшло.

Канечне, перажывае за мяне, просіць, каб зь дзецьмі недзе адпачылі. Зразумела, цяпер ня той час, я праз адваката так і адказала: «Калі і паеду адпачываць, дык толькі з табой». Ну як я змагу валяцца на пляжы, ведаючы, што любімы чалавек туліцца ў малой камэры? Гэта вельмі цяжка. Сяргей заўсёды любіў прастору, яму было мала месца нават у кватэры. Можна толькі ўявіць, як тыя цесныя сьцены зараз прыгнятаюць. Але ён вельмі моцны.

Чамусьці лічаць, што Сьвятлана Ціханоўская моцная. Цяпер разумею, што гэта ён навучыў мяне вытрымцы — неасэнсавана, бо я заўсёды была за ім як за сьцяной. Падсьвядома вучылася ў яго сіле духу, сіле волі. А цяпер даводзіцца тыя навыкі задзейнічаць.

— Чым цяпер займаюцца вашы дзеці?

— Дачка ў садку, а сын займаецца на летняй школьнай праграме. Так што сям'я таксама ў сваім рабочым працэсе.

Напярэдадні Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні са старшынём Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем. Абмяркоўвалі жорсткі прысуд Віктару Бабарыку, сытуацыю вакол ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства» і дапамогу пацярпелым ад рэжыму. Эўрачыноўнік запэўніў, што Эўразьвяз працягне падтрымліваць беларускі народ у пабудове дэмакратычнай будучыні і гарантаваньні фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека.

Сьвятлана Ціханоўская, у сваю чаргу, прапанавала канцэпт, як беларускі народ можа быць прадстаўлены ва «Ўсходнім партнэрстве», бо ўлады самаўхіліліся ад удзелу ў праграме. Прадстаўляць Беларусь гатовыя дэмакратычныя сілы. Таксама яна заклікала падтрымаць канфэрэнцыю аб разьвязаньні крызісу ў Беларусі на ўзроўні Эўразьвязу, пашырыць праграмы дапамогі палітвязьням і іх сем’ям, незалежным мэдыя і прыватнаму бізнэсу ў рамках Пляну Эўразьвязу для новай Беларусі.

Акрамя таго, адбылася сустрэча з прадстаўніком высокага ўзроўню Дзярждэпартамэнта ЗША Джорджам Кентам і міністрам замежных спраў Канады Маркам Гарно. Абмяркоўваліся мэханізмы эканамічнага блякаваньня кашалькоў рэжыму і пэрсанальныя захады супраць штатных прапагандыстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG