Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Ўкраіны занялася Лукашэнкам: вывучаюць ягоную супрацу з тэрарыстамі


Украінскі дэпутат, кіраўнік міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яданьня «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка заявіў, што пракуратура Ўкраіны «пачала дэталёва вывучаць супрацу Аляксандра Лукашэнкі з тэрарыстамі гэтак званай «ЛНР».

«Дзеяньні Лукашэнкі — гэта замах на нашу тэрытарыяльную цэласнасьць. Украіна павінна завесьці крымінальную справу супраць дыктатара за супрацу з тэрарыстамі. Апроч таго, трэба ўзмацняць ціск, санкцыйны і эканамічны», — заявіў Аляксей Ганчарэнка.

У Офісе генэральнага пракурора пацьвердзілі, што пачалі праверку фактаў, выкладзеных у дэпутацкім звароце, «пра магчымае садзейнічаньне Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам тэрарыстычнай арганізацыі „Луганская народная рэспубліка“». Адпаведны ліст, падпісаны намесьнікам генэральнага пракурора Аляксеем Сіманенкам, абнародаваў Аляксей Ганчарэнка.

Праверка будзе працягвацца 30 дзён.

У чэрвені дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны зьвярнуліся са зваротам да генэральнага пракурора Ўкраіны Ірыны Венядзіктавай, у якім патрабавалі завесьці крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі паводле факту прызнаньня так званых «ЛНР» і «ДНР», якія ўкраінскі парлямэнт прызнаў тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Падставай для таго звароту стала інфармацыя пра нібыта супрацу сьледчых органаў Беларусі з гэтак званай «пракуратурай ЛНР» у справе журналіста Рамана Пратасевіча, затрыманага 23 траўня ў Менску пры дапамозе прымусовай пасадкі лайнэра Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.

Зварот падтрымалі прадстаўнікі усіх дэпутацкіх фракцый украінскага парлямэнту, за выключэньнем «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“», якія лічаць Аляксандра Лукашэнку дзейным прэзыдэнтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG