Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кажа, што ў яе адкрылася другое дыханьне». Са зьняволенай журналісткай Кацярынай Андрэевай у калёніі сустрэўся муж


Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш, архіўнае фота

Асуджаная журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева ў Гомлі знаходзіцца з 22 траўня. Першыя два тыдні ў яе быў карантын, цяпер Кацярына ўжо працуе памочніцай швачкі – дапамагае шыць вопратку.

Ігар Ільяш ня першы раз атрымаў магчымасьць пабачыцца з жонкай. Упершыню гэта адбылося неўзабаве пасьля прысуду Кацярыне. Ігар расказаў падрабязнасьці новай сустрэчы, а таксама пра тое, як сябе адчувае Кацярына цяпер.

«Магчымасьць сустрэч са зьняволенымі калёніі вызначаныя правіламі ўнутранага распарадку, іх дасылаюць сваякам, – расказвае Ігар Ільяш. – Яны прадугледжваюць тры кароткія спатканьні і тры доўгатэрміновыя цягам году. Доўгатэрміновыя доўжацца два дні, кароткатэрміновыя – чатыры гадзіны. У СІЗА звычайна дзьве, але на практыцы яны бываюць карацейшыя. Да дзьвюх гадзінаў, так скажам. Тут было чатыры і безь перашкод».

Ігар расказвае, што перад спатканьнем вязень калёніі мусіць напісаць заяву зь імем канкрэтнага чалавека на адрас адміністрацыі. І калі да вязьня няма ніякіх пытаньняў, за ім няма парушэньняў, спатканьне дазваляюць. Яно адбываецца ў памяшканьні для сустрэч, размаўляць са зьняволеным можна праз шкло, фізычнага кантакту на кароткіх спатканьнях няма.

«Памяшканьне само са сьвежым рамонтам, – расказвае Ігар. – Тое памяшканьне, дзе Каця знаходзіцца, таксама адрамантавалі. Побытавыя ўмовы найлепшыя з таго, што яна бачыла за ўвесь час утрыманьня пад вартай, сярод усіх астатніх турмаў. Дэталяў Каця не магла расказваць, усе размовы запісваюцца. Ні пра ўмовы, ні пра дакладны распарадак дня гаварыць нельга. Ведаю толькі, што вакол Каці няма іншых палітзьняволеных, яна адзіная ў сваім атрадзе. Я так разумею, гэта агульная пастанова. Яны стараюцца разводзіць палітзьняволеных па розных атрадах, каб яны як мага менш перасякаліся».

Па словах Ігара, Кацярына ў размове зь ім нават супакойвала мужа, кажучы, што яе атрад нельга назваць баракам, бо памяшканьне сьвежаадрамантаванае і выглядае прыстойна і сучасна. Пафарбавана ў ружовыя адценьні.

«Бірка ў Кацярыны жоўтая сапраўды, там яе фатаздымак, імя і прозьвішча, – гаворыць Ігар Ільляш. – А таксама даты, калі яна ўзятая пад варту і калі яна мусіць быць вызваленая. Гэтая жоўтая бірка акурат і паказьнік таго, што Кацярына мае статус схільнай да экстрэмізму. Знаходзіцца на прафіляктычным уліку. Каця не расказвала пра дэталі, што гэта для яе значыць. Але, як разумею, праблемаў у яе праз гэта вялікіх няма. Толькі больш пільны ўлік».

Па словах Ігара, канфліктаў з адміністрацыяй гомельскай жаночай калёніі ў Кацярыны не здаралася, яна таксама ня мае спагнаньняў.

«Каця сама выбрала такі бесканфліктны шлях суіснаваньня з адміністрацыяй, – працягвае Ігар. – Хершэ, альбо Класкоўская, напрыклад, вырашылі адмаўляцца ад працы, ня шыюць вопратку для сілавікоў. Кацярына ад працы не адмаўляецца, канфліктаў не стварае. Адпаведна, да яе з боку адміністрацыі не было нічога такога, каб яна скардзілася».

Ігар Ільяш таксама расказвае, што ў Кацярыны цяпер вельмі мала вольнага часу, таму яна ня можа апэратыўна адказваць на ўсе атрыманыя лісты. Пасьля працы вязьні жаночай калёніі мусяць таксама прыбірацца ў сваіх памяшканьнях альбо выконваць работы на тэрыторыі калёніі. Столькі вольнага часу, колькі ў іх было ў СІЗА, цяпер няма.

Лісты ў калёнію даходзяць значна лепш, чым было ў СІЗА на вуліцы Валадарскага альбо ў сьледчай турме Жодзіна. Чакаць іх прыходзіцца прыкладна ўдвая менш часу. Але цэнзура па-ранейшаму вычытвае ўсе лісты. Нядаўна Кацярыну запрасілі расьпісацца ў тым, што адзін ліст ад мужа цэнзуры не прайшоў і яна яго не атрымае.

«Каця добра выглядае, лепш, чым я чакаў, – гаворыць Ігар. – Думаў, што яна будзе больш стомленай. Чакаў прыкмет дэпрэсіі. Але не, нічога гэтага я не пабачыў. Як Каця сказала, у яе адкрылася другое ці дзясятае, дваццатае дыханьне. Яна адчувае сябе ўпэўнена».

  • Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова — фігуранткі справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Абедзьвюх асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
  • Іх затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру зь месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску.
  • Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязьнямі. Яны адбываюць пакараньне ў папраўчай калёніі № 4 у Гомлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG