Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыка мацнейшая за эканоміку». Менск адрэагаваў на адмову Ўкраіны імпартаваць электраэнэргію зь Беларусі


Лінія электраперадачы, ілюстрацыйнае фота

Паводле Міністэрства энэргетыкі Беларусі, рашэньне Ўкраіны абмежаваць імпарт беларускай электраэнэргіі «стварае рызыкі перш за ўсё для ўкраінскіх спажыўцоў».

«Але, як відаць у гэтым выпадку, палітыка мацнейшая за эканамічную прычыну», — гаворыцца ў заяве на афіцыйным тэлеграм-канале ведамства.

Пры гэтым у міністэрстве запэўніваюць, што адмова Ўкраіны ад імпарту беларускай электраэнэргіі не паўплывае на працу энэргасыстэмы Беларусі.

«Аб’ёмы паставак электраэнэргіі зь Беларусі ва Ўкраіну ў мінулым годзе і сёлета былі нязначныя. Аднак увосень і зімой беларуская электраэнэргія, якая пастаўлялася на запыт украінскага боку, выкарыстоўвалася для забесьпячэньня ўстойлівай работы энэргасыстэмы Ўкраіны ў пэрыяд неспрыяльных умоваў надвор’я», — адзначана ў дакумэнце.

8 ліпеня на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з украінскім прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем у Вільні кіраўніца ўраду Літвы Інгрыдэ Шыманіце паведаміла, што Ўкраіна адмовілася ад куплі электраэнэргіі, што выпрацоўваецца Беларускай АЭС.

«Мы спадзяёмся, што Ўкраіна будзе працягваць рэалізацыю „зялёнага“ курсу, які запушчаны ў Эўрапейскім Зьвязе, і гэтыя дзеяньні ў далейшым змогуць зрабіць унёсак у доўгатэрміновыя і пастаянныя рашэньні, каб прадухіляць доступ такіх небясьпечных пастаўшчыкоў электраэнэргіі, як БелаАЭС, і наадварот, пераходзіць на эўрапейскі рынак», — адзначыла кіраўніца літоўскага ўраду.

26 траўня Нацыянальная камісія Ўкраіны, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі і камунальных паслугаў, прыняла пастанову «Аб доступе да прапускной здольнасьці міждзяржаўных сячэньняў», якою забараніла імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі да 1 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG