Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Эўразьвязу асудзіў перасьлед «Нашай нівы» і іншых беларускіх журналістаў


Прэсавы сакратар дыпляматычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана

Прэсавы сакратар дыпляматычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана адрэагаваў на затрыманьне беларускіх журналістаў 8 ліпеня.

«Перасьлед «Нашай нівы» і іншых сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў паказвае працяг рэпрэсій рэжыму супраць незалежных галасоў і поўнае ігнараваньне ня толькі свабоды выказваньняў, але і ўласных абавязаньняў у ААН і АБСЭ. Гэта непрымальна, варта жалю і павінна спыніцца», – напісаў ён на сваёй афіцыйнай старонцы ў Твітэры.

8 чэрвеня ўлады заблякавалі сайт аднаго з самых папулярных незалежных мэдыя Беларусі «Наша ніва», у рэдакцыі і ў журналістаў выданьня адбыліся ператрусы.

Супраць 4 чалавек, зьвязаных з «Нашай нівай», вядуцца сьледчыя дзеяньні — рэдактара сайту Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўнай бухгальтаркі«Нашай нівы» Вольгі Раковіч. Ва ўсіх чацьвярых дома адбыліся ператрусы, а потым іх павезьлі на допыты.

Вядома, што ўсе затрыманыя праходзяць падазраванымі па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Усіх чацьвярых затрымалі на 72 гадзіны.

Агулам па ўсёй Беларусі 8 ліпеня па крымінальных справах затрымалі на 72 гадзіны сем журналістаў.

  • У Воршы ператрус адбыўся ў рэдактара мясцовага незалежнага сайту orsha.eu Ігара Казьмерчака. Забралі тэлефон і ноўтбук. Пасля ператрусу яго затрымалі.
  • Віцебскі журналіст–фрылансэр Віталь Скрыль быў дапытаны ў Сьледчым камітэце, пасьля чаго затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 72 гадзіны.
  • Журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача таксама затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы, паведаміў БАЖ. Што інкрымінуюць журналісту, пакуль невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG