Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас завялі ў цір да мішэняў і паставілі на калені». Бізнэсовец з Маладэчна пра свае «суткі»


Кабрыялет, які затрымлівалі міліцыянты

Павал К. з Маладэчна адбыў 39 дзён арышту. 9 траўня ў ягоным кабрыялеце быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. «Суткі» ён адбываў у маладачанскім ІЧУ.

34-гадовы прадпрымальнік Павал К. мае дваіх дзяцей: дачцэ 10 гадоў, сыну 2. Маці Паўла мае інваліднасьць 1-й групы. Кажа, што прасіў, каб не пазбаўлялі волі, бо ягонай маці трэба догляд, але гэта ні да чога не прывяло.

9 траўня разгарнулі над галавой бел-чырвона-белы сьцяг

Павал расказаў, што ў той дзень забраў кабрыялет са станцыі тэхабслугоўваньня. Звычайна 9 траўня ён выяжджае са сьцягам з надпісам «Са сьвятам Перамогі», кветкамі, уключае музыку ваенных гадоў. Але сёлета сябар, зь якім ён вырашыў праехацца, разгарнуў над галавой бел-чырвона-белы сьцяг. Ля крамы «Яшма» іх заўважылі супрацоўнікі міліцыі і зь мігалкамі пачалі перасьледаваць. Яны спыніліся на патрабаваньне супрацоўнікаў ДАІ, а потым пад’ехала «група затрыманьня».

«Пачалося жорсткае затрыманьне з ужываньнем спэцсродкаў: ружжаў, кайданкоў, газу. 52-гадовага пасажыра пабілі, адбілі нырку, у яго былі тры гематомы на галаве, а ў пастарунку пачалася тахікардыя».

На судзе супрацоўнікі міліцыі казалі, што яны, маўляў, перасьледавалі Паўла і неаднаразова патрабавалі, каб ён спыніўся.

«І ў гэтым, маўляў, было непадпарадкаваньне. Непрыемна было гэта чуць ад падпалкоўніка і маёра ДАІ», — кажа Павал.

Паўла асудзілі спачатку на 25 сутак, а потым, перад вызваленьнем, яшчэ на 14. На першым судзе ён прасіў далучыць да справы запісы відэарэгістратараў, аднак яму адмовілі. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што прымянілі спэцсродкі таму, што аўтамабіль заблякавалі з двух бакоў, група затрыманьня і ДАІ. Яны праводзілі «спэцапэрацыю па блякаваньні». А на другім судзе, паводле Паўла, калі паглядзелі відэарэгістратар, было відаць, што ён спыніўся сам, збоку пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ, яны ўжо правяралі дакумэнты, а потым толькі прыехала група затрыманьня. То бок, сьцьвярджае Павал, там відаць, што ён не чыніў непадпарадкаваньня.

«З майго боку падышлі супрацоўнікі Маладэчанскага РАУС, выцягнулі з кабрыялета, паклалі тварам у асфальт. А сябра затрымлівалі супрацоўнікі, якія сказалі на судзе, што іх месца жыхарства Рэспубліка Беларусь. І менавіта гэтыя вельмі жорстка білі, — кажа Павал. — Я думаю, што наўрад ці яны прыдумалі дату свайго нараджэньня. То бок гэта тое самае, што 22-гадовае дзіця біла б 52-гадовага бацьку. Вельмі жорстка, нагамі, ляжачага, яму залілі паўбалёна пярцовага газу ў вока, ён прасіў вады. Мы прасілі выклікаць „хуткую“, але яе так і не выклікалі».

«Хуткую», па словах Паўла, выклікалі, калі мужчыны ўжо знаходзіліся ў «стакане» ў пастарунку. Лекары зрабілі сябру Паўла ўкол, бо ў яго вельмі балела сэрца.

«Было страшна, калі прывезьлі ў цір. Нас завялі да мішэняў і паставілі ля мішэняў на калені. Яны адышлі ад нас. Я ўжо зрабіў глыбокі ўдых, было адчуваньне, што тыя, хто стаіць з ружжамі каля перагародак, адкуль страляюць, могуць сапраўды стрэліць. Але прыйшоў нехта з афіцэрскага складу — і нас паклалі тварам у падлогу. Па супрацоўніку селі нам на лыткі, прыціснулі каленямі і начапілі кайданкі. Потым пачалі правяраць тэлефоны і складаць пратаколы за непадпарадкаваньне і адзіночны пікет. Мяне яшчэ абвінавацілі ў нясвоечасовай рэгістрацыі аўтамабіля і неспыненьні на патрабаваньне ДАІ».

Дапытвалі і пра лецішча Балабы, і пра надпісы

Паводле Паўла, пра тое, што адбывалася за гэтыя «суткі» ў ізалятары, можна напісаць кнігу. Камэра была маленькая: шэсьць крокаў уперад, шэсьць крокаў назад.

За 39 дзён яго дапытвалі восем разоў, вадзілі на паліграф. На адным з допытаў пыталіся пра лецішча камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы ў Гарадзілаве, якое згарэла. Казалі, маўляў, ёсьць падазрэньне, што Павал падпаліў гэтае лецішча. Таксама дапытвалі пра надпісы, і зноў жа на паліграфе. Сам начальнік міліцыі дапытваў 4 разы.

«Я нават ня ведаў, дзе тое Гарадзілава знаходзіцца. Кажу: „Крыўдна, што вы траціце такія рэсурсы, каб знайсьці чалавека, які спаліў стары дом у вёсцы, замест таго, каб знайсьці злачынцаў, якія забілі Рамана Бандарэнку. Можна было праверыць усіх на паліграфе і выявіць датычных да забойства чалавека“», — згадвае Павал.

«Я сказаў начальніку міліцыі, што пагутарыць цяпер я магу толькі ў такіх абставінах, седзячы ў ізалятары, у кайданках, і я хачу, каб вы мяне пачулі. Я пытаўся, чаму нельга было пагутарыць зь людзьмі ў жніўні», — расказвае Павал, прыгадваючы, як людзі пасьля выбараў у Маладэчне падыходзілі да будынку выканкаму.

Таксама Павал кажа, што перад вызваленьнем зь ім хацеў паразмаўляць «палкоўнік у цывільным».

«Я сказаў яму, што адседзеў 39 сутак галодны, што ледзьве стаю на нагах, бо вельмі хачу есьці. На сьняданак была гумавая каша з катлетай, якой не наясіся. Таму я сказаў, што спачатку трэба пад’есьці, а потым весьці размовы», — успамінае Павал.

«Удалося ўкрасьці са сваёй перадачы 4 сьнікерсы»

25 дзён Павал правёў у камэры адзін, пасьля да яго падсялілі чалавека, затрыманага за разбой, а затым яшчэ аднаго «палітычнага». Ад яго ён даведаўся пра тое, што адбываецца на волі.

Перадачы ў ізалятар Паўлу прыходзілі ад брата, там былі цёплыя рэчы і харчы.

«Я прыходзіў на склад, дзе ляжалі перадачы. У канцы першага тыдня мне аддалі туалетную паперу, зубную пасту і мыла. На другі тыдзень ужо далі шкарпэткі, швэдар і ручнік, — кажа Павел. — Харчы я бачыў, але іх не аддавалі. Я іх нават бачыў у сьне. Першыя два тыдні яшчэ больш-менш, быў нейкі запас тлушчу ў арганізьме. А ў апошнія было ўжо вельмі цяжка. За час зьняволеньня я схуднеў на 8 кіляграмаў, важыў 80, а выйшаўшы быў 72. Проста марыў пра гэтую ежу, ня мог наесьціся, калі выйшаў. Я спытаў у начальніка ізалятара, чаму не аддаюць харчы. Ён сказаў: «Без камэнтароў».

Павал кажа, што яму ўдалося ўкрасьці са сваёй перадачы 4 сьнікерсы.

«Самае лепшае, што адбывалася ў ізалятары, гэта калі табе трапляла нешта салодкае, а шакаляд — гэта як гармон шчасьця. Я на тры дні расьцягваў маленькі сьнікерс, націраў ім батон, і калі ўвечары ясі яго з вадой, то ўжо было весялей».

Павал згадвае, як у першыя дні ў ізалятары спачатку клаў пад галаву пратакол, бо было нязручна ляжаць на халодным. Потым некалькі дзён пад галаву падкладаў скарынку батона.

«Потым ужо батон заставаўся на вячэру. Днём хлеб дзяліў на некалькі разоў. Усяго тры кавалачкі хлеба на дзень давалі: паўтары лусты ў абед, палову лусты ўвечары і адзін кавалачак на сьняданак. Паміж сьняданкам і абедам праходзіла ад васьмі да дзесяці гадзін. Есьці вельмі хацелася, таму даводзілася расьцягваць. У камэры не было волкасьці, таму пачаў сухарыкі рабіць, — кажа Павел. — За ўвесь час я паўбохана хлеба выпрасіў у ахоўнікаў, яны выдалі як з барскага пляча, лішні заставаўся. І потым яшчэ амаль цэлы батон аднойчы аддалі. Практычна на тыдзень яго расьцягнуў. Карацей сядзеў, як граф Монтэ-Крыста».

«Хадзіў, размаўляў сам з сабой, складаў кнігу і ліст»

За 39 дзён Паўла ніводнага разу ня вывелі на шпацыр. З вакна ён бачыў шэрую агароджу, а зьнізу крыху было відаць блакітнае неба.

«У траўні было вельмі холадна, спаў у двух швэдрах і дзьвюх куртках, двух штанах, трох парах шкарпэтак. У чэрвені зімовай курткай накрываўся замест коўдры. Два разы за ноч прыходзілі будзіць і некалькі разоў за ноч уключалі халодную вэнтыляцыю».

Паводле Паўла, у тым, што ты адзін у камэры, ёсьць пэўныя выгоды: ня трэба было есьці з адной міскі разам зь іншымі вязьнямі. Таксама было лягчэй дыхаць, бо не было суседзяў-курцоў. Да таго ж у камэры ўсім хочацца пахадзіць, паадціскацца.

Ліставацца не было магчымасьці, асадку зь перадачы не аддалі, паперы не было. Павал мяркуе, што і яму наўрад ці нехта пісаў лісты. Яму не давалі кніг, коўдры і кіпеню.

«Калі там нічым не займацца, то можна звар’яцець. Хадзіў, размаўляў сам з сабой, складаў кнігу і ліст, — кажа Павел. — Я хацеў напісаць ліст Віктару Бабарыку, але раней ня ведаў, як пачаць і што напісаць, бо не разумееш, што адбываецца там, у якіх умовах чалавек. Цяпер я зразумеў, што можна напісаць і як маральна падтрымаць. Усе разумеюць, што справа Бабарыкі палітычна матываваная. Ён пайшоў на выбары не дзеля грошай, а дзеля таго, каб нешта памяняць у гэтай краіне. Дзеля людзей усё, што меў, страціў у адзін момант. Лічу сваім абавязкам яго падтрымліваць».

Паводле Паўла, начальнік міліцыі падчас допыту сказаў, маўляў, жыцьця вам тут ня будзе, паедзеце жыць у Польшчу, вы ўсе змагары, вам тут няма чаго рабіць.

«Я казаў, што я не „змагар“ ці якісьці актыўны ўдзельнік. Я разумею, што было шмат пытаньняў ад таго, што вісеў сьцяг у двары нашага шматкватэрнага дома. Але гэты сьцяг быў у гісторыі нашай краіны! Аднак пераканаць іх немагчыма, — кажа Павел, — Як сказаў начальнік міліцыі, гэтае 9 траўня вы запомніце на ўсё астатняе жыцьцё. Сапраўды забыць такое немагчыма. Гэта досьвед, які мы набываем. Магчыма, яго было атрымліваць балюча і некамфортна, крыху здароўе пахіснулася, у дзяцей і ў мяне, але мы гэты досьвед атрымалі так, як ёсьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG