Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі і я зьеду, то хто застанецца?» Жонка затрыманага рэдактара «Нашай Гісторыі» Андрэя Дынько распавяла пра ператрус


Андрэй Дынько, архіўнае фота

Сярод затрыманых 8 ліпеня супрацоўнікаў «Нашай Нівы» — галоўны рэдактар «Нашай гісторыі», а таксама дзіцячых часопісаў «Дуда», і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько.

Яго жонка Натальля Дынько ў сваім фэйсбуку напісала, як праходзіў ператрус у іх дома.

«У вашага мужа вельмі вялікая бібліятэка, мы тут надоўга», — сказалі ёй пры ператрусе. Паводле Натальлі, агулам ператрус доўжыўся каля 4.5 гадзінаў, у яе таксама забралі тэлефоны і працоўны ноўтбук.

«Ён мог зьехаць, але застаўся. Бо любіць Беларусь. Мы зь ім размаўлялі на гэту тэму пасьля разгрому тутбая. Тады ён сказаў: „Пачобуту прапанавалі зьехаць, але ён застаўся“. І яшчэ пахаваньне Ашурка яго спыніла, так мала там было людзей, бо шмат хто ўжо зьехаў», — піша Натальля пра мужы.

Паводле яе, Андрэй Дынько падчас той размовы сказаў: «Калі і я зьеду, то хто застанецца?»

8 ліпеня ўлады заблякавалі сайт аднаго з самых папулярных незалежных мэдыя Беларусі «Наша ніва», у рэдакцыі і ў журналістаў выданьня прайшлі ператрусы.

Супраць 4 чалавек, зьвязаных з «Нашай нівай», вядуцца сьледчыя дзеяньні — рэдактара сайту Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўнай бухгальтаркі"Нашай нівы" Вольгі Раковіч. Яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Ператрусы таксама вяліся ў сувязі са справай паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Міністэрства інфармацыі паведаміла, што блякавала рэсурс nn.by «на падставе апавяшчэньня Генэральнай пракуратуры ў сувязі з разьмяшчэньнем інфармацыі, распаўсюд якой забаронены пунктам 1 артыкулу 38 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Ранейшы перасьлед «Нашай нівы» і журналістаў выданьня

  • 19 траўня дадому да галоўнага рэдактара «Нашай нiвы» Ягора Марціновіча прыходзілі сілавікі. Пра гэта яму паведамілі суседзі. Дома нікога не было. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, але ня быў зьвязаны з «Нашай нівай».
  • Яшчэ ў красавіку Эканамічны суд Менску аштрафаваў «Нашу ніву» на 300 базавых велічынь (8700 рублёў) фармальна за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць» — за друкаваньне 20 асобнікаў газэты на прынтэры. Суд даў штраф, хоць падатковая інспэкцыя так і не знайшла доказаў, што прадпрыемства «Суродзічы», якое надрукавала газэту, атрымала хоць які даход ад друку.
  • Акрамя таго, шэраг буйных кнігарняў, у тым ліку «Акадэмкніга», адмовіліся прадаваць часопіс «Наша гісторыя», які выпускае рэдакцыя «Нашай нівы».
  • Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч у інтэрвію Свабодзе паведамляў, што пасьля падзей жніўня 2020 году ніхто з супрацоўнікаў рэдакцыі ня звольніўся. Пры гэтым усе 20 супрацоўнікаў пабывалі на допытах у Сьледчым камітэце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG