Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік зь СІЗА: «Ператрусы, разьдзяваньні, голыя прысяданьні. Усё гэта моцна б’е па годнасьці»


Ігар Лосік стаіць у цэнтры, суд 24 чэрвеня 2021

Палітвязень Ігар Лосік, якога цяпер разам з «камандай Ціханоўскага» судзяць на закрытым працэсе ў Гомлі, апісаў у лісьце, як абыходзяцца ў СІЗА-3 з палітвязьнямі.

«Тут акрамя года незаконнага зьняволеньня і закрытага „суду“ вырашылі дабіць яшчэ зьнявагай чалавечай годнасьці. Па-першае, бясконцыя разьдзяваньні, прысяданьні ў голым выглядзе, суправаджэньне ў кайданках у позе „ластаўка“, як быццам я нейкі асабліва небясьпечны злачынец.

Раз ці два на тыдзень у камэры пастаянныя ператрусы з трыбушэньнем усіх рэчаў. Незразумела, што хочуць знайсьці — думаюць, я нешта з сабой зраблю (гэта пасьля выпадку як Латыпаў сабе горла парэзаў на судзе). Я, вядома, нічога такога не зьбіраўся рабіць, але шчыра скажу, такія дзеяньні вельмі зьневажальныя і моцна бʼюць па чалавечай годнасьці, і таму гэтым самадурствам яны могуць прывесьці да адваротнага эфэкту.

З гэтымі сталымі ператрусамі і разьдзяваньнем адчуваю сябе як вязень у Асьвеньціме, толькі што залатых каронак ня выдзіраюць», — напісаў Ігар Лосік жонцы Дарʼі ў лісьце 4 ліпеня.

  • Працэс у справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава пачаўся ў Гомлі 24 чэрвеня. Ён праходзіць у закрытым рэжыме ў памяшканьні СІЗА-3.
  • Усе шасьцёра былі затрыманыя ў траўні-чэрвені 2020 году і абвінавачаныя па шэрагу крымінальных артыкулаў, такіх як «масавыя беспарадкі», «перашкода працы ЦВК», «распальваньне сацыяльнай варожасьці».
  • Распачаты працэс – самы значны ў так званай «справе Ціханоўскага», адной з найбольш маштабных крымінальных справаў у 2020-2021 гадах у РБ. Большасьць яе фігурантаў (паводле дадзеных праваабаронцаў – каля 30 чалавек) ужо асуджаныя.
  • Палітвязень Сьцяпан Латыпаў, пра якога піша ў лісьце Ігар Лосік, 1 чэрвеня падчас паседжаньня суду ў Менску спрабаваў забіць сябе – уторкнуў асадку сабе ў горла. Пасьля здарэньня Латыпава праапэравалі ў адным зь менскіх шпіталяў, а потым зноў перавялі ў СІЗА.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG