Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Баўгарыі: надзея на новую эру без шматгадовага прэм’ера


Парлямэнцкія выбары ў Баўгарыі, 11 ліпеня 2021

Парлямэнцкія выбары ў Баўгарыі могуць прывесьці да зьмены ўлады пасьля амаль 12-гадовага кіраваньня Бойка Барысава. Пратэставы рух мае намер аддаць экс-прэмʼера пад суд за карупцыю і злоўжываньні

Пра сёньняшнія парлямэнцкія выбары ў Баўгарыі, другія за гэты год, піша DW.

Калі якасьць дэмакратыі ацэньваць паводле колькасьці выбараў, то ў Баўгарыі сёлета справы ідуць добра. 11 ліпеня баўгары ўжо другі раз у 2021 годзе абіраюць новы парлямэнт у спадзяваньні, што па выніках галасаваньня атрымаецца сфармаваць дзеяздольны ўрад.

«Галоўнае пытаньне выбараў — якім чынам можа адбыцца зьмена ўлады пасьля амаль 12-гадовага кіраваньня былога прэмʼер-міністра Бойка Барысава (сышоў у адстаўку ў траўні гэтага году. — DW). Гаворка ідзе аб пераходзе ад так званай "стабілакратыі" Барысава, адзначанай, з аднаго боку, палітычнай і эканамічнай стабільнасьцю, а з другога — карупцыяй і злоўжываньнем паўнамоцтвамі, а таксама тым, што ўлада была цалкам "заточаная" пад прэмʼера», — патлумачыла DW Вэсэла Чэрнэва, кіраўніца сафійскага офісу Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў.

Баўгар хвалююць карупцыя, злоўжываньне ўладай, прававая рэформа, экалёгія, а таксама ўсё яшчэ адсутны нацыянальны плян выкарыстаньня сродкаў ЭЗ для пераадоленьня наступстваў пандэміі.

Пратэсты супраць прэмʼера Барысава

У вонкавай палітыцы падчас выбарчай кампаніі ў Баўгарыі ішлі дыскусіі пра расейскі ўплыў, а таксама пра канфлікт з суседняй Паўночнай Македоніяй, які датычыць пытаньняў ідэнтычнасьці, мовы і гісторыі. Цяпер Баўгарыя блякуе ўступленьне гэтай былой рэспублікі Югаславіі ў Эўразьвяз.

Бойка Барысаў галасуе на датэрміновых выбарах, Сафія, 11 ліпеня 2021
Бойка Барысаў галасуе на датэрміновых выбарах, Сафія, 11 ліпеня 2021

Самі выбары пройдуць пад знакам масавых пратэстаў супраць Бойка Барысава, кажа Парван Сімэёнаў, дырэктар баўгарскага аддзяленьня сацыялягічнай службы Gallup International. Гэтыя пратэсты пачаліся роўна год таму з патрабаваньня адстаўкі прэмʼер-міністра і генэральнага пракурора Івана Гешава. Абодвух іх праціўнікі вінавацяць у карупцыі, палітычным свавольстве і парушэньні прынцыпаў прававой дзяржавы.

Зьніклыя мільёны і сачэньне за пратэставым рухам

Пераходны ўрад, прызначаны неўзабаве пасьля красавіцкіх выбараў прэзыдэнтам Румэнам Радэвым — адкрытым праціўнікам Бойка Барысава, — знайшоў дастаткова сьведчаньняў таго, што толькі падчас рамонтных работаў на вадасховішчах у прамым сэнсе слова растварыліся сотні мільёнаў эўра.

Акрамя таго, пасьля зьмены ўраду высьветлілася, што за лідэрамі пратэставага руху па ўказаньні генпракурора Гешава вялося сачэньне на аснове сумнеўнага падазрэньня ў тым, што падчас пратэстаў рыхтуецца дзяржаўны пераварот.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі пратэставага руху патрабуюць правядзеньня расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці Бойка Барысава. Паводле Сімэёнава, пратэсты, зьвязаныя зь імі эмоцыі і палітызацыя моладзі зьяўляюцца асноўнымі фактарамі сёньняшніх выбараў.

Ці змогуць пратэставыя партыі атрымаць большасьць у парлямэнце?

Асноўная інтрыга нядзельных выбараў — як будзе выглядаць перазагрузка ўлады. «Упершыню за апошнія дзесяць гадоў зьявілася рэальная магчымасьць завяршыць пэрыяд кіраваньня Барысава. Выбаршчыкі настроены супраць старых партыяў і на карысьць новых, якія ўзьніклі падчас пратэстаў», — кажа Сімэёнаў. Аднак незразумела, ці можа зь іх сфармавацца ўстойлівая парлямэнцкая большасьць і ці здольныя яны стварыць дзеяздольны ўрад. Пасьля красавіцкіх выбараў урад не змаглі сфармаваць ні іх пераможца Барысаў зь яго партыяй «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі», ні іншыя партыі.

Станіслаў Трыфанаў
Станіслаў Трыфанаў

Асноўным супернікам Барысава зьяўляецца папулісцкая партыя «Ёсьць такі народ», па выніках выбараў у красавіку яна заняла другое месца. Яе заснавальнік і кіраўнік Станіслаў Трыфанаў «ня толькі вонкава нагадвае Бойка Барысава ў маладосьці», лічыць Сімэёнаў. Галоўнае пытаньне цяпер: ці зможа «Ёсьць такі народ» набраць больш галасоў, чым у красавіку, і разам з малымі пратэставымі партыямі атрымаць большасьць.

Аднак, як адзначае Сімэёнаў, ніколі ня варта скідаць з рахункаў Бойку Барысава: «У 2013 годзе ён ужо быў у сытуацыі, падобнай да цяперашняй. А праз год ізноў моцна сядзеў у сядле». Яго партыя апошнімі гадамі фактычна была дзяржаўнай партыяй, і ў яе ўсё яшчэ трывалыя пазыцыі ў рэгіёнах і на мясцовым узроўні, у органах дзяржаўнага кіраваньня і ў бізнэсе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG