Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Віктара Бабарыку этапавалі ў наваполацкую калёнію


Віктар Бабарыка падчас агучваньня выраку Вярхоўным судом. Менск, 6 ліпеня 2021 году.

Палітзьняволены Віктар Бабарыка ня мае права на абскарджваньне свайго выраку, бо яго вынес Вярхоўны суд.

6 ліпеня пасьля агучваньня выраку ў 14 гадоў пазбаўленьня волі экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку», удзельніка выбарчай кампаніі 2020 году Віктара Бабарыку перавялі зь СІЗА КДБ у сьледчы ізалятар №1 Менску.

12 ліпеня абаронцы Віктара Бабарыкі зьвярнуліся ў СІЗА №1 г. Менску для наведваньня падабароннага (мінулы раз яны наведвалі яго там 9 ліпеня). Аднак ім адказалі, што Віктар Бабарыка этапаваны ў ПК №1 у г. Наваполацк. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Віктара Бабарыкі.

6 ліпеня Вярхоўны суд агучыў вырак палітвязьню, экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку.

Судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі прызначыў для Віктара Бабарыкі пакараньне ў 14 гадоў зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

Віктар Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы заявілі аб палітычных матывах справы.

Абаронца Бабарыкі адвакат Дзьмітры Лаеўскі пасьля агучваньня выраку заявіў:

«Мы будзем дамагацца адмены абвінаваўчага прысуду ўсімі магчымымі даступнымі сродкамі прававой абароны. Апэляцыйнага абскарджваньня наш падабаронны пазбаўлены ў гэтым выпадку. Таму прысуд у найбліжэйшы час будзе абскарджаны ў парадку нагляду. Таксама мы будзем ставіць пытаньне аб парушэньні правоў Віктара Бабарыкі перад камітэтам правоў чалавека ААН».

Аднак менская калегія адвакатаў выключыла Лаеўскага са свайго складу, ён больш ня можа бараніць Віктара Бабарыку і іншых вязьняў.

Хто такі Віктар Бабарыка?

  • Палітык, бізнэсовец, удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году, былы старшыня «Белгазпрамбанку». Нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў Менску.
  • Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам» (дачкой расейскага «Газпромбанку»). Ён падтрымліваў грамадзкія праекты – культурны хаб «ОК16» у Менску, форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», міжнародны дабрачынны фонд «Шанс», выданьне кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Пры спрыяньні «Белгазпрамбанку» ў Беларусь вярнуліся карціны мастакоў Парыскай школы.
  • 12 траўня 2020 году Віктар Бабарыка публічна заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы. Бабарыкаў затрымалі па дарозе ў выбаркам, куды яны везьлі сабраныя подпісы за вылучэньне Бабарыкі-старэйшага кандыдатам у прэзыдэнты. 20 чэрвеня Віктара Бабарыку ўзялі пад варту.
  • На 19 чэрвеня колькасьць пададзеных штабам Бабарыкі ў выбаркамы подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты склала 283 000 пры неабходных 100 тысячах (паводле штабу, агульная колькасьць подпісаў складала 434 985).
  • Цэнтравыбаркам адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на падставе ліста Камітэту дзяржкантролю пра нібыта атрыманыя ім незаконныя прыбыткі.
  • Падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 году Віктар Бабарыка разам зь іншымі вязьнямі пабываў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля яе некаторыя з удзельнікаў выйшлі на волю.
  • Судовы працэс у справе «Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага 2021 году. У справе праходзілі Віктар Бабарыка, 6 топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» і заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг». Усе, апроч Віктара Бабарыкі, прызналі сваю віну, шасьцёра падчас сьледзтва падпісалі дасудовыя пагадненьні.
  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў легалізацыі сродкаў (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Бабарыка не прызнаў віны і назваў свой перасьлед палітычным.
  • Палітвязень Віктар Бабарыка 6 ліпеня 2021 году асуджаны Вярхоўным судом на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Суд таксама прысудзіў Бабарыку штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь і пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на пяць гадоў.
  • Для адбыцьця пакараньня палітыка накіравалі ў калёнію №1 у Наваполацку.
  • Amnesty International назвала Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку вязьнямі сумленьня. Арганізацыя лічыць, што Бабарыку, ягонага сына, сяброў каманды і былых калег затрымалі ў сфабрыкаванай эканамічнай справе, каб выключыць Бабарыку з прэзыдэнцкай гонкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG