Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 12 ліпеня: вобшукі ў жонкі берасьцейскага праваабаронцы, культуроляга Зарэцкую аштрафавалі на 2900 рублёў


Суд у Менску. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваецца перасьлед за выказваньне грамадзянскай пазыцыі, штодзённа адбываюцца арышты людзей і ператрусы ў іх дамах. Свабода сочыць за падзеямі.

Культуролягу і экспэрту ў этыкеце, прадстаўніцы асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксане Зарэцкай прысудзілі 100 базавых штрафу (2900 рублёў). Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Нашай нівы».

Зарэцкую затрымалі ў сярэдзіне чэрвеня разам зь сябрамі на онлайн-прэм’еры спэктакля «Белы трус, Чырвоны трус». На ўсіх склалі пратаколы аб адміністрацыйным парушэньні нібыта за несанкцыянаваны сход. Пяць гледачоў адбылі па 15 сутак.

Міліцыянты сьцьвярджалі, што Зарэцкая нібыта лаялася, білася, ірвала на міліцыянце вопратку і ўпіралася нагамі пасля затрымання на паказе спэктаклю.

Берасьце

Днём 12 ліпеня да Маргарыты Вялічкінай — жонкі праваабаронцы і кіраўніка берасьцейскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімера Вялічкіна — супрацоўнікі КДБ прыйшлі зь ператрусам па двух адрасах, паведамляе «Вясна».

Гэта ўжо другі ператрус у сям'і праваабаронцы: 16 лютага падчас масавай атакі на праваабаронцаў і актывістаў у Вялічкіных таксама праводзіўся ператрус у межах арт. 342 КК. Сам Уладзімер зьехаў ад перасьледу зь Беларусі яшчэ ўзімку, аднак у інтэрвію Свабодзе праваабаронца падкрэсьліваў, што, нягледзячы на эміграцыю, працягвае сваю дзейнасьць.

«Таксама дапамагаю ўсім тым, з кім быў у кантакце раней, — казаў тады Ўладзімер Вялічкін. — У нас працуе чат, дзе каля 1300 чалавек. Тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій і каму патрэбна дапамога, менш не становіцца. Яны задаюць пытаньні і атрымліваюць неабходныя кансультацыі ад людзей з падобным досьведам альбо ад адміністратараў чату».

Працу ў праваабарончай арганізацыі «Вясна» Ўладзімер Вялічкін пачаў у 1998 годзе. За гэты час улады неаднаразова аказвалі на яго ціск.

Дзяржынскі раён

Раніцай у пасёлку Энэргетыкаў Дзяржынскага раёну затрымалі 26-гадовага Максіма Шыпова. Мяркуецца, што яго зьвезьлі ў Дзяржынск. Прычына затрыманьня пакуль невядомая.

Мазыр

Сёньня ў Мазыры адбыліся ператрусы мінімум у шасьці чалавек, паведамляе Тэлеграм-канал @belsat. Кожнага вазілі на допыт. Некаторыя ўжо выйшлі, некаторыя яшчэ не. Ва ўсіх забіралі тэлефоны.

Магілёў

Дадому да магілёўскага журналіста і праваабаронцы Сашы Райкона (Буракова-малодшага) прыходзілі курсанты зь міліцыі, піша MAYDAY. У кватэру, дзе прапісаны Саша, заявіліся некалькі чалавек у міліцэйскай форме, якія прадставіліся курсантамі Магілёўскага інстытута МУС. Будучыя сілавікі першапачаткова растлумачылі сваю мэту візіту як устанаўленьне, ці ёсць сярод тых, хто пражывае ў кватэры, — беспрацоўныя. Аднак наступныя пытаньні тычыліся толькі Райкона — курсантаў цікавіла, дзе знаходзіцца малады чалавек і ягоны актуальны нумар мабільнага тэлефона. Пры гэтым, апавяшчэньняў аб уключэньні ў «базу дармаедаў» у сям’ю ніколі не прыходзіла. Пераканаўшыся, што Сашы дома няма, курсанты сышлі.

Менск

Як паведамілі Свабодзе, актыўнага каталіцкага верніка Руслана Ташцімірава сёньня забрала КДБ, канфіскавалі ўсе бел-чырвона-белыя сьцягі, кампутар, тэлефон. Руслан — бацька 10 дзяцей. Ён стваральнік групы малітвы за Беларусь «Сьвятое Пісаньне за Айчыну» у вайберы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG