Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра крызіс у Беларусі: «Мы ня можам заставацца маўклівымі сьведкамі»


Тадэвуш Кандрусевіч справа

Традыцыйны «Купалаў фэст» адзначылі ў радашкавіцкім касьцёле 11 ліпеня. Падчас яго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра грамадзка-палітычны крызіс у Беларусі, перадае Catholic.by.

Фэст традыцыйна праводзіцца ў ліпені пры касьцёле, дзе ахрысьцілі Янку Купалу. Сёлета ў ім прынялі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і паэт Уладзімер Някляеў.

У сваёй казані Кандрусевіч закрануў пытаньне грамадзка-палітычнага крызісу ў краіне. Ён заўважыў, што асабісты лёс чалавека і лёс грамадзтва залежыць ад саміх людзей.

Герарх запытаўся, ці хочуць прысутныя зьмяніць сваё духоўнае жыцьцё на лепшае, ці выбіраюць жыцьцё ў граху, і выказаў думку, што ад гэтага залежыць будучыня.

«Грамадзка-палітычны крызіс, які мы цяпер перажываем, гэта вынік нашага грахоўнага жыцьця і патаптаньня асноватворнага хрысьціянскага прынцыпу: „Не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш, каб табе рабілі“. Таму ў нашым грамадзкім жыцьці мы ня можам заставацца маўклівымі сьведкамі граху і несправядлівасьці», — заўважыў герарх. На ягоную думку, вырашыць крызіс мірна можна шляхам навяртаньня, прабачэньня і паяднаньня.

  • Летась 31 жніўня памежнікі не прапусьцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
  • Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі і заклікаў яго спыніць.
  • Амаль праз чатыры месяцы за мяжой, напярэдадні Раства, 24 сьнежня, Тадэвушу Кандрусевічу дазволілі вярнуцца ў Беларусь.
  • 3 студзеня, у дзень, калі мітрапаліту Менска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, папа Рымскі Францішак прыняў ягоную адстаўку і прызначыў адміністратарам архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG