Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 млн эўра і патрулі. Чым яшчэ Эўразьвяз дапаможа Літве ў вырашэньні міграцыйнага крызісу


Пабудова загароды з калючага дроту на літоўска-беларускай мяжы

Фабрыс Лежэры, дырэктар Эўрапейскага агенцтва па бясьпецы зьнешніх межаў Frontex, заявіў, што Эўразьвяз станоўча адказаў на просьбу Літвы дапамагчы чалавечымі і тэхнічнымі рэсурсамі дзеля кантролю літоўска-беларускай мяжы ў сувязі з патокам мігрантаў зь Беларусі.

Пра гэта Фабрыс Лежэры заявіў 12 ліпеня на сумесным пасяджэньні камітэтаў Эўрапарлямэнту па замежных справах і па грамадзянскіх свабодах, юстыцыі і ўнутраных справах, паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Чым канкрэтна дапамогуць

«Мы атрымалі запыт на разгортваньне пастаяннай групы [на мяжы зь Беларусьсю. — РС]. Запыт тычыўся 30 супрацоўнікаў памежнай службы, памежнага нагляду, 14 патрульных машын і аднаго транспартнага сродку цеплавога бачаньня, аднаго верталёта», — сказаў Лежэры.

«Да 14 ліпеня, а значыць, да сярэдзіны гэтага тыдня, мы чакаем, што ў Літве будзе 10 дадатковых супрацоўнікаў пастаяннай групы другой катэгорыі, якіх можна будзе разьмясьціць са зброяй для патруляваньня сухапутнай мяжы, а таксама шэсьць афіцэраў першай катэгорыі, якія могуць палепшыць збор зьвестак і аналіз рызыкі. У наступныя дні ў нас зьявяцца дадатковыя патрульныя машыны, і мы разьлічваем, што вельмі хутка зьявяцца 13 патрульных машын Frontex», — удакладніў Лежэры.

«Вельмі важным момантам зьяўляецца фінансавая падтрымка. Эўрапейская камісія гатовая падтрымаць Літву ў рэагаваньні на гэтую надзённую сытуацыю і забесьпячэньні найбольш актуальных патрэб уцекачоў сродкамі ў памеры 10 мільёнаў эўра», – сказала эўракамісарка па ўнутраных справах Ільва Югансан.

Сьведчаньні мігрантаў

Выступаючы на згаданым пасяджэньні, міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце сказала:

«Беларускія памежнікі выдатна ведаюць пра кантрабанду мігрантаў і, магчыма, нават удзельнічаюць у гэтым. Некаторыя нерэгулярныя мігранты заяўлялі ў сваіх інтэрвію, што людзі, якія носяць вайсковую форму, удзельнічаюць у працэсе і аддаюць загады».

«Закрыць усходнеэўрапейскі шлях»

«Нам патрэбна адчувальная палітычная, фінансавая і апэратыўная падтрымка, каб разьвязаць цяперашнюю сытуацыю і прадухіліць яе далейшае пагаршэньне. Разам нам трэба спыніць гэты паток, закрыць гэты ўсходнеэўрапейскі шлях і прадухіліць другаснае перамяшчэньне ў іншыя дзяржавы ЭЗ. Лукашэнка не павінен мець магчымасьці пагражаць Эўразьвязу міграцыяй», — падкрэсьліла Білатайце.


Візавы рэжым для беларусаў пад пагрозай

Тым часам эўракамісарка па ўнутраных справах Ільва Югансан ня выключыла магчымасьці, што праз сытуацыю на літоўска-беларускай мяжы Эўразьвяз прыпыніць выдаваньне візаў беларусам.

«Я адказваю і за візавую палітыку, і я павінна сказаць, што гатовая разгледзець магчымасьць дзеяньняў па прыпыненьні візавага рэжыму датычна Беларусі ў гэтай сытуацыі. Зразумела, мы павінны забясьпечыць падтрыманьне кантактаў з шараговымі беларусамі. Тым ня менш я лічу, што гэтае пытаньне можна разгледзець», — сказала Югансан.

Падобным чынам выказаўся і кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль, які 12 ліпеня заявіў, што ЭЗ разглядае магчымасьць далейшых захадаў супраць Беларусі.

  • Сёлета колькасьць нерэгулярных мігрантаў, якія прыбываюць у Літву празь Беларусь, перасягнула 1600 чалавек. Гэта ў 22 разы больш, чым летась.
  • Плот на мяжы зь Беларусьсю, які хоча пабудаваць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.
  • У чэрвені і ліпені Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам санкцый Беларусь ня будзе абараняць Эўропу ад нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і кантрабанды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG