Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суд над маладосьцю». Вынесьлі выракі ў «справе студэнтаў»


Справа студэнтаў

У Савецкім раённым судзе Менску 16 ліпеня вынесьлі прысуды ў «справе студэнтаў».

16 ліпеня судзьдзя Савецкага суду Менску Марына Фёдарава агучыла выракі ў «справе студэнтаў». Усім фігурантам справы прысудзілі па 2,5 года зьняволеньня. 2 гады атрымаў Глеб Фіцнэр, адзіны, хто прызнаў віну. Менавіта столькі запрасілі пракуроры Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.

10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу прызналі вінаватымі ў арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Большасьць з 12 абвінавачаных затрымаў КДБ яшчэ 12 лістапада 2020 году.

Амаль нікога са слухачоў не пусьцілі на абвяшчэньне прысуду — толькі блізкіх сваякоў. Спасылаліся на недахоп месцаў. Таксама ў суд прыехалі паслы Чэхіі, Швэцыі, ЗША і Вялікай Брытаніі, але іх не пусьцілі таксама. У калідоры суду была чарга больш за 50 чалавек.

Звонку стаяць тры мікрааўтобусы з АМАПам, тэрыторыю вакол суду патрулюе міліцыя.

«Суд над маладосьцю» — так яшчэ называюць «справу студэнтаў» — пачаўся 14 траўня і суправаджаўся затрыманьнямі. На працэс у Доме правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі ў Менску пускалі толькі па двое сваякоў на аднаго абвінавачанага — больш нібыта няма месцаў.

Каго асудзілі

На лаве падсудных былі 12 чалавек:

  • Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
  • Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
  • Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
  • Ягор Канецкі, студэнт БДУ;
  • Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
  • Ільля Трахтэнберг, студэнт БДУ;
  • Вікторыя Гранкоўская, студэнтка БНТУ;
  • Анастасія Булыбенка, студэнтка БНТУ;
  • Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
  • Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР;
  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў;
  • Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ.

У чым вінавацілі

Падсудных абвінавацілі ў змове, ажыцьцяўленьні злачынства групай асобаў і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 КК, максымальнае пакараньне — да 3 гадоў пазбаўленьня волі).

З 1 верасьня да канца 2020 году ў менскіх ВНУ амаль штодня праходзілі акцыі салідарнасьці. Студэнты і выкладчыкі зьбіраліся ўнутры будынкаў (на лесьвічных пралётах, у холах), а таксама каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, сьпявалі песьні, пляскалі або стаялі моўчкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Сама меней сто студэнтаў розных ВНУ адлічылі, крымінальныя справы, паводле Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, завялі сама меней на 40 студэнтаў.

Усіх фігурантаў праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі.

Віну пры гэтым прызнаў толькі Глеб Фіцнер, астатнія фігуранты справы катэгарычна адмаўляюць абвінавачаньні і настойваюць на сваёй невінаватасьці.

Што падсудныя казалі на слуханьнях

Марыя Каленік

Марыя Каленік
Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марыя Каленік у сваім апошнім слове гаварыла пра Беларусь, яе будучыню, і пра тое, як яе выхоўвалі ў любові да сваёй краіны. Яна адзначыла, што 8 месяцаў знаходзілася ў зьняволеньні разам зь людзьмі, якія «таксама пацярпелі за выказваньне сваёй пазыцыі». Таксама яна заявіла, што «ня можа прызнаць віну», як і яе паплечнікі.

Ксенія Сырамалот

Ксенія Сырамалот
Ксенія Сырамалот

Падчас судовых слуханьняў студэнтка філязофскага факультэту БДУ Ксенія Сырамалот падкрэсьлівала, што ў словах пра Канстытуцыю, сказаных у відэазвароце, які сілавікі лічаць адным з актаў крымінальнай справы, няма нічога кепскага. У відэа, паводле яе, дэкляраваліся канстытуцыйныя каштоўнасьці.

Кася Будзько

Кася Будзько
Кася Будзько

Актывістка Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Кася Будзько вельмі хвалявалася перад апошнім словам, таму чытала з паперы. Яна адзначыла, што беларускае грамадзтва дагэтуль баіцца праблем, заплюшчваючы вочы на відавочныя выпадкі парушэньня сваіх правоў у спадзеве неяк ператрываць цяжкасьці і пазьбегнуць пагаршэньня сытуацыі. На думку Будзько, гэта марны шлях. Студэнтка ўпэўненая, што салідарнасьць беларусаў абавязкова дасьць плён.

Ягор Канецкі

Ягор Канецкі
Ягор Канецкі

На першым допыце ў КДБ Ягор Канецкі прызнаваў віну ў выстаўленым абвінавачаньні і абяцаў «у далейшым супрацоўнічаць са сьледзтвам». Аднак ужо падчас наступнага допыту Ягор віны ў арганізацыі несанкцыянаваных акцый на факультэце не прызнаў. Таксама адмаўляў, што быў знаёмы з асобнымі фігурантамі справы, у прыватнасьці зь Філатчанкавай і Гебрэмарыям, пасьлядоўна не прызнаваў віны ў «арганізацыі беспарадкаў». Студэнт біялягічнага факультэту адмовіўся ад апошняга слова.

Глеб Фіцнер

Глеб Фіцнэр
Глеб Фіцнэр

Студэнт лінгвістычнага профілю Глеб Фіцнер заявіў, што раскайваецца і абяцае не парушаць закону. Ён адзіны, хто цалкам прызнаў віну.

Ільля Трахтэнбэрг

Ільля Трахтэнбэрг
Ільля Трахтэнбэрг

«Хай бы знайшлі хоць аднаго студэнта, які пайшоў на акцыю пад уплывам маіх допісаў», — так адлічаны з БДУ і пасаджаны ў турму студэнт Ільля Трахтэнбэрг адрэагаваў на закіды КДБ. Ён ня бачыў сваёй віны ні ў чым з прад’яўленага і выказаў упэўненасьць, што, незалежна ад прысуду, застанецца свабодным чалавекам. Крымінальную справу Трахтэнбэрг назваў выключна палітычна матываванай, падобныя перакананьні выказвалі і іншыя падсудныя.

Вікторыя Гранкоўская

Вікторыя Гранкоўская
Вікторыя Гранкоўская

Адну з найлепшых студэнтак БНТУ Вікторыю Гранкоўскую адлічылі з унівэрсытэту, хаця да свайго арышту яна атрымлівала падвышаную стыпэндыю. На апошнім слове яна гаварыла празь сьлёзы, згадаўшы бабулю, якая вучыла яе не мірыцца з прыніжэньнем. Таксама яна ўспомніла сваё затрыманьне 1 верасьня, калі яе цягнулі па ўнівэрсытэцкім двары двое невядомых. Яна заявіла, што пасьля падзей жніўня 2020 году стала баяцца людзей зь сілавых структураў.

Анастасія Булыбенка

Анастасія Булыбенка
Анастасія Булыбенка

Студэнтка Анастасія Булыбенка прызналася, што і пасьля 8 месяцаў за кратамі ёй усё яшчэ балюча, «аднак ужо ня страшна». Яна выходзіла на пратэст «супраць гвалту, беззаконьня і маны». Лічыць, што пацярпела за свабоду думкі, паколькі закону не парушала.

Яна Арабейка

Яна Арабейка
Яна Арабейка

У студэнткі БДПУ Яны Арабейкі падчас аднаго з паседжаньняў выніклі праблемы з сэрцам, зь ёй працавалі мэдыкі. Абвінавачаньні яна адпрэчвае, заяўляючы, што «час за кратамі не пераканаў у тым, што страх лепшы за давер».

Вольга Філатчанкава

Вольга Філатчанкава
Вольга Філатчанкава

Выкладчыца Вольга Філатчанкава ў судзе наракала на тое, што празь дзеяньні Лукашэнкі і яго памагатых шмат беларусаў вымушана пакінулі радзіму. Яна выказала надзею, што неўзабаве ўсё зьменіцца і людзі будуць жыць у «краіне, пабудаванай нашымі рукамі». Філатчанкава лічыць, што фігуранты справы выказваліся ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і ніякага злачынства ў іх дзеяньнях няма.

Алана Гебрэмарыям

Алана Гебрэмарыям
Алана Гебрэмарыям

Выпускніца МДЛУ і давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Алана Гебрэмарыям адзначыла, што спэцслужбы так і не прадставілі ані на сьледзтве, ані ў судзе якіх-кольвечы доказаў яе дзейнасьці ў «арганізацыі беспарадкаў». Для ўсіх падсудных Алана запатрабавала апраўдальнага прысуду і ў канцы прамовы сказала, што ганарыцца тым, што яна беларуска.

Тацяна Якельчык

Тацяна Якельчык
Тацяна Якельчык

Таксама запатрабавала апраўданьня для ўсіх і, у прыватнасьці, для сябе, Тацяна Якельчык. Паводле матэрыялаў, сабраных сьледчымі, Тацяна Якельчык зьмяшчала зьвесткі аб затрыманьнях студэнтаў, навіны пра акцыі і паведамленьні пра чаяваньні. Дзяўчына заявіла, што ня лічыць сябе вінаватай ні ў чым, што ёй ставяць у віну.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG