Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлетка з эпілепсіяй асудзілі на 1,5 года за «гвалт над міліцыянтамі». Раней ён атрымаў 5 гадоў за «масавыя беспарадкі»


Мікіта Залатароў. Гомель, 14 ліпеня.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 14 ліпеня вынес прысуд у крымінальнай справе 17-гадовага Мікіты Залатарова.

За «гвалт над міліцыяй» — напад на канваіраў СІЗА — суд пакараў падлетка пазбаўленьнем волі на 1,5 года. У лютым Мікітау Залатарова асудзілі на 5 гадоў за «масавыя беспарадкі».

З улікам зьменаў у заканадаўстве, падлетку пералічылі тэрмін, які ён правёў у СІЗА да суду (дзень у СІЗА за два дні ў калёніі), і ў выніку ён будзе сядзець 4,5 года. У яго эпілепсія. На цяперашнім судзе ён заяўляў, што яго працягваюць біць у СІЗА.

Кампэнсацыю для пацярпелых канваіраў суд зменшыў з тысячы да 500 рублёў кожнаму.

Непаўналетні палітычны вязень Мікіта Залатароў.
Непаўналетні палітычны вязень Мікіта Залатароў.

Справу разглядае судзьдзя Віктар Казачок. Абвінаваўца — супрацоўнік пракуратуры Раман Грамыка. Адвакат — Сяргей Красноў. Пацярпелыя — супрацоўнікі СІЗА Лучкін, Хацкоў, Хаўбок.

Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Яму было 16 гадоў. Падлетка абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлем Молатава»). Паводле новага абвінавачаньня Мікіту пагражае да 6 гадоў.

У пастанове аб накіраваньні справы пракурору гаворыцца, што асуджаны Мікіта Залатароў «пэўных высноў для сябе не зрабіў, на шлях перавыхаваньня ня стаў».

«21 сакавіка Залатароў, які знаходзіўся ў службовым кабінэце псыхалягічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў установы і прайсьці ў камэру № 103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізычную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверху. Аднак непаўналетні зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі», — пішацца ў абвінавачаньні.

Таксама падлетак, на думку сьледзтва, выказаў пагрозы гвалту ў бок супрацоўніцы СІЗА Хаўбок.

Адзін з пацярпелых сказаў, што канфлікт пачаўся таму, што Мікіта не хацеў вяртацца ў брудную камэру (там рамантавалі сантэхніку).

«Камэры ў нас прыбіраюць самі асуджаныя, так што ён незаконна патрабаваў. Я выконваў загад начальства, калі вёў яго з камэры псыхоляга ў камэру з прымяненьнем сілы», — зазначыў супрацоўнік СІЗА.

Ён паскардзіўся, што Мікіта хапаў яго за валасы, за вуха, сарваў маску, а лежачы на падлозе, брудна лаяўся і выказваў пагрозы. Пацярпелыя ацанілі свае маральныя пакуты ў 1000 рублёў кожны.

«Я амаль два месяцы сядзеў адзін і ўжо проста не вытрымліваў. Я баюся заставацца адзін, у мяне эпілепсія. Таблеткі даюць нерэгулярна. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ — хто дапаможа? Я адмовіўся ісьці ў брудную камэру з кабінэта псыхоляга. Мне пачалі пагражаць, заламалі рукі, я спрабаваў вызваліцца, у гармідары выйшла так, што паставіў падножку, сарваў маску, але я ня біў супрацоўнікаў», — патлумачыў абвінавачаны.

У апошнім слове ён казаў, што ня справіўся з эмоцыямі, прасіў строга не караць яго і выбачаўся перад канвойнымі.

Адвакат у спрэчках заўважыў, што доўгае ўтрыманьне пад вартай, стан здароўя паўплывалі на псыхаэмацыйны стан падлетка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG