Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі 14 ліпеня: 8 праваабаронцаў «Вясны» пад вартай, ператрусы адбыліся ў 23 арганізацыях

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Таксама стала вядома, у якіх яшчэ арганізацыях напярэдадні прайшлі ператрусы.

14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама дваіх былых сяброў «Вясны». Восем праваабаронцаў затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў) на 72 гадзіны.

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны»
  • Валянцін Стэфановіч, сябра Рады, намесьнік старшыні «Вясны»
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
  • Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
  • Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
  • Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
  • Яўгенія Бабаева, праваабаронца (грамадзянка Расеі)
  • Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны» (Горадня)

Таксама на 72 гадзіны затрымалі жонку Уладзімера Лабковіча Ніну Лабковіч. Яна — дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band.

Пасьля ператрусаў і допытаў вызвалілі праваабаронцу «Вясны» з Барысава Алега Мацкевіча, праваабаронцу са Смаргоняў Алеся Дзергачова, былога сябра «Вясны» з Воршы Васіля Леўчанкава, праваабаронцу і рэдактара Orsha.eu Ігара Казьмерчака.

Былую сяброўку «Вясны» Марыну Статкевіч з Барысава ўчора ўвечары выпусьцілі пасьля допыту, але сёньня зноў выклікалі ў Сьледчы камітэт. Яна знаходзіцца на допыце ўжо каля 5 гадзін, піша «Вясна».

«Белсат» даведаўся, што 14 ліпеня міліцыянты правялі ператрусы ў кватэры старшыні і намесьніка старшыні моладзевай арганізацыі «Новые лица». У іх забралі статут арганізацыі, дакумэнты, чэкі за старыя пераводы не зьвязаныя з арганізацыяй. «Вясна» даведалася, што ператрус учынілі і ў «Офісе дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт».

Без прысутнасьці ўдзельнікаў ініцыятывы Youth Labour Rights правялі ператрус у офісе гэтай арганізацыі. Яе заснавальніца і дырэктарка Крысьціна Рыхтэр пацьвердзіла факт ператрусу, паведаміўшы, што даведалася пра яго ад арэндадаўцы памяшканьня. У якой справе прыходзілі зь ператрусам, невядома.

Пра ператрус па юрыдычным адрасе ПЭН-цэнтру заявіла яго прадстаўніца Тацяна Нядбай. Паводле яе інфармацыі, у дачыненьні да арганізацыі прымяняецца 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Агульны сьпіс арганізацый, дзе 14 ліпеня ўлады ўчынілі ператрусы, уключае ў сябе 23 найменьні:

  1. Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  2. Праваабарончая арганізацыя Lawtrend;
  3. Беларускі Хэльсынскі камітэт;
  4. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»;
  5. Дабрачынны праект «Имена»;
  6. Праваабарончая пляцоўка «Тэрыторыя правоў»;
  7. Праваабарончая арганізацыя «Гендэрныя пэрспэктывы»;
  8. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ);
  9. Саюз беларускіх пісьменьнікаў;
  10. Партыя БНФ;
  11. Рух «За свабоду»;
  12. Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC;
  13. Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый;
  14. ГА «Цэнтар „Трэці сэктар“» з Горадні;
  15. Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя»;
  16. Грамадзкае аб’яднаньне «Фонд імя Льва Сапегі»;
  17. Адукацыйны цэнтар «ПОСТ»;
  18. Менскі офіс сацыялягічнай лябараторыі Novak;
  19. Аб’яднаная грамадзянская партыя;
  20. Моладзевая арганізацыя «Новые лица»;
  21. Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт»;
  22. Ініцыятыва Youth Labour Rights;
  23. Беларускі ПЭН-цэнтар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG