Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рада культуры падвяла вынікі працы: дапамаглі звыш 600 творцам


Сяргей Будкін, старшыня Беларускай рады культуры

За апошнія 10 месяцаў палітычных рэпрэсій Беларускай радзе культуры з дапамогай неабыякавых людзей удалося падтрымаць звыш 600 чалавек са сфэры культуры.

«За час пратэстаў у межах кампаніі салідарнасьці разам зь беларускімі творцамі мы правялі 10 аўкцыёнаў на суму 15 000 даляраў. Сярод лотаў — рок-карона ад гурту N.R.M., кніга Сьвятланы Алексіевіч з пэрсанальным подпісам, карціна Вольгі Якубоўскай ды іншае. Таксама прайшлі дзесяткі дабрачынных трансьляцый канцэртаў і спэктакляў», — сказаў у інтэрвію «Польскаму радыё» кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Сабраныя такім чынам сродкі прызначаюцца на пільныя патрэбы паасобных артыстаў (мэдычная дапамога, аплата штрафаў ці паслуг адваката), а таксама на падтрымку культурных праектаў, напрыклад дуэту Маргырыты Ляўчук і Андрэя Павука «Красная зелень», цыклю «Казкі з Маляванычам» Аляксандра Ждановіча ці падрыхтоўку спэктакляў з удзелам рэпрэсаваных актораў і трупаў, якія не пабаяліся выказаць грамадзянскую пазыцыю пасьля драматычных падзеяў 2020 году.

«Мы ладзім, між іншым, вялікі праект „Артысты перамогі“, калі запрашаем вядомага музыку сыграць у студыі, выступіць з найлепшымі песьнямі. Усе грошы, якія падчас трансьляцыі ахвяруюць людзі, мы высылаем чалавеку, якому патрэбна пільная падтрымка», — удакладніў Сяргей Будкін.

Беларускіх рэпрэсаваных артыстаў можна падтрымаць, проста паглядзеўшы любую трансьляцыю канцэрту ці спэктаклю на YouTube-канале Беларускай рады культуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG