Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч у Бэрліне не пусьцілі на самалёт, бо яна нібыта «мела пры сабе бомбу»


Сьвятлана Алексіевіч ва Ўроцлаве. Фота: Fundacja Olgi Tokarczuk

Учора да поўначы Сьвятлана Алексіевіч мела ляцець з Бэрліну ва Ўроцлаў на імпрэзу з удзелам іншай нобэлеўскай ляўрэаткі, польскай пісьменьніцы Вольгі Такарчук. На лётнішчы яе затрымалі з прычыны таго, што пры ёй, маўляў, была бомба. Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку Фундацыя Вольгі Такарчук.

Пісьменьніцу адпусьцілі, калі самалёт быў адляцеў. Бомбы не знайшлі. Арганізатары ўроцлаўскай імпрэзы «Пратэст Алексіевіч і Такарчук» паслалі ноччу ў Бэрлін аўтамабіль, якім беларуская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі даехала да Ўроцлава.

Па дарозе яна дала кароткае інтэрвію супрацоўніцы Фонду Вольгі Такарчук і ўроцлаўскага Дому літаратуры, перакладчыцы Яне Карпенцы.

— Што здарылася на лётнішчы ў Бэрліне?

— Гісторыя ў стылі Лукашэнкі. У аэрапорце ў Бэрліне, калі я ўжо здала асноўны багаж, падчас кантролю бясьпекі мае рэчы, якія я паклала на канвэер і чакала, прайшоўшы рамку, раптам узялі, затрымалі і праверылі яшчэ раз. Я падумала, што так часам бывае. Можа, я забылася выняць парфуму або нейкую іншую драбязу. Чакаю даволі доўга, бо там затрымлівалі даволі шмат людзей і правяралі багаж. Нейкія надта асьцярожныя былі нашы правяральнікі. Нарэшце супрацоўнік аэрапорту зноў бярэ маю торбу, падазрона глядзіць на яе і зноў правярае нейкім інструмэнтам. А паказвае мне, што адкрые. Я кажу: калі ласка. Я хацела яму дапамагчы, але ён сам адкрыў. І калі адкрыў, раптам рэзка адкінуў тую торбу...

— Вы паверылі, што гэта была яго сапраўдная рэакцыя?

— Так. І мне было сапраўды цікава, чаму ён так адрэагаваў. Мне сказалі, што трэба пачакаць. Я падумала, што гэта вельмі дзіўная сытуацыя. Я ня ведала, што адбываецца. Чакаю і чакаю... Нарэшце кажу, што я ўжо ня толькі не дайду, але нават не пасьпею дабегчы да свайго самалёта. Ніякай рэакцыі. Праз доўгі час падыходзіць нейкая пані, таксама са службы аэрапорту, і становіцца побач са мной. Я пытаюся: „Што здарылася?“ А яна адказвае, што мы чакаем паліцыю. Мяне гэта зьдзівіла — чаму менавіта паліцыю?

Стаім далей, бо той паліцыянт вельмі доўга да нас ішоў, уласна гэта была паліцыянтка, маладая жанчына, немка. Мы чакалі яе больш за паўгадзіны. Яна была ветлівая. Я падумала, што яна хоча яшчэ раз праверыць мае рэчы. Але яна нават не дазволіла наблізіцца да іх. Таму я зноў пытаюся, у чым тут справа? Паліцыянтка паказвае на маю торбу і кажа, што там бомба! Я кажу, што яны, напэўна, звар’яцелі.

Потым прыходзіць наступны чалавек зь нейкім інструмэнтам і зноў правярае. Паліцыянтка кажа аднаму з інспэктараў высыпаць усё, што ў маёй торбе, у кантэйнэр. Ён гэта робіць, яна зазірае туды і бачыць сярод іншага прэс-карту, якую я мела пры сабе. Нейкі час размаўляюць... І яна дае знак, што тут усё ў парадку. А потым у мяне ўзялі іншую сумачку, дзе мой пляншэт, нейкія кнігі, нататнік, які я ўзяла з сабой. Яны ўсё гэта праверылі, бомбы не было, і кажуць, што я ўжо магу ісьці. Яны не папрасілі прабачэньня, не пракамэнтавалі. На гэты момант да адлёту заставалася 5 хвілін. У мяне не было шанцаў пасьпець.

— Ніхто сапраўды не зацікавіўся гэтай сытуацыяй, ніхто нічога не сказаў?

— Ужо было позна, супрацоўнікаў амаль не было, лётнішча было амаль пустое. Я нават ня ведала, куды ісьці. Я хацела атрымаць інфармацыю, спытацца, ці магу я ляцець нейкім наступным рэйсам, але я нікога не знайшла. Ніякага інфармацыйнага пункту. Я патэлефанавала агентцы і яшчэ маёй сяброўцы, якая прыехала па мяне.

А потым была яшчэ адна гісторыя з асноўным багажом, які я зарэгістравала і які мы шукалі зь сяброўкай. І зноў — усё зачынена, нікога няма... Нарэшце нам удалося знайсьці пункт прыёму. Мы падыходзім туды, і да нас выходзіць жанчына — як высьветлілася, расейка з Чалябінску, якая мяне пазнала. Яна паабяцала напісаць скаргу на гэтую сытуацыю.

Незалежна ад прычын, зь якіх мяне затрымалі ў гісторыі з бомбай у сумачцы, гэта магла быць зарадная прылада ... А з другога боку — сёньня ўсе возяць зарадныя прылады. У любым выпадку, я атрымала свой багаж і яго зноў праверылі. І толькі тая жанчына, якая выдавала, папрасіла прабачэньня. Апрача яе, больш ніхто.

— Як вы ацэньваеце гэтую сытуацыю?

— Гэтыя людзі адчуваюць неабмежаваную ўладу і ўсьведамляюць, што не панясуць за гэта ніякай адказнасьці. Тым ня менш я ніколі яшчэ зь нечым такім не сутыкалася.

— Як вы сябе адчуваеце цяпер, пасьля начной паездкі на машыне, ужо ва Ўроцлаве?

— Крыху стомленая, але гэта нічога. Я бачу вельмі прыгожы горад, і ён мне падабаецца.

***

Радыё Свабода накіравала ў аэрапорт Бэрліну запыт з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю вакол Сьвятланы Алексіевіч і дзеяньні службы бясьпекі. Прэс-служба лётнішча Бэрлін-Брандэнбург даслала адказ:

«Мы можам пацьвердзіць правядзеньне паліцыйнай апэрацыі на лётнішчы. Просім вас зразумець, што гэтай справай займалася Нямецкая фэдэральная паліцыя. Таму мы ня маем больш падрабязнай інфармацыі і з увагі на бясьпеку і абарону дадзеных ня можам мець доступу да інфармацыі пра асобаў, які датычыць гэтая справа. Калі ласка накіруйце ваша пытаньне прэс-службе Нямецкай фэдэральнай паліцыі».

Мы накіравалі аналягічны запыт Нямецкай фэдэральнай паліцыі і атрымалі гэткі адказ:

«Пасьля падрабязнага высьвятленьня фактаў я магу пацьвердзіць, што пасажырка прыбыла ў пункт кантролю авіяцыйнай бясьпекі ў аэрапорце BER 14 ліпеня 2021 году за 20 хвілін да заплянаванага вылету. У сувязі з рутыннай праверкай ручной паклажы асыстэнты авіяцыйнай бясьпекі выклікалі супрацоўнікаў фэдэральнай паліцыі. Супрацоўнікі прыбылі ў пункт кантролю за кароткі час і клясыфікавалі багаж як бясшкодны, пасьля чаго пасажырка змагла працягнуць сваё падарожжа.

Позьняе прыбыцьцё падарожніцы ў пункт кантролю авіяцыйнай бясьпекі прывяло да таго, што рэйс быў прапушчаны. Фэдэральная паліцыя не нясе адказнасьці за гэты факт.

Акрамя таго, я хацеў бы паведаміць вам, што ў Бэрлінскі фэдэральны аддзел паліцыі 14 ліпеня 2021 году ў аэрапорце Бэрлін-Брандэнбург не паступала інфармацыі або папярэджаньня аб пагрозе бомбы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG