Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выганяла палітыкаў з этэру, адмаўлялася гаварыць па-ўкраінску. 6 фактаў пра ўкраінскую вядоўцу «Славянскага базару»


Сцэна амфітэатру ў Віцебску, дзе праводзіцца фэстываль

Летась упершыню за апошнія некалькі гадоў на сцэну «Славянскага базару ў Віцебску» вярнуўся Дзень украінскай культуры. Тады, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, у Беларусь прыехала вялікая каманда ўкраінскіх выканаўцаў.

Пасьля канцэрту ўкраінцы перадалі Віцебскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу пяць музычных інструмэнтаў, і інфармацыю пра гэта актыўна распаўсюджвалі дзяржаўныя СМІ Беларусі

Сёлета прысутнасьць украінцаў была пад пагрозай зрыву — спачатку ад удзелу ў фэсьце адмовіліся сьпевакі, а потым і вядучыя.

Але арганізатарам усё ж удалося выратаваць ідэалягічны тэзіс пра «адзінства культур трох славянскіх народаў». За дзень да адкрыцьця фэсту стала вядома, што на «Славянскі базар» едзе ўкраінская дэлегацыя пад кіраўніцтвам прадусара Ўлада Багінскага, а на сцэну выйдуць і ўкраінскія сьпевакі, і ўкраінская вядоўца Дыяна Панчанка.

Што пра яе вядома? Свабода сабрала некалькі фактаў пра яе прафэсійную дзейнасьць.

Юрыст, выдавец, рэдактар

Дыяна мае дзьве вышэйшыя адукацыі паводле спэцыяльнасьцяў «выдавецкая справа і рэдагаваньне» і «права».

Працавала спачатку ў выданьні «Газета по-українськи», а потым на муніцыпальным тэлеканале «Київ». Але найбольшую вядомасьць яна атрымала пасьля пераходу на працу на тэлеканал NewsOne, які зьвязваюць з Віктарам Медзьведчуком — лідэрам прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» і кумам расейскага прэзыдэнта Пуціна.

З 2 лютага сёлета канал спыніў вяшчаньне на падставе адпаведнага рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. Пазьней супраць Віктара Медзьведчука завялі крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе.

На абароне Медзьведчука

Пасьля закрыцьця гэтага тэлеканалу Дыяна перайшла на працу на іншы канал, які зьявіўся сёлета ў этэры — «Першы незалежны» (яго таксама зьвязваюць зь Віктарам Медзьведчуком).

У часе сваёй тэлевізійнай кар‘еры на телеканале NewsOne зь ёй зьвязана некалькі скандалаў.

У ліпені 2019 году яна выгнала з этэру вядомага ўкраінскага палітыка Валерыя Івасюка (быў дэпутатам Вярхоўнай рады Ўкраіны першага скліканьня, працаваў на пасадзе міністра аховы здароўя і дарадцам Віктара Юшчанкі ў часе ягонага прэзыдэнцтва).

Дыяна патрабавала ад рэжысэраў выключыць мікрафон у палітыка пасьля таго, як ён выказаў думку, што канал папулярызуе і рэклямуе дзейнасьць партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё», каб яна вярнулася да ўлады.

У верасьні 2020 году пад такія ж «санкцыі» трапіў яшчэ адзін колішні дэпутат — Юры Бублік, які прадстаўляе партыю «Свабода». Канфлікт адбыўся пасьля таго, як палітык назваў выканаўца Сьвятаслава Вакарчука «патрыётам у адрозьненьні ад Медзьведчука». А калі Дыяна Панчанка з гэтым не пагадзілася, Юры Бублік сказаў, што «ейным ротам кажа Медзьвядчук». На гэта яна адрэагавала так: «Сыходзьце ўжо, спадар Бублік. Нікому вы нецікавыя. Адна дзірка, больш нічога».

Адмаўлялася гаварыць па-украінску

У кастрычніку 2018 году ў этэры каналу NewsOne назвала «фрыкам» украінскую дзіцячую пісьменьніцу Ларысу Ніцой, якая папрасіла Дыяну Панчанку весьці этэр па-ўкраінску. Пасьля адмовы Ларыса Ніцой пакінула тэлестудыю.

«Чалавек году» і «Журналіст году»

У 2019 годзе Дыяна Панчанка стала ляўрэаткай нацыянальнага конкурсу «Чалавек году» у намінацыі «Журналіст году». Сваё жыцьцёвае крэда яна сфармулявала так: «Усё будзе правільна — на гэтым пабудаваны сьвет». І яшчэ прызналася, што яе галоўная мара — весьці этэр з украінскага Данецку.

У 2020-м паводле вэрсіі чытачоў часопісу «Фокус» заняла сёмае месца ў рэйтынгу найбольш уплывовых жанчын Украіны.

Зь кім сябруе

У Фэйсбуку мае амаль пяць тысяч сяброў, сярод якіх ёсьць і даволі адыёзныя асобы — блогер Анатоль Шарый, якога Ўкраіна абвясьціла ў вышук паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама шэраг дэпутатаў парлямэнцкай фракцыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» — Юры Паўленка, Натальля Каралеўская, былы кіраўнік Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі Аляксандар Папоў.

Сярод сяброў — былы журналіст украінскага тэлеканалу «Інтэр» Максім Раўрэба, які адразу пасьля рэвалюцыі годнасьці зьехаў спачатку ў Данецк, у так званую «ДНР», а потым пераехаў у Беларусь у Гомель, адкуль пад псэўданімам «Максім Максімаў» піша для расейскага сайту ukraina.ru, забароненага ва Ўкраіне.

«Мы прыехалі не да Лукашэнкі»

Раней трансьляцыю канцэртаў зь віцебскага фэсту ажыцьцяўляла дзяржаўная тэлекампанія Ўкраіны. Сёлета эксклюзіўнае права атрымаў тэлеканал «Першы незалежны», на якім працуе Дыяна Панчанка і які зьвязваюць зь Віктарам Медзьведчуком.

Анансуючы адкрыцьцё фэстывалю, Дыяна падкрэсьліла, што як грамадзянка Ўкраіны ня мае права выказваць сваё меркаваньне пра сытуацыю ў Беларусі, бо яна там не жыве.

«Калі з дыпляматыяй у нашых палітыкаў сёньня ня ўсё добра, то мы мусім рабіць усё, каб наладзіць сувязі паміж краінамі», — перакананая Дыяна Панчанка.

Адказваючы на крытыку ва Ўкраіне яе згоды выступіць у якасьці вядоўцы на «Славянскім базары», журналістка заявіла: «Я вельмі хацела б давесьці усім, хто лічыць, што мы не павінны быць тут, што мы прыехалі не да Лукашэнкі, не да кагосьці іншага. Мы прыехалі да людзей».

Паводле яе, у канцэрце возьмуць удзел і ўкраінскія выканаўцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG