Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падляскі музэй адлічбаваў тэатральныя дэкарацыі Язэпа Драздовіча, створаныя ў 1933 годзе


Тэатральная дэкарацыя «Замчышча». Фота Радыё Рацыя.

Беларусы Беластоку шмат гадоў дамагаюцца рэстаўрацыі тэатральных палотнаў, музэй абяцае зрабіць гэта, а пакуль адлічбаваў дэкарацыі.

У адказ на зварот беларусаў Беластоку Падляскі музэй адлічбаваў тэатральныя дэкарацыі, створаныя знакамітым мастаком Язэпам Драздовічам. Цяпер яны даступныя ў інтэрнэце, інфармуе Радыё Рацыя.

У сакавіку 1933 году беларускі мастак Язэп Драздовіч на запрашэньне акруговай управы Таварыства беларускай школы прыехаў зь Вільні ў Беласток, дзе ствараў дэкарацыі для спэктакляў, якія ладзіла драматычная сэкцыя Таварыства беларускай школы. Стварэньне дэкарацыяў Драздовіч апісаў у сваім дзёньніку.

Мастак намаляваў двухбаковыя палотны: «Беларуская вёска з вуліцай», «Краявід», «Пушча» і «Замчышча».

У 1936 годзе карціны перадалі беларускаму актывісту Канстанціну Сідаровічу, і больш за 30 гадоў яны праляжалі на гарышчы яго прыватнага дома. Пазьней уладальнікам дэкарацый стала Галоўная ўправа Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Беластоку. У 60–70-х гадах яны часамі выкарыстоўваліся БГКТ падчас культурніцкіх мерапрыемстваў.

Тэатральная дэкарацыя «Вясковая вуліца» 1933 году
Тэатральная дэкарацыя «Вясковая вуліца» 1933 году

У 2002 годзе гісторык Алена Глагоўская са студэнтамі Беластоцкага ўнівэрсытэту паказалі палотны на выставе беларускай міжваеннай культуры, што праходзіла ў Музэі імя Альфонса Карнага. Пасьля яны вярнуліся ў БГКТ, дзе далей захоўваліся на паддашшы таварыства. У 2015 годзе БГКТ перадала тэатральныя дэкарацыі Падляскаму музэю ў Беластоку.

Плянавалася, што іх адрэстаўруюць і выставяць у музэі. Пакуль на рэстаўрацыю не хапае сродкаў, аднак музэй абяцае справіцца з задачай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG