Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш за 4 тысячы пацыентаў за тры тыдні». Як працуе сэрвіс «Тэлемэдыцына», які дае працу рэпрэсаваным лекарам


Акцыя салідарнасьці мэдыкаў у Віцебску, жнівень 2020 году

Тры тыдні таму пачаў працу праект «Тэлемэдыцына». Кожны ахвотны можа атрымаць празь яго дапамогу ад лекара. Кансультацыі цалкам бясплатныя, але вітаюцца ахвяраваньні. Кожнае зь іх ідзе на падтрымку рэпрэсаваных лекараў.

Пасьля выбараў 2020 году каманда «Голасу» ў большай сваёй частцы захавалася. Цяпер, апрача самой плятформы, празь якую яе стваральнікі стараюцца даносіць важныя навіны да беларусаў, яна аказвае тэхналягічную дапамогу шэрагу праектаў. Адным з такіх праектаў, у супрацы з Фондам мэдычнай салідарнасьці, стала «Тэлемэдыцына».

Любы чалавек, запісаўшыся праз сайт okdoc.me, можа атрымаць ананімную бясплатную кансультацыю лекара ў рэжыме чату. Магчымы і званок, але форму камунікацыі выбірае лекар. Сыстэма абсалютна ананімная, ніякія пэрсанальныя дадзеныя пры карыстаньні сэрвісам не зьбіраюцца. Фонд мэдычнай салідарнасьці забясьпечвае сэрвіс інфармацыяй, што лекар сапраўды мае адпаведную кваліфікацыю і спэцыялізацыю, расказвае распрацоўнік плятформы «Голас» Павел Лібер.

«За 3 тыдні нашыя лекары правялі каля 1300 кансультацыяў»

«Мы выявілі, што вялікая колькасьць людзей прыходзіць скарыстацца гэтай дыстанцыйнай кансультацыяй, таму што не для ўсіх тыпаў кансультацый патрэбная абавязковая фізычная прысутнасьць. Калі трэба нешта спытаць у пэдыятра, то мая жонка робіць здымак нейкай высыпкі ў дзіцяці і загружае ў сэрвіс. Лекар паглядзеў і кажа, што рабіць», — кажа Лібер.

Сёньня ў «Тэлемэдыцыне» прадстаўленыя ўжо амаль 30 розных спэцыялізацыяў лекараў. Ад дактароў, якія могуць параіць нешта наконт каранавіруснай інфэкцыі, і да вельмі рэдкіх спэцыялізацыяў, як патолягаанатам.

«Праект праіснаваў толькі тры тыдні, і мы лічым яго выхад калясальным посьпехам. Мы атрымалі больш за 4 тысячы пацыентаў, а за 3 тыдні нашыя лекары правялі каля 1300 кансультацыяў», — расказвае Лібер.

Парады лекараў бясплатныя. Але «Голас» рэкамэндуе рабіць ахвяраваньні ў Фонд мэдычнай салідарнасьці, які дапамагае лекарам, што пацярпелі ад рэпрэсій. У будучым стваральнікі плятформы хочуць прыйсьці да такой сыстэмы, калі карыстальнік зможа заплаціць лекару грошы наўпрост і такім чынам падтрымаць, калі той стаў ахвярай рэпрэсій. Пакуль жа праект некамэрцыйны.

«Мы вельмі спадзяёмся, што наша плятформа стане доўгатэрміновай. Магчыма, у будучыні яна зможа выкарыстоўвацца ў Беларусі як афіцыйная, бо цяпер гэта, па сутнасьці, наш маленькі стартап. Але ён працуе, і ім карыстаюцца. Гэта ня толькі зручна, але і бясьпечна. Хадзіць падчас пандэміі ў паліклініку, бадай, не найлепшая ідэя».

«Мы спрабуем збудаваць экасыстэму, у якой людзі ня будуць баяцца страціць працу»

Павел Лібер запэўнівае, што «Тэлемэдыцына» бясьпечная і з пункту гледжаньня абароны асабістых дадзеных. Ён кажа, што за год існаваньня «Голасу» на плятформу не было ўчынена аніводнай хакерскай атакі. Інфармацыю, якая зьяўлялася ў дзяржаўных СМІ, нібыта пра атрыманьне базы дадзеных «Голасу», Лібер называе ўкідамі. Калі карыстальнік не жадае пакідаць пэрсанальных дадзеных у «Тэлемэдыцыне», то ён іх не пакідае. Пацыент сам стварае лагін і пароль, паведамляць сваё сапраўднае імя няма патрэбы. Імя лекара на плятформе таксама не захоўваецца.

«Калі нейкія страшныя дзяржаўныя хакеры, зь якімі мы, дарэчы, пакуль ніколі і не сутыкнуліся і ня верым у іх існаваньне, калі яны скрадуць нашую базу дадзеных, то там яны нічога ня знойдуць. Менавіта таму мы і выкарыстоўваем падыход зь мінімальнай колькасьцю дадзеных. Адмыслова, каб гарантаваць людзям бясьпеку».

Павел Лібер разьлічвае, што «Тэлемэдыцына» стане доўгатэрміновым праектам. Цяпер распрацоўнікі рыхтуюцца запускаць новую функцыянальнасьць і чакаюць новай хвалі камунікацыі.

«Мы спрабуем ісьці па шляху стварэньня цікавых лічбавых прадуктаў, якія дапамагаюць грамадзтву вырашаць свае праблемы, закладаючы, магчыма, цагліны пад будучую лічбавую Беларусь», — кажа Лібер.

Пасьля таго як гэтая плятформа пасьпяхова запрацавала, стваральнікі «Тэлемэдыцыны» атрымалі прапанову адаптаваць яе для настаўнікаў, пазбаўленых ліцэнзій адвакатаў і іншых.

«Цяпер, хутчэй за ўсё, мы паспрабуем гэтую мадэль прымяніць у нейкіх прадуктах для іншых прафэсій. Мы хочам, каб чалавек зь любой прафэсіяй разумеў, што з дапамогай інтэрнэту ён зможа цалкам сябе пракарміць і не прыніжацца перад кіраўніцтвам у школе або не баяцца, што за нейкае неасьцярожнае выказваньне яго звольняць і нікуды ня возьмуць на працу. Бо менавіта так людзей запалохваюць. А мы спрабуем збудаваць экасыстэму, у якой людзі ня будуць баяцца страціць працу, бо мы зможам прапанаваць ім альтэрнатыву», — кажа Павел Лібер.

«Голос» працягвае таксама распрацоўваць прадукты, у якіх ён выступаў у якасьці партнэра. Гэта, напрыклад, Digital Solidarity — агрэгатар розных фондаў дапамогі, або Belarusdaily.org — таймлайн штодзённых пратэстаў.

Тэлемэдыцына — будучыня мэдыцыны пасьля пандэміі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG