Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад візыту Ціханоўскай у ЗША і чаму ён важны


Акцыя салідарнасьці беларусаў у ЗША

Неўзабаве пачнецца візыт у Злучаныя Штаты Амэрыкі Сьвятланы Ціханоўскай. Перад гэтым яна наведала дзясяткі эўрапейскіх краінаў, дзе нязьменна сустракала падтрымку і палітычных лідэраў, і грамадзтва.

Сьцісла:

  • Сёньня Ціханоўская ўспрымаецца на Захадзе як прадстаўніца беларускага народа, і гэта факт.
  • Лукашэнка залежны ад Пуціна, і Байдэн адзіны, хто можа паўплываць на гаспадара Крамля ў справе стаўленьня да Беларусі.
  • У Вашынгтоне мусяць памятаць, што ў свой час Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі.
  • Пры Лукашэнку ніякія выбары і рэфэрэндумы ня могуць лічыцца народным волевыяўленьнем.
  • У ЗША ўдзяляюць вялікую ўвагу падтрымцы грамадзянскай супольнасьці і грамадзкіх ініцыятываў.

Здаецца, што і прыхільнікі, і апанэнты Ціханоўскай (маю на ўвазе апанэнтаў зь ліку праціўнікаў Лукашэнкі) мусяць разумець важнасьць гэтага візыту мінімум зь дзьвюх прычынаў. Першая — Злучаныя Штаты застаюцца самай магутнай краінай сьвету, а Вашынгтон — цэнтрам прыняцьця найбольш важных палітычных рашэньняў (як той казаў, калі ў ЗША кашлянуць, у Эўропе валяцца з ног).

Другая — менавіта Сьвятлана Ціханоўская, падабаецца гэта каму ці не, на сёньняшні дзень заходнімі, у прыватнасьці амэрыканскімі, палітыкамі ўспрымаецца як рэпрэзэнтантка беларускага народу — на падставе таго, што прынята называць выбарамі ў жніўні 2020-га.

Цяжка не пагадзіцца з палітычным аналітыкам Віталём Портнікавым у тым, што галоўная праблема беларусаў не Лукашэнка, а Пуцін. Без падтрымкі гаспадара Крамля, зусім магчыма, ужо ў жніўні на чале беларускай дзяржавы была б іншая асоба. На сёньняшні дзень у сьвеце існуе толькі два лідэры, здольныя істотна паўплываць на пазыцыю Пуціна: Сі Цзіньпін і Джо Байдэн.

Пра аўтарытарны Кітай казаць ня будзем, што ж да ЗША, дык трэба разумець, што тэма Беларусі не была, ня ёсьць і ніколі ня будзе прыярытэтнай для Белага дому (такая краіна, як Беларусь, можа зрабіцца прыярытэтам толькі ў выпадку, калі ў ёй пачнуцца падзеі, падобныя на тое, што ў пачатку 90-х адбываліся ў рэспубліках былой Югаславіі ці сёньня ў Сырыі; гэтага вельмі не хацелася б). Гэта варта зразумець аднойчы і назаўсёды, але не рабіць з гэтай прычыны трагедыі. Для дэмакратычнага разьвіцьця краіны цалкам дастаткова сыстэмнай падтрымкі самай моцнай дзяржавы сьвету. А сёньня важна, каб Захад не пагадзіўся аддаць Беларусь у зону крамлёўскіх інтарэсаў, якія, як пацьвердзіў апошні артыкул Пуціна, цалкам укладаюцца ў азначэньне «імпэрскія».

Таму любое слова ў Вашынгтоне ў абарону беларускай незалежнасьці надзвычай важнае. Прычым вымаўленае ня толькі ў Белым доме, але і на якім заўгодна палітычным узроўні — у гутарках з сэнатарамі, кангрэсмэнамі, супрацоўнікамі Дзярждэпартамэнту, з экспэртнай супольнасьцю. У палітыцы вельмі часта вырашаюць нюансы, а здараецца, што і спалучэньне выпадковых фактараў.

Увогуле, асабістыя кантакты ў палітыцы — рэч ня другасная. Дзесяцігодзьдзямі такія кантакты ў Кангрэсе, Белым доме, Дзярждэпартамэнце ЗША падтрымлівалі сябры Рады БНР, актывісты беларускай дыяспары; падзеі апошняга году палітычна атывізавалі тых беларусаў Амэрыкі, якія раней палітыкай не цікавіліся.

Як выглядае, перад Ціханоўскай стаяць мінімальна тры задачы, якія могуць паўплываць на становішча Беларусі.

Стратэгічная — пацьвердзіць амэрыканскім палітыкам, што беларускае грамадзтва лічыць незалежнасьць краіны галоўным прыярытэтам.

І тут неабходна заўважыць, што Ціханоўская мае поўнае права патрабаваць ад амэрыканскіх палітыкаў гарантыяў падтрымкі беларускай незалежнасьці. Ціханоўская можа нагадаць сваім вашынгтонскім суразмоўцам, што ў свой час узамен за вывад ядзернай зброі Злучаныя Штаты, нароўні з Францыяй, Вялікай Брытаніяй і — як ні дзіўна гэта гучыць — Расеяй далі Беларусі гарантыі захаваньня сувэрэнітэту. У гэтым сэнсе часта прыгадваюць Будапэшцкі мэмарандум 1994 году, фармулёўкі якога да гэтага часу выклікаюць спрэчкі, Ведаю, што і ў Офісе Ціханоўскай некаторыя лічаць, што, паколькі гарантыі ў мэмарандуме канкрэтна ня вызначаныя, называць іх такімі не выпадае. Магчыма, у чыста юрыдычным сэнсе яны маюць рацыю. Магу толькі сказаць, што калі Вярхоўны Савет 12-га скліканьня на закрытым паседжаньні ў лютым 1993-га прымаў рашэньне аб вывадзе ядзернай зброі, тэрмін «гарантыі» з боку ЗША прысутнічаў (у тым ліку і ў выступе тагачаснага міністра замежных спраў Краўчанкі).

Дарэчы, Лукашэнка як дэпутат таксама галасаваў за вывад ядзернай зброі; ну а падпісваючы ў сьнежні 94-га ў Будапэшце мэмарандум, ён мусіў бачыць, што падпісвае. Ніхто не перашкаджаў яму як кіраўніку Беларусі запатрабаваць канкрэтных гарантый для краіны.

Таму, калі вашынгтонскія палітыкі кажуць, што «мы вам ніякіх гарантый не давалі», «пакажыце паперку» (а такое часам гучыць) — яны, даруйце за жыцьцёвую паралель, падобныя да жаніха, які папрасіў рукі дзяўчыны, атрымаў згоду бацькоў, увайшоў зь ёй у стасункі, значна далейшыя за пацалункі, а перад самой рэгістрацыяй адмовіўся і заявіў: «А я вам гарантый не даваў, пакажыце паперку!». Ці можна назваць такога суб’екта джэнтльмэнам?

Вось мне думаецца, што якраз ад Сьвятланы Ціханоўскай нагадваньне пра абяцаньні і джэнтльмэнства ў Вашынгтоне ўспрымуць значна лепей, чым каб гэта сказаў нехта іншы. Ва ўсякім разе, нагадаць пра тое, што Беларусь першай у сусьветнай гісторыі добраахвотна і без усякіх умоў адмовілася ад ядзернай зброі, будзе ня лішнім. Амэрыканцы ўмеюць лічыць грошы і могуць уявіць, колькі б каштавала сыстэма супрацьядзернай абароны ў выпадку, калі б некалькі дзясяткаў ядзерных боегаловак засталіся ў Беларусі.

На сустрэчы з Пуціным у Жэнэве Байдэн заявіў гаспадару Крамля, што сьмерць Навальнага ў турме вельмі дорага абышлася б Расеі. Магчыма, Ціханоўскай удасца пераканаць Вашынгтон вызначыць перад Масквой тыя «чырвоныя лініі», пазь якія ў дачыненьні Беларусі Пуцін пераступаць не павінен.

Яшчэ адна тэма — канстытуцыйная рэформа, пра якую гавораць Лукашэнка і Пуцін, і зьвязаны зь ёй рэфэрэндум.

Для амэрыканскіх палітыкаў няма нічога вышэйшага за Канстытуцыю і права народа на свабоднае волевыяўленьне. У нашым выпадку ключавым словам зьяўляецца «свабоднае». У Вашынгтоне мусяць разумець, што пры Лукашэнку ні пра якое свабоднае волевыяўленьне гаворкі ня можа быць паводле азначэньня, ён пацьвердзіў гэта 27 гадамі свайго кіраваньня.

На вялікі жаль, нельга лічыць апрыёры, што такое разуменьне гарантаванае. У кнізе «Дзевяноста шосты» я апісваю драматычны эпізод, калі на наступны дзень пасьля «канстытуцыйнага рэфэрэндуму» Дзярждэпартамэнт ЗША (не без уплыву расейскіх і лукашэнкаўскіх дыпляматаў) падрыхтаваў праект заявы, у якой выказвалася спадзяваньне, што дамоўленасьць паміж Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам пры пасярэдніцтве Крамля прывядзе да канструктыўнага вырашэньня канфлікту. Магчыма, на амэрыканскіх дыпляматаў магічна падзейнічала слова «рэфэрэндум» — у зьвязцы з іміджам Ельцына як «прыхільніка дэмакратыі». Праект атрымалі ўдзельнікі слуханьняў у Вашынгтоне, куды зь Нью-Ёрку прыехаў і Зянон Пазьняк. Пазьняк зьмяніў тэму свайго выступу і ўступіў у жорсткую дыскусію, у выніку чаго Дзярждэпартамэнт быў вымушаны кардынальна перагледзіць зьмест заявы. Як вядома, той рэфэрэндум быў прызнаны неканстытуцыйным, а сфармаваная на яго падставе «палата прадстаўнікоў» — нелегітымнай.

Лукашэнка кожны дзень дадае ўсё новыя аргумэнты, каб пераканаць вашынгтонскіх палітыкаў, што ніякія рэфэрэндуму ды выбары пры ім ня могуць быць нічым іншым, акрамя як зьдзекам з самога паняцьця «народнае волевыяўленьне». Да таго ж рэфэрэндум (як і выбары) — гэта ня толькі працэс галасаваньня, але і свабодная агітацыя «за» ці «супраць» у СМІ (чаго пры Лукашэнку не было, пачынаючы з першага рэфэрэндуму 1995 году).

(У дужках зазначу, што апошнія заявы некаторых прадстаўнікоў штабу Ціханоўскай прымушаюць меркаваць, што разуменьня гэтых ісьцін пакуль няма і ў іх: так, у інтэрвію Радыё Свабода прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Арцём Праскаловіч заклікаў беларусаў патрабаваць вынесьці на рэфэрэндум праект «Народнай Канстытуцыі» і нават дапусьціў кампанію па збору 450 подпісаў за такі рэфэрэндум. На маю думку, гэта амаль дакладна паўтарае памылку Вярхоўнага Савету ў тым жа 1996 годзе, калі ён вынес свой праект канстытуцыйных паправак разам з папраўкамі Лукашэнкі, заклікаў людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць, — вынік вядомы. У выпадку, калі б Сьвятлана Ціханоўская пагадзілася з такім варыянтам, гэта перакрэсьліла б усё тое станоўчае, што было зроблена).

І, нарэшце, яшчэ адзін аспэкт, які можа быць закрануты на сустрэчах з амэрыканскім палітыкамі — гэта дапамога беларускай грамадзянскай супольнасьці, якую ўлады паабяцалі зьнішчыць. Амэрыканцы традыцыйна надаюць вялікае значэньне грамадзкім ініцыятывам і лічаць сваім абавязкам падтрымку іх у тым ліку і зь дзяржаўнага бюджэту (уявіце, каб «Вясна», «Бацькаўшчына» ці БАЖ фінансаваліся зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі).

Гісторыя ўзаемадачыненьняў Беларусі і ЗША, якую можна сымбалічна адлічваць ад часоў Касьцюшкі, мела розныя этапы. Толькі вельмі кароткі час (1992–1993) Вашынгтон і Менск супадалі (і тое ня цалкам) у разуменьні неабходнасьці разьвіцьця дэмакратыі і выкананьня правоў чалавека. Аднак дэмакратычная супольнасьць Беларусі заўсёды адчувала падтрымку краіны, якая мала што цэніць нагэтулькі высока, як свабоду.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG