Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітыкі пра мяжу рэпрэсіяў і супраціў


Узламаныя і апячатаныя дзьверы ў менскім офісе Радыё Свабода. 16 ліпеня

Ці існуе мяжа рэпрэсіяў? Што можа зрабіць грамадзянская супольнасьць? Ці застаецца актуальнай прапанова аб дыялёгу з уладай?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў Праскім акцэнце адказваюць палітычныя аналітыкі Ян Аўсеюшкін і Віталь Цыганкоў.

Аўсеюшкін

  • Улады пакуль ня выбралі ўсе ліміты гвалту.
  • Яшчэ падчас падзеяў лета і восені мінулага году было зразумела, што як толькі яны «патушаць пажар», яны зоймуцца тым, што, на іх погляд, стала прычынамі «пажару».
  • І каб «выкарчаваць» тое, што яны лічаць прычынамі, яны будуць ціснуць, пакуль ня вырашаць, што поле дастаткова зачышчанае.
Ян Аўсеюшкін
Ян Аўсеюшкін
  • Для ўладаў «зачыстка» ня вырашыць праблему, бо нікуды ня зьнікнуць праблемы, якія спрабавалі вырашыць гэтыя грамадзкія арганізацыі.
  • Улады «зачысьцілі» тыя арганізацыі, якія працавалі ў легальным полі.
  • У адказ на запыт грамадзтва на ўзаемадапамогу будуць зьяўляцца новыя арганізацыі.
  • І яны будуць працаваць паводле партызанскіх, падпольных прынцыпаў.
  • Для мяне быў жудасны прыклад, калі раструшчылі тых, хто займаўся перадачамі вязьням за краты.
  • Гэтая ініцыятыва не была ж накіраваная супраць улады.
  • Улады ня могуць спыніць інфармацыю, але могуць абмежаваць яе распаўсюд.
  • Цяпер усе бачаць хвалю пагромаў сярод журналістаў і НДА. Але амаль ніхто ня ведае пра хвалю пагромаў актывістаў пратэставага руху, якія чынілі супраціў і якіх падазраюць у радыкальных дзеяньнях.
  • Гэта дзясяткі выклікаў на допыты, дзясяткі затрыманьняў.
  • Калі паглядзець на лічбы наведваньня палітычных сайтаў пасьля хвалі блякаваньняў, пасьля пагрому Tut.by, — яны зьнізіліся ў разы.
  • Ідуць пэўныя працэсы дэпалітызацыі грамадзтва, звужаецца аўдыторыя інфармацыйнай пратэставай «бурбалкі», якая ў мінулым жніўні пашырылася на палову грамадзтва ці нават болей.
  • Улады вельмі баяцца паўтарэньня леташняй хвалі самаарганізацыі, якія прывяла да стварэньня руху дваровых чатаў.
  • Нягледзячы на ўвесь тэрор і выцісканьне актывістаў за мяжу, улады гэты рух ня здолелі прыдушыць цалкам.
  • Ёсьць патэнцыял для перафарматаваньня гэтага руху.
  • Людзі знойдуць новыя шляхі самаарганізацыі, бо немагчыма спыніць жыцьцё.
  • Усе намаганьні палітычнага пратэставага руху і санкцыі вядуць да ўвядзеньня сыстэмы ў стан крызісу, у стан кіраўнічага паралюшу.
  • Калі гэта наступіць, то за перамовы могуць ухапіцца.
  • Гэта можа заняць цэлае чалавечае жыцьцё, але мы бачым паступовы надыход гэтага крызісу.
  • Мы не СССР зь яго велізарнымі рэсурсамі. Нават той падтрымкі, якую аказвае Крэмль, ня хопіць надоўга.

Цыганкоў

  • Мукавозчык адчувае, куды вецер дзьме.
  • Не яго парады, каго рэпрэсаваць, будуць выкананыя, а ён спрабуе адгадаць тэндэнцыю.
  • Няма стрымальных чыньнікаў, якія былі раней, калі МЗС спыняў рэпрэсіі сілавікоў.
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Цяпер унутры ўлады няма ніводнай структуры, якая б стрымлівала ГУБАЗіК.
  • Таго, што цяпер адбываецца, не было ў СССР у 70-х-80-х гадах, толькі ў 1930-х.
  • І лексыка што Мукавозчыка, што тэлеграм-каналу ГУБАЗіК — такая ж, як у 30-я гады.
  • Цяпер Макей кажа тое ж, што і ГУБАЗіК. Але я думаю, што ён не ўтрымаецца ў гэтай сыстэме.
  • Тым, каго яны выпускаюць, намякаюць, каб яны зьяжджалі з краіны.
  • Яны ня могуць перасаджаць усіх хаця б з тае прычыны, што месцаў не хапае.
  • Як можа быць падпольная абарона правоў чалавека?
  • Улады могуць наносіць удары па людзях, але яны ня могуць спыніць інфармацыйныя плыні.
  • Сёньня ўсе маюць інфармацыю пра кожны ператрус, пра кожны допыт.
  • Дзікая гісторыя, як чалавека пакаралі соднямі адміністрацыйнага арышту за здымкі аварыі дзіцячага атракцыёну.
  • У іншай краіне каралі б адказных за аварыю, а тут — таго, хто сфатаграфаваў аварыю.
  • Зьніжэньне наведнасьці палітычных сайтаў зьвязанае ня толькі з рэпрэсіямі супраць гэтых сайтаў, але і з агульным настроем грамадзтва.
  • Некаторыя людзі, асабліва з тых, хто прыйшоў у палітыку толькі летась, кажуць сабе — мы прайгралі, і я больш не хачу на гэта глядзець.
  • Увесну на плятформе «Голасу» былі сабраныя сотні тысячаў галасоў у падтрымку перамоваў з уладамі.
  • Мне здаецца, што ідэя перамоваў, дыялёгу памрэ сваёй сьмерцю, бо ўлада ні на якія перамовы не ідзе.
  • Магчыма, штаб Ціханоўскай абвесьціць, што ён ужо дамагаецца не перамоваў, а нечага іншага.

Што было раней

  • 16 ліпеня праходзяць ператрусы ў офісе і кватэрах журналістаў Радыё Свабода, тэлеканалу «Белсат» і іншых СМІ.
  • Сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку.
  • Паводле наяўных зьвестак, сілавікі прыйшлі ў кватэру журналіста Радыё Свабода Валянціна Жданко. У яго дома адбыўся ператрус.
  • Затрымалі былую журналістку Свабоды Іну Студзінскую, у якой у кастрычніку 2020 году забралі акрэдытацыю для працы ў Беларусі. У яе дома правялі ператрус.
  • Жонка журналіста Алега Грузьдзіловіча, у якога летась таксама забралі акрэдытацыю для працы ў Беларусі, паведаміла пра затрыманьне мужа.
  • Пра ператрус у журналісткі Любові Лунёвай, паведаміў тэлеграм-канал «Белсату».
  • Ён жа паведаміў, што на кватэры прапіскі журналісткі Марыі Арцыбашавай выламалі дзьверы, яе ў гэты момант у кватэры не было.
  • Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца. Раніцай да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус. Шмат гадзінаў сувязі зь ім не было, пісаў тэлеграм-канал «Белсату». Пад вечар Скулавец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ён ужо на волі.
  • Сілавікі прыйшлі і па Галіну Абакунчык, якая супрацоўнічала зь «Белсатам». Па артыкуле 293 КК затрымалі вядоўцу праграмы «Лукавыя навіны» на тэлеканале «Белсат» Ганну Галёту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG