Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі вызваляць палітвязьняў, затрыманых 3 дні таму

абноўлена

Аўтамабіль міліцыі каля ІЧУ на Акрэсьціна

14 ліпеня па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы, допыты і затрыманьні праваабаронцаў, журналістаў, грамадзкіх актывістаў, сябраў некамэрцыйных арганізацый. Сёньня некаторых зь іх вызвалілі.

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», пасьля 72 гадзін затрыманьня выйшла на волю праваабаронца Яўгенія Бабаева. Яе затрымалі 14 ліпеня ў межах крымінальнай справы. Бабаева застаецца падазраванай па справе і будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Таксама на волю выйшаў палітзьняволены Сяргей Мацкевіч (Цэнтар Супольнасьць). Ён быў затрыманы 14 ліпеня таксама ў межах крымінальнай справы.

️Пасьля 15 гадзіны стала вядома, што на волю выйшлі праваабаронца і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда і праваабаронца Алена Лапцёнак.

Ранкам стала вядома, што на волю выйшаў і старшыня суполкі Беларускага свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах, якога затрымалі ў Полацку.

Жонка праваабаронцы Валянціна Стэфановіча сёньня паведаміла, што яго пасьля 72-гадзіннага затрыманьня не адпусьцілі і, як сказаў ёй сьледчы, «сёньня-заўтра» перавядуць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, піша «Вясна».

Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Агулам новых палітвязьняў 12 чалавек:

  • Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
  • Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны»
  • Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»
  • Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
  • Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны» (на волі)
  • Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны» (на волі)
  • Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
  • Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
  • Яўгенія Бабаева, праваабаронца (на волі)
  • Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band
  • Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку (на волі)
  • Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць» (на волі)

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што перасьлед грамадзянскай супольнасьці Беларусі ад жніўня 2020 году і да сёньня набыў беспрэцэдэнтны маштаб. Такіх масавых рэпрэсій Беларусь ня бачыла ад моманту здабыцьця незалежнасьці.

На дзень падпісаньня заявы ў Беларусі прызнаныя палітвязьнямі больш за паўтысячы чалавек, прынамсі 1500 знаходзяцца ў турмах і яшчэ тысячы — пад сьледзтвам з палітычна матываванымі абвінавачваньнямі.

Цягам апошняга году амаль 40 000 чалавек былі незаконна затрыманыя і пацярпелі ад катаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG