Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самі будзеце іх есьці і лавіць». Як разьвіваўся мігранцкі крызіс на мяжы Літвы зь Беларусьсю


Літоўскія памежнікі затрымалі мігрантаў, які нелегальна перайшлі мяжу з тэрыторыі Беларусі. 2 ліпеня 2021

Па стане на 19 ліпеня літоўскія памежнікі затрымалі ўжо больш за 2000 мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Афіцыйны Менск ня ўтойвае, што больш не спыняе міграцыі людзей з краін Азіі і Афрыкі ў Эўразьвяз.

Хроніка разьвіцьця міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Літвы

10 лютага 2021 — першае паведамленьне Памежнай службы Літвы пра затрыманьне групы грамадзян Іраку на мяжы зь Беларусьсю. 12 чалавек, 9 мужчын і 3 жанчыны, спрабавалі перасячы мяжу ў Ігналінскім раёне, усіх затрымалі.

2 красавіка — другое паведамленьне пра затрыманьне групы іракцаў на мяжы зь Беларусьсю, на гэты раз у Шальчынінкайскім раёне. Мяжу спрабавалі перайсьці 15 чалавек, у тым ліку непаўналетнія).

14 красавіка — групу іракцаў затрымалі ў Шальчынінкайскім раёне. Мяжу Беларусі зь Літвой спрабавалі перайсьці 18 чалавек. Памежная служба Літвы паведамляла таксама пра адзінкавыя затрыманьні мігрантаў на мяжы ў лютым і красавіку. Літоўскія памежнікі ў гэты пэрыяд спынялі таксама невялікія групы грамадзян Емэну, Турэччыны ды іншых краін.

19 траўня — Літоўская памежная служба паведаміла пра затрыманьне на мяжы зь Беларусьсю 17 мігрантаў з Ірану. Гэта адбылося ў Шальчынінкайскім раёне.

23 траўня — інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair у Менску. Затрымалі Соф’ю Сапегу і Рамана Пратасевіча.

24 траўня — у Шальчынінкайскім раёне Літвы памежнікі затрымалі 14 грамадзян Сырыі і Іраку. Усе яны прыбылі з тэрыторыі Беларусі.

26 траўня — падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш ня будзе спыняць патокі мігрантаў у Эўропу. «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер самі будзеце іх есьці і лавіць», — сказаў Лукашэнка.

27 траўня — міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла пра рэзкае пагаршэньне сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю. «Той факт, што кіраўнік суседняй краіны, зь якой Літва мае амаль 680 кілямэтраў агульнай мяжы, адкрыта пагражае дазволам на перамяшчэньне нелегальных мігрантаў і наркотыкаў праз агульную мяжу, зьяўляецца сур’ёзным сыгналам для нас і ўсёй Эўропы, — сказала Білатайце. — Я мушу прызнаць, што гэтыя выказваньні нас не зьдзіўляюць. Ужо некаторы час мы адсочваем рост плыні нелегальных мігрантаў».

4 чэрвеня — Памежная служба Літвы паведаміла пра затрыманьне на мяжы зь Беларусьсю некалькіх групаў мігрантаў, усяго 54 чалавекі. Большасьць зь іх назвалася грамадзянамі Іраку і Сырыі.

8 чэрвеня — чарговае паведамленьне літоўскіх памежнікаў аб затрыманьні групы мігрантаў з Іраку на мяжы зь Беларусьсю, на гэты раз 18 чалавек.

11 чэрвеня — на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі тры групы мігрантаў, агульнай колькасьцю 32 чалавекі.

Другая палова чэрвеня — паведамленьні аб затрыманьні літоўскімі памежнікамі групаў мігрантаў з Іраку, Сырыі ды іншых краін пачынаюць зьяўляцца празь дзень. Мігранты пачалі перасякаць мяжу Беларусі з Эўразьвязам ня толькі на паўночным захадзе Беларусі, у Пастаўскім і Браслаўскім раёнах, але таксама і ў Горадзенскім.

2 ліпеня — Памежная служба Літвы паведаміла пра затрыманьне 150 мігрантаў за дзень. Большасьць зь іх спрабавалі перасячы мяжу Беларусі і Літвы ў Друскінінкайскім раёне.

Першая палова ліпеня — вялікія арганізаваныя групы мігрантаў з Іраку, Сырыі, Ірану і іншых краін затрымліваюць на мяжы Беларусі і Літвы кожны дзень. Агульная колькасьць затрыманых літоўскімі памежнікамі да 19 ліпеня дасягае 2096 чалавек.

Улады Літвы тэрмінова арганізоўваюць часовыя лягеры для іх утрыманьня.

9 ліпеня — Літва пачала будаваць сыстэму дадатковай агароджы на мяжы зь Беларусьсю працягласьцю 550 кілямэтраў. На гэта будзе выдаткавана 4,8 мільёна эўра.

Літоўскія ўлады агучылі пляны будаўніцтва паўнавартаснай агароджы на ўсёй мяжы коштам некалькі соцень мільёнаў эўра.

12 ліпеня — эўрапейскае памежнае агенцтва Frontex паведамляе пра дадатковае ўмацаваньне сваіх падразьдзяленьняў у Літве. «Сытуацыя на мяжы Літвы зь Беларусьсю застаецца трывожнай, — сказаў кіраўнік агенцтва Фабрыс Лежэры. — Мы ўзмоцнім нашу дапамогу, адправім дадатковыя сілы памежнікаў, патрульныя машыны і афіцэраў для правядзеньня гутарак зь мігрантамі і збору інфармацыі аб уцягнутых злачынных групах».

Лічбы затрыманых літоўскімі памежнікамі мігрантаў (на мяжы зь Беларусьсю)


Цытаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG