Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын змучаны камэрным рэжымам і канвоем». Што з хворым падлеткам, якога чарговы раз судзілі


Мікіта Залатароў

14 ліпеня суд у Гомлі пакараў 17-гадовага Мікіту Залатарова, хворага на эпілепсію, чарговым тэрмінам зьняволеньня. За «гвалт над міліцыяй» — напад на канваіраў СІЗА — суд пакараў падлетка пазбаўленьнем волі на 1,5 года. У лютым Мікіту Залатарова асудзілі на 5 гадоў за «масавыя беспарадкі».

Бацька Мікіты, Міхаіл Лапуноў, атрымаў спатканьне з сынам у СІЗА.

«Мікіта трымаецца бадзёра. Але кажа, што ў СІЗА чапляюцца да яго, спрабуюць справакаваць. Ён хоча хутчэй трапіць у калёнію. Таму апэляцыю на прысуд пісаць ня будзем. Сын змучаны камэрным рэжымам і канвойнымі», – расказаў Міхаіл Лапуноў.

Мікіта ня хоча пісаць апэляцыі, бо ня верыць у тое, што прысуд зьменяць, і хоча хутчэй убачыць сонца і неба, кажа бацька.

Мужчына перажывае, што амаль год падлетак – без паветра і сьвятла. «За гэты год было шмат цяжкасьцяў і перажываньняў, але дзякуючы войску добрых людзей мы далі рады. Цяпер рыхтую рэчы для Мікіты для этапу ў калёнію. Як кажуць арыштанты, рыхтую «кешар», – дзеліцца ён.

Пацярпелым канваірам суд вырашыў налічыць тысячу рублёў кампэнсацыі. Сплаціць іх мусяць бацькі Мікіты. На судзе маці падлетка Лілія эмацыйна адрэагавала на пазоў: «Мне што – ныркі прадаць, каб выплаціць вам грошы?». Сям’я кажа, што мае цяжкае фінансавае становішча.

«Мусіць, у «пацярпелых» заплянаваны летні адпачынак на гэтыя грошы. Ні сумленьня, ні маралі. А Мікіта – малайчына, крэмень, трымаецца і ня скача пад іхную дудку», – дадаў Міхаіл Лапуноў.

З улікам зьменаў у заканадаўстве падлетку пералічылі тэрмін, які ён правёў у СІЗА да суду (дзень у СІЗА за два дні ў калёніі для непаўналетніх), і ў выніку ён будзе сядзець 4,5 года. У яго эпілепсія. На апошнім працэсе ён заяўляў, што яго працягваюць біць у СІЗА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG