Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Горадні двойчы размыла мост, на адкрыцьцё якога чакалі Лукашэнку? ФОТА


Новы Ўсходні мост у Горадні размыла другі раз за месяц — у дзень ягонага адкрыцьця. Да Нёмана спускаецца бэтонны латок для адводу вады, 19 ліпеня 2021

Новы Ўсходні мост меліся адкрыць у Горадні ў суботу 17 ліпеня. На ягонае адкрыцьцё чакалі Аляксандра Лукашэнку і вялікае шоў. Аднак урачыстасьць адмянілі за некалькі гадзін да пачатку — частку дарогі змыла залева, другі раз за месяц.

Што здарылася?

Адкрыцьцё новага моста прымеркавалі да «дня вызваленьня Горадні». На месцы ўрачыстасьці ўжо ўзьвялі былі сцэну. Меліся выступіць беларускія і расейскія артысты.

Аднак у гэты дзень прайшла залева і літаральна за 20 хвілін зьнішчыла частку мацаваньняў, у некалькіх месцах зьехалі ўніз фрагмэнты асфальту, тратуараў, агароджы, вымыла пясок.

Дождж за 20 хвілін размыў схілы новай дарогі
Дождж за 20 хвілін размыў схілы новай дарогі

За 20 хвілін выпала дажджу столькі ж, як амаль за 20 дзён, перадае БТ.

Аб наступствах моцнага дажджу старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік адразу паведаміў Лукашэнку. Той вырашыў, што «бясьпека людзей перадусім» і паабяцаў прыехаць на наступнае адкрыцьцё моста.

Пяць цытатаў Караніка пра мост

Уладзімер Каранік патлумачыў у інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі, што здарылася з мостам, у якім ён стане і чаму перанесьлі адкрыцьцё.

Спойлер: дарожнае палатно, паводле Караніка, у парадку. Але ці бясьпечны мост, незразумела.

Так выглядае дарожнае палатно
Так выглядае дарожнае палатно

«Захады, якія зрабілі мінулы раз, дазволілі захаваць цэласнасьць і дарожнае палатно. Але пацярпелі [...] схілы, дзесьці патрабуецца прамыўка ліўневай каналізацыі. Таму адкрываць мост, калі на ім яшчэ будзе працаваць цяжкая тэхніка, [...] небясьпечна» (17 ліпеня 2021 году, Уладзімер Каранік).

На месцы працуе тэхніка
На месцы працуе тэхніка

«Плянавалася маляўнічае шоў, таму ўсталявалі вельмі шмат апаратуры. На жаль, яна практычна ўся цалкам была пад вадой падчас залевы. У гэтых умовах [...] мы ня можам гарантаваць бясьпеку нашых грамадзян, бо магчымае кароткае замыканьне» (17 ліпеня 2021 году, Уладзімер Каранік).

«Мост гатовы і абсалютна бясьпечны. Павінны разумець, што ў наступныя некалькі дзён будзе інтэнсіўная праца цяжкой тэхнікі, падвоз пяску, работы недзе па бэтанаваньні, разбор завалаў і аднаўленьне адкосаў і ухілаў. Пры гэтым, калі паралельна рухаецца грамадзянскі транспарт і цяжкая тэхніка, заўсёды ёсьць небясьпека нейкіх няштатных сытуацый» (17 ліпеня 2021 году, Уладзімер Каранік).

Мост яшчэ не працуе, але дзяржаўныя сьцягі ўжо вісяць
Мост яшчэ не працуе, але дзяржаўныя сьцягі ўжо вісяць

«Сьвята неабходна адмяняць, бо мы яго робім, каб людзі атрымалі задавальненьне, а не для таго, каб стварыць прыгожую карцінку» (17 ліпеня 2021 году, Уладзімер Каранік).

Два тыдні таму, 4 ліпеня, новая дарога першы раз абрынулася пасьля залевы. Тады пашкоджаньні Каранік тлумачыў тым, што дарога новая. На аднаўленьне ён даваў 7-10 дзён. За гэты час усталявалі мэталічную геасетку, якая мелася ўмацаваць схіл, і пабудавалі бэтонны латок для адводу вады.

На схілы паклалі мэталічную сетку, каб іх умацаваць
На схілы паклалі мэталічную сетку, каб іх умацаваць
Пясок пасьля залевы яшчэ застаўся на пешаходнай частцы дарогі
Пясок пасьля залевы яшчэ застаўся на пешаходнай частцы дарогі

«Гэта новая дарога, таму адкосы яшчэ не ўмацаваныя травой і дзірваном. І аказаліся больш схільныя да разбурэньня вадой. Акрамя гэтага, менавіта ў гэтым месцы, адкос, пры разбурэньні была пашкоджаная ліўнёўка» (5 ліпеня 2021 году, Уладзімер Каранік).

На аднаўленьне новага моста далі яшчэ два тыдні. Дакладнай даты наступнага адкрыцьця пакуль няма.

Хто і за колькі пабудаваў мост

Чацьвёрты мост празь Нёман на чатыры паласы пабудавалі на месцы старога чыгуначнага моста ў мікрараёне Вішнявец за паўтара года. Ягоная вышыня над узроўнем Нёмана 32 мэтры, даўжыня — 240 мэтраў.

Усходні мост мае стаць часткай аб’язной дарогі вакол Горадні, на якую плянавалі патраціць ня менш за 400 мільёнаў рулёў, пісала «СБ».

Праектавалі мост у «Інстытуце Гроднаграмадзянпраект». Генэральным падрадчыкам выступаў ААТ «Мастабуд». Будавалі мост падрадчыкі з розных гарадоў вобласьці. Стары мост «аднакалейкай» злучаў два хімічныя прадпрыемствы «Гродна Азот» і «Хімвалакно». Яго пабудавалі 55 гадоў таму. Апошнія 20 гадоў чыгунка не працавала, яе разабралі. Па вузкім мосьце хадзілі нешматлікія пешаходы, скакалі роўпджампэры, на ім любілі рабіць атмасфэрныя фотасэсіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG