Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы 19 ліпеня: заблякавалі рахунак ПЭН-цэнтру і «Имён», прыйшлі да праваабаронцы Кісьляка, забралі тэхніку ў «Рэгіянальнай газеты»

абноўлена

Мікрааўтобусы сілавікоў. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваецца перасьлед за выказваньне грамадзянскай пазыцыі, штодзённа адбываюцца арышты людзей і ператрусы ў іхных дамах. Свабода сочыць за падзеямі.

Сілавікі ў рэдакцыі «РГ»

Супрацоўніцы «Рэгіянальнай газеты» Зоя Хруцкая і Настасься Уткіна не выходзяць на сувязь. Сьведкі паведамляюць, што ў рэдакцыі людзі ў цывільным, інфармуе БАЖ.

Таксама раніцай сілавікі прыходзілі дадому да галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча. Яго разам з жонкай павезьлі на допыт.

Толькі а палове на 19-ю стала вядома, што ператрус у рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» скончаны. Супрацоўнікі на волі, але пад падпіскай. Сілавікі забралі ўсю тэхніку.

Сілавікі прыйшлі да берасьцейскага праваабаронцы

Сілавікі прыйшлі і да праваабаронцы зь Берасьця, сябра рады руху «За свабоду» Рамана Кісьляка. Ён пасьпеў паведаміць пра гэта, цяпер зьвязацца зь ім немагчыма, паведамляе «Вясна».

Арышт рахункаў ПЭН-цэнтру і «Имён»

Сёньня стала вядома, што на банкаўскі рахунак Беларускага ПЭН-цэнтру накладзены арышт. Рахунак арыштаваны на падставе рашэньня Сьледчага камітэту ад 13 ліпеня.

Таксама СК наклаў арышт на рахункі плятформы «Имена», дапамога дабрачынным праектам прыпыненая. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку стваральніца праекту Кацярына Сінюк.

Вобшукі ў Пінску

Папярэдне вядома, што дзесяцярых пінчукоў дастаўлялі на допыт у міліцыю і трох у КДБ, але гэта не канчатковая лічба: многія не расказваюць пра сваю сытуацыю, бо падпісалі адпаведныя паперы.

Старшыня пінскага аддзяленьня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Вераніка Іванова, да якой наведваліся супрацоўнікі крымінальнага вышуку, адзначыла, што сілавікі зацікавіліся нават тымі пінчукамі, якія ня бралі актыўнага ўдзелу ў пратэставым руху, не прыцягваліся паводле артыкулу 23.34, а толькі «праяўлялі пэўную актыўнасьць у камэнтарах, у напісаньні артыкулаў».

У самой Івановай склалася ўражаньне, што сілавікі шукаюць нацыянальную сымболіку, паліграфічнае абсталяваньне, зброю і выбухоўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG