Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанты маліліся на паркінгу: «Усім нам вызначана змаганьне»


Малітва на паркінгу каля царквы

У нядзелю вернікі царквы «Новае Жыцьцё» зноў сабраліся на паркоўцы каля свайго будынка на вуліцы Кавалёва, 72 у Менску. Будынак царквы паўгода таму забрала дзяржава.

Перад прысутнымі выступіў пастар «Новага Жыцьця» Вячаслаў Ганчарэнка і пастар царквы «Ян Прадвесьнік» Антоній Бокун. Апошні зьвярнуўся да прысутных са словамі натхненьня і падбадзёрваньня:

«Усім нам вызначана пэўнае змаганьне ў гэтым жыцьці. Гасподзь стварыў кожнага з нас — і ніхто не прыйшоў у гэты сьвет выпадкова. Гасподзь вызначыў, калі і дзе мы народзімся, якімі. Мы не выбіралі краіну, горад, у якіх народзімся, не выбіралі колер валасоў. Але гэта Бог выбраў нас, і паставіў, і даў прайсьці пэўнае поле ў змаганьні. Кожнаму Бог даў паводле сілы і здольнасьцяў. Але каб прайсьці сваю дыстанцыю да канца, каб ня ўпасьці, нам трэба глядзець на пачынальніка і зьдзяйсьняльніка веры — Езуса Хрыста. Таго, які панёс крыж, які памёр за нас. І Ён жывы. Калі я хачу прайсьці сваю дыстанцыю, сваё змаганьне, я гляджу на Езуса і веру, што гэта ключ да перамогі».

Напрыканцы набажэнства вернікі маліліся за Беларусь.

17 лютага 2021 году гарадзкія ўлады пазбавілі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» памяшканьня — кароўніка, які прыхаджане выкупілі і адрамантавалі 19 гадоў таму. Цяпер набажэнствы праходзяць на вуліцы, на паркоўцы перад будынкам.

Перасьлед пратэстанцкай царквы

  • Улады патрабуюць ад царквы сплаціць падаткі і назвалі суму — 180 тысяч даляраў.
  • Ужо амаль два месяцы людзі моляцца на вуліцы, штонядзелі зьбіраюцца на аўтамабільнай стаянцы ля забранага будынку царквы.
  • 17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.
  • Рэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Улады гораду заплянавалі збудаваць тут квартал шчыльнай забудовы.
  • Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.
  • Выселіць царкву «Новае жыцьцё» з будынка, у які прыхаджане за свае сродкі перабудавалі выкуплены ў дзяржавы паўразбураны кароўнік, Менгарвыканкам спрабаваў яшчэ 15 гадоў таму. У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную грамаду права карыстаньня зямельным участкам, хоць ён быў выдзелены бестэрмінова.
  • Каб прыцягнуць увагу грамадзтва, у кастрычніку 2006 году вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Калі сытуацыя вакол «Новага жыцьця» займела шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG