Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія памежнікі заявілі, што літоўцы катуюць уцекачоў і вяртаюць іх у Беларусь. Літоўцы адказалі


Мігранты ў літоўскім лягеры для ўцекачоў

Літоўская памежная служба адказала на запыт Радыё Свабода наконт паведамленьня беларускай памежнай службы аб катаваньні мігрантаў, якія перайшлі мяжу Літвы.

У панядзелак Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 18 і 19 ліпеня памежнікі затрымалі 25 чалавек, якія нібыта заявілі, што іх сілай выгналі зь літоўскага лягеру для ўцекачоў у Беларусь.

Паводле беларускіх памежнікаў, мігранты расказалі, што ў Літве іх нібыта прымушалі даваць паказаньні аб подкупе беларускіх памежнікаў за дапамогу ў парушэньні мяжы. Пры гэтым затрыманых, як сьцьвярджае ДПК, не кармілі, не давалі піць, а «гутарка» суправаджалася ўдарамі тэлескапічнай дубінкай, пра што сьведчаць раны і сінякі на розных частках цела мігрантаў.

«Адразу пасьля допыту, як растлумачылі іракцы, праваахоўнікі прывезьлі іх да дзяржаўнай мяжы і пад пагрозай прымяненьня зброі прымусілі ісьці на тэрыторыю Беларусі». — гаворыцца ў паведамленьні на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Радыё Свабода зьвярнулася ў Літоўскую памежную службу з просьбай пракамэнтаваць інфармацыю ад беларускіх памежнікаў.

«Мы не камэнтуем фэйкавых навінаў», — гаворыцца ў адказе прэс-службы Дзяржаўнай памежнай службы Літоўскай Рэспублікі.

Паводле апошніх зьвестак, на беларускай мяжы літоўскія памежнікі ад пачатку году затрымалі 2096 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 26 разоў больш, чым у 2020 годзе. Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі. Парлямэнт Літвы на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, якою прызнаў узрослую міграцыю празь Беларусь «гібрыднай агрэсіяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG