Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз дасьць Літве 10–12 млн эўра на разьвязаньне праблемы міграцыі зь Беларусі


Усталёўваньне калючага дроту на літоўска-беларускай мяжы

Эўрапейскі офіс у пытаньнях прадстаўленьня прытулку (EASO) у жніўні надасьць Літве фінансавую падтрымку.

Дапамога вылучаецца ў рамках падпісанага з EASO пляну дзеяньняў, праінфармавала прэс-служба МУС Літвы са спасылкай на камісара ЭЗ ва ўнутраных справах Ілву Ёхансан. У Літву павінны прыехаць спэцыялісты па міграцыі і перакладчыкі, каб дапамагчы спэцыялістам Дэпартамэнту міграцыі хутчэй апрацоўваць заявы аб прадстаўленьні прытулку, мець зносіны зь мігрантамі і дамаўляцца аб іх вяртаньні ў краіны паходжаньня.

20 ліпеня міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце сустрэлася з выканаўчым дырэктарам Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex Фабрысам Легерам. У ходзе сустрэчы быў абмеркаваны далейшы плян захадаў па разьвязаньні міграцыйнага крызісу. У Літве знаходзяцца ўжо 26 афіцэраў Frontex. У найбліжэйшы час іх колькасьць вырасьце да 60.

«Нелегальная міграцыйная плынь зь Беларусі — беспрэцэдэнтная падзея ў Літве. Гэта непасільны цяжар для нашай міграцыйнай сыстэмы, таму нам патрэбна як тэхнічная, так і экспэртная дапамога партнэраў па Эўрапейскім Зьвязе. Я хацеў бы падзякаваць кіраўніку Frontex за яго асабісты ўнёсак і супрацоўніцтва ў кіраваньні патокамі нелегальнай міграцыі ў Літве», — сказала падчас сустрэчы Агне Білатайце.

На мяжы зь Беларусьсю пачалося будаўніцтва плота з калючага дроту. Беларуска-літоўскую мяжу патрулююць ня толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы, ім дапамагаюць эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex, Службы грамадзкай бясьпекі, «Саюзу стралкоў» і іншых устаноў.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што выкарыстаньне міграцыі ў якасьці зброі супраць краін Эўразьвязу нават больш цынічнае, чым выкраданьне самалёта Ryanair. Таксама ён назваў словы Лукашэнкі пра магчымасьць дапамогі афіцыйнага Менску Літве «шантажом», дадаўшы, што Літва «не разьлічвае на штосьці іншае ад тэрарыстычнага рэжыму».

Усяго з пачатку 2021 году на мяжы зь Беларусьсю літоўскія памежнікі затрымалі 2158 нелегальных мігрантаў. Паводле памежнай службы Літвы, гэтая лічба ў 26 разоў перавышае паказчык 2020 году. Толькі ў ліпені літоўскія памежнікі затрымалі 1497 мігрантаў. У чэрвені — 473, у траўні — 77, у красавіку — 70, у сакавіку — 8.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG