Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Джэйк Салівэн, зь якім у Белым доме сустрэнецца Ціханоўская


Джэйк Салівэн

Працягваецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША. Сёньня лідэрка дэмакратычнай апазыцыі наведае амэрыканскі Сэнат і правядзе ў Белым доме сустрэчу з дарадцам Джо Байдэна Джэйкам Салівэнам.

Раней паведамлялася, што Ціханоўская спадзяецца на сустрэчу з самім Байдэнам. Але яшчэ ўчора прэс-служба прэзыдэнта ЗША заявіла, што зь Ціханоўскай сустрэнуцца высокапастаўленыя чыноўнікі Белага дому.

Расказваем, хто такі Джэйк Салівэн, які прыме Ціханоўскую ў Белым доме.

Пасада

Салівэну 44 гады. Ён дарадца Джо Байдэна ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

Адукацыя

Салівэн — выпускнік самых прэстыжных ВНУ сьвету: Ейльскага і Оксфардзкага ўнівэрсытэтаў, а таксама Ейльскай школы права. Па адукацыі ён юрыст.

Досьвед

  • Палітычную кар’еру Салівэн пачаў у якасьці дарадцы сэнатара ад Мінэсоты Эмі Клабушар. Працаваў сакратаром судзьдзі Вярхоўнага суду Стывэна Брэера.
  • Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Гілары Клінтан у 2008 годзе быў у яе камандзе, дапамагаў распрацоўваць яе ўнутраную і зьнешнюю палітыку. Пазьней, калі Клінтан заняла пасаду дзяржсакратара, Салівэн стаў намесьнікам кіраўніка яе апарату, а затым дырэктарам па палітычным плянаваньні, суправаджаючы яе ў 112 краінах. Дапамог падрыхтаваць глебу для ядзернага пагадненьня з Іранам пасьля некалькіх сакрэтных сустрэчаў з іранскімі афіцыйнымі асобамі.
  • Гілары Клінтан называла Салівэна «цьвярозым і стрыманым аналітыкам праблем, зь якімі мы сутыкнуліся ў сфэры нацыянальнай бясьпекі».
  • Пазьней ён трапіў у каманду віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна (падчас прэзыдэнтуры Барака Абамы), стаў ягоным дарадцам у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Дапамагаў фармаваць зьнешнюю палітыку ЗША адносна Лібіі, Сырыі і Мʼянмы.
  • У пэрыяд прэзыдэнцтва Дональда Трампа Салівэн выкладаў права ў Ейльскай школе права, а са сьнежня 2020 году стаў дарадцам Байдэна, калі той уступіў на пасаду прэзыдэнта.

Прынцыпы Салівэна ў замежнай палітыцы:

«У сфэры зьнешняй палітыкі мой асноўны прынцып палягае ў тым, што фундамэнтальны праект амэрыканскай зьнешняй палітыкі на наступныя два дзесяцігодзьдзі — у забесьпячэньні і падтрыманьні глябальнага лідэрства Амэрыкі, таму што я глыбока веру, што сьвет, дзе Амэрыка мае ролю лідэра — гэта сьвет, у якім усім у выніку стане лепш. Безумоўна, там, дзе абароненыя інтарэсы і каштоўнасьці ЗША, але і там, дзе таксама абароненыя інтарэсы і каштоўнасьці нашых сяброў і людзей ва ўсім сьвеце». (З інтэрвію Yale Daily News, 2016 год).

«Мы павінны заняць пазыцыю сілы, каб мець магчымасьць супрацьстаяць выклікам, зь якімі мы сутыкаемся па ўсім сьвеце». (www. usip.org, 2021).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG