Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Бабаева пасьля вызваленьня расказала, як беларускія сілавікі спрабавалі яе завэрбаваць і далі псэўданім «Жанна»


Яўгенія Бабаева, архіўнае фота

Праваабаронцу «Вясны» Яўгенію Бабаеву затрымалі 14 ліпеня ў Менску і зьмясьцілі ў ІЧУ на 72 гадзіны. Пасьля выхаду на волю яна расказала тэлеканалу «Дождь» пра тое, як сілавікі прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва.

«Калі я падышла да дзьвярэй сваёй кватэры, з усіх бакоў мяне атачылі супрацоўнікі ДФР», — расказвала пра сваё затрыманьне Яўгенія Бабаева.

Пасьля гэтага жанчыне паказалі пастанову аб ператрусе. На думку Яўгеніі, сілавікі не да канца разумелі, чаму ператрус вырашылі правесьці менавіта ў яе кватэры, яны таксама не былі ў курсе таго, што Яўгенія і яе муж грамадзяне Расеі. Пазьней Яўгеніі прад’явілі артыкул аб нявыплаце падаткаў. Потым праваабаронцу адвезьлі ў ДФР.

«Да мяне падышоў супрацоўнік ДФР, які прыходзіў да мяне дадому, і сказаў: «Начальства прыняло рашэньне вас затрымаць на 72 гадзіны". І ў пятніцу, за дзень да выхаду, да мяне зноў прыходзілі 3 супрацоўнікі ДФР, зноў на размову, без адваката, — расказала Яўгенія Бабаева. — Пазьней яны прапанавалі мне ўгоду, што я буду апэратыўным супрацоўнікам пад псэўданімам і буду даносіць інфармацыю. Потым яны далі падпісаць мне паперкі. Я разумела, што гэтыя паперкі нічога ня вартыя. Галоўнае для мяне было выйсьці на свабоду, і потым разьбяромся», — дадала грамадзянка Расеі, заявіўшы, што скарысталася прапановай сілавікоў — падпісала ўсе дакумэнты і ўзяла псэўданім Жанна.

Пры гэтым яна адзначыла, што не зьбіраецца працаваць на рэжым, а пагадзілася на супрацоўніцтва зь сілавікамі толькі дзеля таго, каб апынуцца спачатку на волі, а потым у бясьпечным месцы.

Яўгенія Бабаева і яе муж пераехалі ў Беларусь з Масквы больш за пяць гадоў таму. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яны вырашылі дапамагаць сваякам затрыманых.

Яўгенія Бабаева супрацоўнічала з Праваабарончым цэнтрам «Вясна» як валянтэр, дзяжурыла каля аддзяленьняў міліцыі і наведвала суды па справах затрыманых удзельнікаў пратэстаў.

14 ліпеня па ўсёй Беларусі сілавікі затрымалі 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама дваіх былых сяброў «Вясны». Восем праваабаронцаў затрымалі ў рамках крымінальных спраў паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў) на 72 гадзіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG