Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпольная Беларусь. Аналітыкі абмяркоўваюць магчымы адказ грамадзтва на рэпрэсіі


Што можа зрабіць грамадзтва, грамадзянская супольнасьць у адказ на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі? Ці магчымая падпольная Беларусь? Ці магчымая Беларусь за мяжой і з-за мяжы? Ці магчымы дыялёг паміж катамі і іх ахвярамі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітоляг, старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Лаўрухін і палітычны аналітык Павал Быкоўскі.

Быкоўскі

  • У нашай гісторыі ўжо былі пэрыяды пагромаў грамадзянскай супольнасьці, хоць яны і не былі такімі моцнымі, як цяпер.
  • Былі пэрыяды, калі перакрывалі каналы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці з-за мяжы.
  • Зараз закранулі далёка ня ўвесь спэктар грамадзянскай супольнасьці, закранулі тых, хто мог бы выказацца падчас палітычных кампаніяў, скажам, падчас рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі ці паглыбленьні інтэграцыі.
Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
  • На мой погляд, размова ідзе пра структуры, якія заміналі ўладам у пэўны пэрыяд.
  • Я ня ўпэўнены, што такое шоў можна рабіць кожны дзень.
  • Апошнія ператрусы рабіліся дэманстратыўна жорстка. Навошта было ламаць дзьверы ў офісе Радыё Свабода, калі ён арандаваўся ў дзяржаўнага прадпрыемства?
  • Мы назіраем пэўны хаос з тым, каго затрымліваюць, а каго адпускаюць.
  • Калі гэта інструмэнтальная рэч, то пасьля рэфэрэндуму гэтая кампанія перасьледу скончыцца.
  • Цэлыя структуры, якія цяпер эмігруюць, могуць працягваць сваю працу за мяжой, праўда, невядома, наколькі доўга.
  • Цяпер у беларускім рэжыме расколу няма. Але ён можа ўзьнікнуць, калі ў беларускую сытуацыю больш актыўна ўмяшаецца Расея.
  • Бок Ціханоўскай ня можа прапанаваць нічога, што было б цікавым прадметам торгу для Лукашэнкі.
  • І яму пакуль няма прычынаў уступаць зь ёй у дыялёг.
  • Масква спачатку рабіла розныя заявы, а потым сказала, што калі Менск захоча, то падтрымае любы дыялёг.
  • Цяпер адсутнічае сытуацыя, у якой дыялёг магчымы.
  • Магчыма, што артыкул Пуціна пра адзінства расейскага і ўкраінскага народаў тычыцца ня толькі іх, але і беларусаў.
  • У далёкай пэрспэктыве дыялёг, хутчэй за ўсё, будзе, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве будзе гандаль палітзьняволенымі.
  • Калі змаганьне зводзіцца да лабіяваньня на Захадзе, а ўнутры краіны яно фактычна замарожанае, то я ня бачу, што магло б падштурхнуць рэжым да перамоваў.

Лаўрухін

  • Наперадзе самаабнаўленьне грамадзянскай супольнасьці.
  • Папярэднія формы жыцьця грамадзянскай супольнасьці былі адкрытыя і шмат у чым наіўныя.
  • Зараз будуць зьяўляцца больш закансьпіраваныя, больш спрактыкаваныя формы дзейнасьці.
Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін
  • Гэта будуць больш партызанскія формы дзейнасьці, і не ў фігуральным, а ў рэальным сэнсе.
  • У цяперашняй сытуацыі прэзыдэнт ня можа ўтрымліваць уладу іншым шляхам.
  • Ён нелегітымны, ён непрызнаны.
  • Адзіная форма ўтрыманьня ўлады для Лукашэнкі зараз — гэта ўзмацненьне рэпрэсіяў.
  • Ён ня можа абаперціся ані на эканамічны дабрабыт, ані нават на «ябацек», бо няма вобразу будучыні.
  • Лукашэнка зараз будзе атрымліваць дапамогу ад Расеі, толькі калі ён зможа заваяваць любоў «ястрабаў», большую нават, чым мае Пуцін.
  • Ён павінен паказваць, што ў яго больш «стальныя яйцы», чым нават у Пуціна.
  • Абмежаваньне тут толькі адно — што ўсё гэта нечага каштуе.
  • І ёсьць пытаньне ідэйнага абмежаваньня — а дзеля чаго гэта робіцца?
  • На гэтае пытаньне ва ўлады няма адказу.
  • У мяне ёсьць досьвед працы ў ЭГУ. І ён паказвае, як складана эміграцыйнай структуры захаваць сувязь з грамадзтвам мэтраполіі.
  • Гэта вельмі скажае оптыку, асабліва гэта тычыцца мэдыя-асяродзьдзя.
  • Цяперашняя хваля эміграцыі — самая вялікая з пачатку 90-х гадоў.
  • Гэта стварае прынцыпова іншую сытуацыю за мяжой, гэта вядзе да стварэньня паўнавартаснай дыяспары са сваёй інфраструктурай.
  • Абапіраючыся на гістарычны досьвед, у тым ліку і больш жорсткіх сутыкненьняў, можна сказаць, што нават грамадзянскія войны сканчаюцца мірам.
  • У Гішпаніі пасьля Франка каты і ахвяры знайшлі агульную мову.
  • Ці будзе адплата катам? Вось у гэтым я ня ўпэўнены.
  • Беларусы, мы, не гатовыя біцца.
  • Мы гатовыя быць хутчэй ахвярамі і дапамагаць ахвярам.
  • Суровы, але аптымістычны факт, што ў Беларусі ніводнага сьмяротнага прысуду за палітыку.
  • Гэта пакуль «чырвоная лінія» для ўлады.
  • СССР — гэта быў унівэрсум. У Беларусі гэтага няма, і гэта немагчыма.

Што было раней

  • 14 ліпеня сілавікі правялі ператрусы ў офісах праваабарончых ды іншых няўрадавых арганізацый, а таксама па месцы жыхарства праваабаронцаў.
  • Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі:
  • Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
  • Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»
  • Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
  • Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны» (на волі)
  • Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны» (на волі)
  • Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
  • Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
  • Яўгенія Бабаева, праваабаронца (на волі)
  • Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band
  • Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку (на волі)
  • Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць» (на волі)
  • Сілавікі рабілі ператрусы ў праваабаронцаў у Берасьці, Горадні, Воршы, Мазыры, Гомлі, Полацку, Барысаве, Смаргонях. Зь ператрусам прыйшлі ў арганізацыі: Праваабарончы цэнтар «Вясна», Фонд імя Льва Сапегі, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі, у фонд «Имена», BEROC, у офіс руху «За свабоду», у офіс лябараторыі «Новак», Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт», у офіс Партыі БНФ і да эканаміста Яраслава Раманчука.
  • З 8 ліпеня ў Беларусі пачалася хваля рэпрэсій у адносінах да журналістаў.
  • Хваля рэпрэсій працягнулася, у наступныя 10 дзён прайшлі 63 ператрусы ў супрацоўнікаў СМІ і рэдакцыях.
  • Затрыманыя дзевяць супрацоўнікаў СМІ:
  • Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»
  • Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелаў рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы»
  • Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя»
  • Вольга Раковіч, бухгальтар «Нашай Нівы» (адпусьцілі 16 ліпеня)
  • Ігар Ільяш, «Белсат»
  • Алег Грузьдзіловіч, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі МЗС Беларусі журналіст Радыё Свабода
  • Інэса Студзінская, пазбаўленая ў 2020-м акрэдытацыі журналістка Радыё Свабода
  • Алесь Дашчынскі, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі журналіст Радыё Свабода
  • Ганна Галёта, «Белсат».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG