Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначылі дату апэляцыйнага суду над Севярынцам, актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» і блогерамі


Суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі "Эўрапейскай Беларусі", архіўнае фота

Апэляцыю на прысуд маюць разгледзець 27 жніўня ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Да гэтага часу Павал Севярынец будзе знаходзіцца ў магілёўскай турме. Пра гэта паведаміла ў сацсетках ягоная жонка Вольга. Яна дадала, што на гэты момант ня ведае, куды далей накіруюць мужа.

«Павал спраўна дасылае нам лісты, малюе малюнкі для Францішка (сын Паўла і Вольгі. — РС) у кожным лісточку. А вось наконт лістоў ад іншых людзей кажа, што даходзіць вельмі мала. Ён падкрэсьлівае, што адказвае на ўсе лісты, якія атрымлівае, просіць не крыўдаваць, калі да кагосьці адказы не даходзяць», — напісала Вольга Севярынец.

Яна думае, што ня ўсе лісты Паўлу перадаюць.

«Нешта адвакат сказаў, што Павал выглядаў засмучаным на сустрэчы. Чаму — не прызнаўся. Прашу аб малітве за яго і, калі можаце, пішыце часьцей. Нават такім моцным і нязломным рыцарам, як наш Паша, патрэбная падтрымка. Толькі разам пратрымаемся», — падсумавала Вольга Севярынец.

Паўла Севярынца затрымалі летась 7 чэрвеня, у дачыненьні да яго былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная — за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама яму далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019-га і студзені 2020-га.

Пасьля 75 сутак Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там выставілі абвінавачаньне.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага — на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную — на 4 гады калёніі агульнага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG