Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугорскі лідэр Орбан абвясьціў рэфэрэндум аб «абароне дзяцей ад ЛГБТ»


Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан абвясьціў, што яго ўрад ініцыюе рэфэрэндум пра закон аб абароне дзяцей — закон, які большасьць урадаў Эўраэьвязу і Эўракамісія рэзка асудзілі як дыскрымінацыйны ў дачыненьні да сэксуальных меншасьцяў.

На мінулым тыдні Эўрапейская камісія апавясьціла Вугоршчыну як краіну Эўраэьвязу, што пачынае супраць яе юрыдычны працэс, які ў выніку можа прывесьці да разгляду справы ў Эўрапейскім судзе. Акрамя таго, Эўракамісія замарозіла заяўку Вугоршчыны на яе долю памерам некалькі мільярдаў эўра з агульнаэўрапейскага фонду барацьбы з наступствамі пандэміі.

Да гэтага прыняты ў пачатку чэрвеня вугорскі закон аб абароне дзяцей, а дакладней ўнесеныя ў яго ў апошні момант дапаўненьні, якія датычаць сэксуальнай адукацыі і сэксуальных меншасьцяў, асудзілі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў 17 з 27 краін ЭЗ.

У адказ на гэта Віктар Орбан у сераду абвясьціў у відэазвароце ў Фэйсбуку, што Вугоршчына правядзе рэфэрэндум па тэмах, якіх тычацца гэтыя дапаўненьні.

«Вырашаецца пытаньне будучыні нашых дзяцей, і мы ня маем права адступіць», — заявіў вугорскі прэм’ер.

Калі пройдзе рэфэрэндум, Орбан не сказаў, але паведаміў, што ў бюлетэні будуць уключаныя некалькі пытаньняў: ці падтрымліваюць грамадзяне арганізацыю ў школах урокаў на тэму сэксуальнай арыентацыі бяз згоды бацькоў, ці лічаць яны неабходнай прапаганду зьмены полу сярод дзяцей, ці згодныя з абмежаваньнямі на паказ дзецям матэрыялаў, якія могуць паўплываць на сэксуальную арыентацыю, а таксама матэрыялаў аб зьмене полу.

Новы закон аб абароне дзяцей усё гэта забараняе, як і паказ у тэлевізіі чаго-небудзь што датычыць сэксуальных меншасьцяў і зьмены полу да 11 вечара і без маркіроўкі 18+.

Разам з тым мэр Будапэшту і апанэнт Орбана Гергей Карачань заявіў, што хоча ініцыяваць чарговы рэфэрэндум аб дзеяньнях ураду.

Паводле мэра, ліберала, які разглядае магчымасьць канкураваць з Орбанам на выбарах у наступным годзе, ініцыяваны ім рэфэрэндум павінен спытаць у вугорцаў, што яны думаюць пра асноўныя палітычныя крокі ўраду Орбана, як ён спраўляецца з пандэміяй каранавірусу і пра супярэчлівыя кітайскія інвэстыцыі ў горад, улучна з заплянаваным кітайскім унівэрсытэтам, які выклікае значныя спрэчкі.

Мэр Карачань цьвердзіць, што рэфэрэндум, які плянуе Орбан, накіраваны толькі на тое, каб адцягнуць увагу вугорцаў ад іншых пытаньняў унутранай палітыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG