Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кайфую». Што піша на волю спартовы журналіст Івулін


Аляксандар Івулін

Былы рэдактар Tut.by Крысьціна Горбач падзялілася фрагмэнтамі зь ліста ёй ад журналіста спартовага выданьня Tribuna.com, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна.

Аляксандар напісаў 15 ліпеня бадзёры ліст з жартамі ў падзяку Крысьціне за пасылку з рэчамі і прадуктамі. Ліст ішоў 5 дзён.

Івулін адзначае, што 15 ліпеня, калі ён атрымаў пасылку і тэлеграму, быў вельмі станоўчы дзень.

«На твары зьявілася ўсьмешка, хоць стараюся яе хаваць. Наколькі мага. Дарэчы, можаш уявіць мяне з прычоскай пад нуль? Вось і мне пакуль цяжкавата даецца :-) Усё яшчэ спрабую паправіць прычоску, але атрымліваецца, што гладжу вожыка», — піша ён пра паголеную галаву.

Журналіст у СІЗА глядзіць тэлевізар, чытае «СБ», «Прессбол», «Аргументы и факты».

«Кайфую. Шмат цікавай інфармацыі атрымліваю, аналізую і нават штосьці запамінаю. Агулам стараюся не адставаць ад вас і сачыць за падзеямі ў горадзе М.», — іранізуе ён.

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

У канцы ліста Аляксандар піша, што чакае лістоў. Больш за месяц на Акрэсьціна яму іх не перадавалі.

«Можна адпраўляць пасылкі, даходзяць празь дзень-два. Неабавязкова гэта мусіць быць 10 кіляграмаў ежы. Адпраўце проста кіляграм зэфіру і апэльсінаў, прыгожы нататнік, пустыя паштоўкі з маркамі. На Валадарцы вага пасылак, якія адпраўляюць поштаю, не ўваходзіць у ліміт перадачаў», — дадае ад сябе Крысьціна.

Напісаць ліст можна на адрас: СІЗА № 1, 220030 горад Менск, вуліца Валадарскага, 2, Івуліну Аляксандру Мікалаевічу.

Хто такі Аляксандар Івулін?

  • Аляксандар Івулін нарадзіўся 10 жніўня 1992 году ў Воршы. Яму 28 гадоў. Адвучыўся ў аршанскім каледжы на тэхніка-праграміста, скончыў Інстытут журналістыкі БДУ.
  • Ён журналіст спартовага выданьня Tribuna.com, аўтар Youtube-каналу «Честнок», самага папулярнага відэаблогу пра беларускі футбол, а таксама футбаліст клюбу «Крумкачы». Івуліна затрымалі 3 чэрвеня 2021 году і асудзілі на 30 содняў адміністрацыйнага арышту нібыта за сьцяг у кватэры (артыкул 24.23 КаАП Беларусі).
  • Пасьля 30 дзён журналіст ня выйшаў на волю. Стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу па падазрэньні ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу). Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Івулін сядзіць у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG