Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія палітыкі заклікалі Эўразьвяз, ЗША і Канаду стварыць адзіны фронт для абароны сувэрэнітэту Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская сустракаецца з амэрыканскімі палітыкамі

Прадстаўнікі міжпартыйнай групы Палаты прадстаўнікоў ЗША сустрэліся са Святланай Ціханоўскай.

У пасольстве Літвы ў ЗША прайшла сустрэча кокусу «Сябры Беларусі» — міжпартыйнай групы Палаты прадстаўнікоў ЗША, мэтай якой зьяўляецца прасоўваньне ў Беларусі дэмакратычных рэформаў (кокусамі ў ЗША называюць аб’яднаньні палітыкаў у тых або іншых формах).

Падчас канфэрэнцыі з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай амэрыканскія палітыкі пацьвердзілі, што лічаць менавіта яе, а не Аляксандра Лукашэнку, рэальнай пераможцай прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У плянах «Сяброў Беларусі» ў Кангрэсе ЗША — прасоўваньне фінансавай дапамогі Беларусі і лабіяваньне новых санкцыяў супраць дзейнага рэжыму, а таксама абʼяднаньне заходніх краін для абароны сувэрэнітэту краіны.

У якасьці пляцоўкі для канфэрэнцыі «Сяброў Беларусі» выбралі амбасаду Літвы. Менавіта Літва дала прытулак і ахову Сьвятлане Ціханоўскай пасьля таго, як яна вымушана была зьехаць з краіны.

«Сябры Беларусі» будуць служыць новай плятформай для прасоўваньня дэмакратыі і падтрымкі беларускага народу, уключаючы выдзяленьне 30 мільёнаў даляраў, і двупартыйнаму супрацоўніцтву ў прасоўваньні ў Кангрэсе закону «Аб сувэрэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі», — сказаў кангрэсмэн-дэмакрат Біл Кітынга.

На канфэрэнцыі таксама выступіла амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр, якая назвала запуск двупартыйнага кокусу «Сябры Беларусі» «надзвычай важным крокам у адносінах зь Беларусьсю».

Сама Святлана Ціханоўская зьвярнула ўвагу, што погляды на сытуацыю ў Беларусі ў Вашынгтоне не залежаць ад партыйнай прыналежнасьці.

«Незалежна ад таго, рэспубліканец вы ці дэмакрат, кангрэсмэн ці супрацоўнік Дзярждэпу, журналіст ці на папулярным тэлешоў — я бачу адзінства ў падтрымцы дэмакратыі і свабоды ў Беларусі, якое нібы адлюстроўваецца ў назьве вашай краіны — Злучаныя Штаты Амэрыкі», — сказала Ціханоўская.

«Я прыехала ў ЗША толькі з адным жаданьнем — каб мая любая Беларусь стала свабоднай. І я ўпэўнена, што гэта адбудзецца. Я хачу, каб вы памяталі, што, калі вы гледзіце мне ў вочы, вы гледзіце ў вочы кожнага палітвязьня, кожнага актывіста, валянтэра, спартоўца або дзеяча культуры, якія штодня знаходзяць у сабе сьмеласьць змагацца за дэмакратыю ў Беларусі», — заявіла Ціханоўская.

Адзін з аўтараў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, кангрэсмэн-рэспубліканец Крыстафэр Сьміт, заявіў «Голасу Амэрыкі», што адміністрацыя Байдэна мусіць паслаць ясны сыгнал аб тым, што санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму зробяцца больш жорсткімі.

«Ідэя „Акту аб дэмакратыі ў Беларусі“ — у індывідуальных санкцыях. Яны ўжо працуюць у некаторай ступені, але ня так, як мусяць. Сэктаральныя санкцыі, якія закранаюць цэлыя галіны бізнэсу, таксама трэба паскорыць. Паколькі для чалавека, якога б'юць у турэмнай камэры, кожны дзень здаецца вельмі і вельмі доўгім», — падкрэсьліў Сьміт.

Дэпутатка Кангрэсу ад дэмакратаў Марсі Каптур правяла паралель паміж разбурэньнем бэрлінскай сьцяны і цяперашняй сытуацыяй у Беларусі, якая палягае ў тым, што прагрэс і жаданьне людзей быць свабоднымі не спыніць.

«Я думаю, што прэзыдэнт Байдэн павінен выразна заявіць пра неабходнасьць прасоўваньня свабоды і права беларускага народу выбіраць сваіх лідэраў без прымусу. А ЗША як дзяржава мусіць прыняць закон аб фінансавай дапамозе народу Беларусі, — заявіла Каптур. — Я таксама думаю, што жыхары Эўропы, ЗША і Канады павінны абʼяднацца адзіным фронтам і стаць голасам свабоды і сувэрэнітэту Беларусі як нацыі, без усялякага ўмяшаньня звонку».

  • У мінулую сераду кангрэсмэны Біл Кітынга, Марсі Каптур, Крыс Сьміт і Джо Ўілсан абвясьцілі аб стварэньні двупартыйнай парлямэнцкай групы (кокусу) «Сябры Беларусі» ў складзе ніжняй палаты Кангрэсу ЗША
  • У гэтую групу могуць увайсьці ўсе кангрэсмэны, якія падтрымліваюць дэмакратычны рух у Беларусі і лічыць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі павінен адказаць за рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека.
  • Раней заснавальнікі новай парлямэнцкай групы зьвярнуліся да прэзыдэнта Джо Байдэна з просьбай асабіста сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай падчас яе візыту ў Вашынгтон.
  • На думку заснавальнікаў кокусу, зьяўленьне ў Кангрэсе групы ў падтрымку свабоднай Беларусі «стане сыгналам для ўсяго сьвету аб тым, што ЗША падтрымліваюць тых, хто імкнецца да свабоды насуперак прыгнёту».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG