Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двубой Канстытуцыяў. Спрэчка Карбалевіча і Лябедзькі


Ці ёсьць умовы, пры якіх прыхільнікам пераменаў варта было б падтрымаць на рэфэрэндуме афіцыйны праект Канстытуцыі? Ці магчыма палітычна супрацьпаставіць афіцыйны праект і альтэрнатыўны праект «Народнай Канстытуцыі»? Якія ёсьць магчымыя варыянты дзеяньняў?

Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» спрачаюцца дырэктар цэнтру «Эўрапейскі дыялёг», адзін з кіраўнікоў Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі Анатоль Лябедзька і палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Карбалевіч

  • За афіцыйны праект Канстытуцыі варта галасаваць пры пэўных умовах — калі будзе прапанаваны менавіта той праект, які быў абнародаваны, калі пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму адбудуцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і калі Лукашэнка ў іх ня будзе ўдзельнічаць.
  • Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя — гэта для прыхільнікаў пераменаў будзе пэўны выхад з тупіку.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Сёньня дэмакратычныя сілы ня могуць накінуць уладам свой парадак дня.
  • Я ня бачу мэханізму, пры дапамозе якога на рэфэрэндум можа быць вынесены альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, распрацаваны пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі.
  • Ёсьць тры варыянты:
  • 1. Заклікаць людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць за афіцыйны праект Канстытуцыі, і гэта адкрывае пэўную палітычную пэрспэктыву.
  • 2. Заклікаць людзей прыйсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць супраць афіцыйнага праекту Канстытуцыі, і тады застаецца цяперашняя Канстытуцыя і Лукашэнка на чале дзяржавы да 2025 году.
  • 3. Заклікаць людзей не хадзіць на выбары. Любы байкот — гэта стратэгія дэмабілізацыі.
  • З гэтых трох рэальных варыянтаў найменшае зло — гэта першы варыянт.

Лябедзька

  • Да нядаўняга часу ў публічнай прасторы быў толькі адзін праект новай Канстытуцыі, прапанаваны Грамадзкай канстытуцыйнай камісіяй, падтрыманы і НАК Латушкі, і Каардынацыйнай Радай, і Ціханоўскай.
  • Гэты праект — рэальная альтэрнатыва.
  • Тое, што прапануецца камісіяй на чале зь Міклашэвічам — гэта не альтэрнатыва існай сытуацыі і гэта ня шлях да пераменаў.
  • Што тычыцца афіцыйнага праекту, то варта пачакаць, пакуль на ім зьявіцца рэзалюцыя Лукашэнкі.
Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
  • Заўчасна падтрымліваць праект, абнародаваны нейкім Васкрасенскім.
  • Я не пагаджаюся зь ніводным з трох варыянтаў, агучаных Валерам.
  • Нам трэба праводзіць новы этап абмеркаваньня альтэрнатыўнага праекту Канстытуцыі новай Беларусі.
  • Заклік аб’ядноўваць людзей вакол прапановаў Міклашэвіча-Васкрасенскага абсалютна няправільны і з палітычнага, і з маральнага пунктаў гледжаньня.
  • Рэалізацыя прапановы Валера вядзе да легітымацыі сыстэмы, якую Лукашэнка ствараў 27 гадоў.
  • Калі мы абʼяднаемся з уладай, то такое галасаваньне і фальсыфікаваць ня трэба будзе.
  • І што нам з гэтым далей рабіць?
  • З умоваў, агучаных Валерам, дзьве — па-за кантролем грамадзтва.
  • Хто можа даць гарантыі, што будуць праведзеныя сумленныя і свабодныя датэрміновыя выбары?
  • Тады мы легітымізуем уладу Лукашэнкі яшчэ на 14 гадоў.

Карбалевіч

  • Ці ёсьць альтэрнатыва?
  • Тое, што Канстытуцыя, распрацаваная пад кіраўніцтвам Анатоля, цудоўная, што яе трэба прасоўваць — я абсалютна за.
  • Я таксама лічу, што яна лепшая за тую, якую рыхтуе камісія Міклашэвіча.
  • Праблема ў тым, што высунуць альтэрнатыўны праект на рэфэрэндум няма ніякіх магчымасьцяў.
  • Я зыходжу з рэальнасьці, Анатоль — зь нейкіх фантастычных умоваў.
  • Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары наўрад ці будуць дэмакратычнымі. Але гэта пачатак працэсу пераменаў.
  • Гэта ня столькі легітымізацыя існага рэжыму, колькі легітымізацыя паступовага працэсу пераменаў.
  • Хто б ні быў абраны, а гэта, хутчэй за ўсё, будзе стаўленік Лукашэнкі, ён будзе вымушаны дзеля сваёй легітымізацыі ісьці па шляху дэлукашэнізацыі.
  • Гэта пэрсаналісцкі рэжым, і таму, калі на вышэйшую пасаду паставіць іншага чалавека, рэжым непазьбежна будзе трансфармавацца.

Лябедзька

  • У вас, Валер, кульгавая лёгіка. Давайце будзем рэалістамі. Калі зрабіць, як вы прапануеце, упершыню за 27 гадоў «ябацькі» і прыхільнікі пераменаў прагаласуюць за прапанову Лукашэнкі.
  • І Лукашэнка скажа, што ўвесь народ даў яму права яшчэ двойчы балятавацца ў прэзыдэнты.
  • Цяпер на нашым баку — пераважная большасьць сусьветнай супольнасьці, цяпер на Лукашэнку ідзе ціск з боку эўраатлянтычнай супольнасьці, ня ўсё ясна з пазыцыяй Крамля.
  • Дык можа рэалістычны сцэнар — гэта настойваць, каб на рэфэрэндуме быў прапанаваны выбар паміж варыянтам Канстытуцыі Лукашэнкі-Міклашэвіча і варыянтам прыхільнікаў пераменаў?
  • Гэта праект, які мяняе сыстэму, які дае гарантыі, што будуць свабодныя сумленныя выбары.
  • Трэба, каб грамадзяне ў вялікай колькасьці, сотнямі тысячаў, зьвярталіся ў інстанцыі былой легітымнай улады, каб у іх была альтэрнатыва, каб у іх быў выбар.
  • Час да рэфэрэндуму трэба патраціць на тое, каб людзі ўзялі ўдзел у напісаньні Канстытуцыі новай Беларусі, каб гэта была іх Канстытуцыя, каб яны рабілі ціск на ўладу.
  • Мы павінны задзейнічаць міжнародныя мэханізмы ціску на ўладу з Захаду і, магчыма, з Усходу.

Карбалевіч

  • Я цалкам падтрымліваю ідэю вылучэньня на рэфэрэндум двух праектаў Канстытуцыі.
  • Я таксама за ўдзел народу ў канстытуцыйным праекце, але сёньняшняя рэальнасьць такая, якая ёсьць.
  • Калі Лукашэнка зьбіраецца кіраваць да 2025 году, навошта яму канстытуцыйная рэформа, навошта яму рэфэрэндум?
  • Прапануецца праект, у якім паўнамоцтвы прэзыдэнта ўрэзаныя ў параўнаньні зь дзейнай Канстытуцыяй.
  • Калі б ён зьбіраўся заставацца, то ўся гэтая гульня ў канстытуцыйную рэформу была б абсалютна непатрэбная.

Лябедзька

  • Я ўяўляю сабе, як Васкрасенскі будзе спасылацца на Карбалевіча — як на чалавека зь іншага боку, які праяўляе мудрасьць.
  • Хаўрус Карбалевіча і Васкрасенскага, хай і сытуатыўны, выглядае для мяне нязвыкла.
  • Спадзявацца, што Лукашэнка выканае сваё абяцаньне сысьці, не выпадае. Калі ён выконваў свае абяцаньні?
  • Лукашэнку рэфэрэндум непатрэбны. Але ёсьць расейскі фактар.
  • Чым далей Пуцін падтрымлівае Лукашэнку, тым больш Крэмль забірае на сябе таксычнасьць Лукашэнкі.
  • Разьлік Расеі — на тое, каб Лукашэнка сышоў, а яна паставіла на Беларусь свайго чалавека.​

Што было раней

  • Канстытуцыйная камісія, прызначаная Лукашэнкам, падвяла вынікі працы. Апошняе яе паседжаньне адбылося 21 ліпеня ў Менску.
  • Старшыня камісіі, кіраўнік Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч агучыў некалькі з прапаноў на ўнясеньне ў новую Канстытуцыю:
  • прэзыдэнт ня можа выбірацца больш як на 2 тэрміны;
  • узроставы цэнз для пасады прэзыдэнта — 40 гадоў;
  • цэнз аселасьці — пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі;
  • Юры Васкрасенскі апублікаваў праект Канстытуцыі, які, паводле яго, быў распрацаваны афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіяй. Праект прадугледжвае пэўнае скарачэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і не зьмяшчае апісаньня пасадаў кіраўніка Рады бясьпекі і Ўсебеларускага народнага сходу.
  • Каардынацыйная рада заявіла пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя». Заснавальнікі кампаніі — супольнасьць «Честные люди» пры ўдзеле Кабінэту прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі. Яны запусьцілі плятформу «Честный выбор».
  • Праект «Народная Канстытуцыя» прадугледжвае выкананьне наступных прынцыпаў:
  • Рэальны падзел уладаў, вызначэньне сыстэмы стрыманьняў і супрацьвагаў.
  • Рэформа судовай сыстэмы, бо без справядлівага суду немагчыма рухацца далей. Судовы сход зь ліку прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, адвакацкай супольнасьці, былых судзьдзяў будзе прызначаць судзьдзяў, а тыя спаміж калегаў будуць выбіраць сваіх кіраўнікоў.
  • Склад судзьдзяў Канстытуцыйнага суду будзе фармаваць парлямэнт на прапанову Вярхоўнага суду, ураду і прэзыдэнта.
  • Прэзыдэнт страчвае вялікую колькасьць бязьмежных паўнамоцтваў. Застаецца прадстаўніком краіны ў міжнародным полі, кіраўніком войска падчас ваеннага становішча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG