Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 23 ліпеня: «хімія» за абразу Лукашэнкі, «хатняя хімія» за абразу Чамаданавай


Вольга Чамаданава, якую абразіў Артур Сувораў

У Беларусі не спыняецца крымінальны перасьлед грамадзян за ўдзел у пратэстах супраць дзейнай улады. Свабода адсочвае падзеі.

«Хімія» за абразу Лукашэнкі

У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзьдзя Карсюк прысудзіў Сяргею Саку 2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі, паведамляе «Белсат».

Менавіта такі тэрмін раней прасіў пракурор. Паводле дзяржабвінавачаньня, 13 лютага 2021 году Сака, маючы намер на абразу Лукашэнкі ў тэлеграм-чаце «Слуцк общение», выклаў тэкст пра Аляксандра Лукашэнку зь ненарматыўнай лексыкай.

Падчас працэсу пракурор прасіў выключыць з абвінавачаньняў частку, зьвязаную з «нанясеньнем маральных пакут прэзыдэнту», таму што Сака ня быў дапытаны па справе, і высьветліць гэтае пытаньне немагчыма.

Абвінавачаны прызнаў віну. Ён спаслаўся на тое, што быў у дрэнным настроі і цяжкім эмацыйным стане з прычыны навінаў, зьвязаных з падзеямі ў краіне. Сяргей мае старых бацькоў, якія жывуць у Слуцку. У бацькі анкалёгія, Сяргей фінансава дапамагае ім лячыцца.

«Хатняя хімія» за абразу Чамаданавай

Цэнтральны раённы суд гораду Менску прызнаў 32-гадовага Артура Суворава вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу і прысудзіў 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — «хатнюю хімію».

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», справу вёў судзьдзя Дзьмітры Карсюк. Бок абвінавачваньня падтрымаў пракурор Арцём Цьвяткоў. Пацярпелай лічыцца прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Суворава прызналі вінаватым у тым, што 25 верасьня 2020 году ён пакінуў камэнтар да публікацыі з фота Чамаданавай, які зьмяшчаў абразу, выказаную ў непрыстойнай і грубай форме: слова «пропагандистская» і мат.

Згодна з абвінавачаньнем, ён меў намер публічна абразіць прадстаўніцу ўлады Чамаданаву «ў сувязі з выкананьнем ёю службовых абавязкаў… па матывах палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй у Беларусі, рознымі палітычнымі поглядамі, пачуцьцём непрыязнасьці да прадстаўнікоў улады, кіруючыся нізкімі намерамі, якія праявіліся ў жаданьні прадставіць Чамаданаву ў зьневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадзкасьці, адпомсьціць за асьвятленьне ў СМІ і глябальнай сетцы інтэрнэт пытаньняў, якія адносяцца да кампэтэнцыі МУС».

Артур Сувораў прызнаў віну. Ён сказаў, што напісаў камэнтар на эмоцыях: ведаў, што пакідае яго ў бок прэс-сакратаркі МУС. Цяпер ён хоча выбачыцца перад Чамаданавай.

Пракурор Цьвяткоў запрасіў для абвінавачанага два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, судзьдзя пагадзіўся з такім пакараньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG