Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн анансаваў санкцыі супраць уладаў Кубы


Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з заявай, у якой рашуча асудзіў задушэньне масавых пратэстаў на Кубе і абвясьціў аб увядзеньні санкцый супраць прадстаўнікоў кубінскіх уладаў.

Яго заяву цытуе «Голас Амэрыкі»:

«Я безумоўна асуджаю масавыя затрыманьні і фіктыўныя судовыя працэсы, у выніку якіх несправядліва прысуджаюць турэмнае зьняволеньне тым, хто адважыўся выказацца. Гэта робіцца ў спробе запалохаць кубінскі народ і прымусіць яго замаўчаць. Кубінскі народ мае такое ж права на свабоду выказваньня думак і мірных сходаў, як і ўсе людзі. Злучаныя Штаты падтрымліваюць адважных кубінцаў, якія выйшлі на вуліцы, каб супрацьстаяць рэпрэсіям, якія доўжыліся цягам 62 гадоў пры камуністычным рэжыме», — заявіў прэзыдэнт.

«Сёньня мая адміністрацыя ўводзіць новыя санкцыі супраць элемэнтаў кубінскага рэжыму, адказных за гэтыя рэпрэсіі, каб прыцягнуць іх да адказнасьці», — абвясьціў Байдэн. Паводле яго, санкцыі закрануць кіраўніка кубінскіх узброеных сіл і падразьдзяленьня кубінскага Міністэрства ўнутраных спраў, якія стаяць за рэпрэсіямі.

«Гэта толькі пачатак. Злучаныя Штаты працягнуць уводзіць санкцыі супраць асоб, адказных за прыгнёт кубінскага народу», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Байдэн дадаў, што ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць кубінскі народ і робяць усё, каб амэрыканцы кубінскага паходжаньня былі ўцягнутыя ў намаганьні па аказаньні дапамогі людзям на востраве, якія пакутуюць.

«Мы працуем з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і прыватным сэктарам, каб даць кубінскаму народу доступ у інтэрнэт у абыход цэнзуры рэжыму. Мы пераглядаем нашу палітыку грашовых пераводаў, каб вызначыць, як мы можам максымізаваць падтрымку кубінскага народу. І мы поўныя рашучасьці аднавіць наша пасольства ў Гаване, каб аказваць консульскія паслугі кубінцам і павышаць нашу здольнасьць узаемадзейнічаць з грамадзянскай супольнасьцю, гарантуючы пры гэтым бясьпеку амэрыканскіх дыпляматаў, якія працуюць на Кубе», — расказаў галава Белага дома.

«Адстойваньне чалавечай годнасьці і свабоды зьяўляецца прыярытэтам для маёй адміністрацыі, і мы будзем цесна супрацоўнічаць з нашымі партнэрамі па ўсім рэгіёне, уключаючы Арганізацыю амэрыканскіх дзяржаў, каб аказаць ціск на рэжым з мэтай дамагчыся неадкладнага вызваленьня незаконна затрыманых палітычных зьняволеных, аднавіць доступ у інтэрнэт і забясьпечыць захаваньне асноўных правоў кубінскага народу», — падкрэсьліў прэзыдэнт Байдэн.

Паводле заявы Дзярждэпартамэнту, ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да міністра Рэвалюцыйных узброеных сілаў Кубы Альвара Лопэса Міера і Спэцыяльнай нацыянальнай брыгады кубінскага МУС «Чорныя бэрэты» (Boinas Negras) у сувязі з іх удзелам у задушэньні пратэстаў, у тым ліку з дапамогай прымяненьня фізычнага гвалту і запалохваньня.

Санкцыі супраць Лопэса Міера і «Чорных бэрэтаў» уведзеныя ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам 13818, які заснаваны на Сусьветным законе імя Магніцкага аб адказнасьці за парушэньне правоў чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG