Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Буду заставацца ў Беларусі». Палітзьняволеныя журналісты Свабоды тыдзень за кратамі


Зьняволеныя журналісты Алесь Дашчынскі, Іна Студзінская і Алег Грузьдзіловіч.

Сем дзён прайшло з моманту затрыманьня журналістаў Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і Алеся Дашчынскага, якіх летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі. Сваякі журналістаў толькі ўчора змаглі перадаць ім перадачы ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Супрацоўнікі СІЗА паведамілі родным, што журналістаў арыштавалі на 10 сутак, але ў чым іх абвінавачваюць, дагэтуль невядома. Раней паступала інфармацыя, што Іна Студзінская абвясьціла галадоўку ў СІЗА, аднак яе адвакат пазьней удакладніў, што Студзінская адмаўляецца ад турэмнай ежы, таму што есьці яе немагчыма.

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з жонкай Алега Грузьдзіловіча Мар’янай і даведаўся апошнія навіны пра затрыманых журналістаў.

«Якраз учора мы з жонкай Алеся Дашчынскага адстаялі чаргу, сустрэлі там сястру Іны Студзінскай і ў нас атрымалася перадаць перадачы, — кажа Марʼяна Грузьдзіловіч. — У мяне асабіста ўзялі ўсё, акрамя хуткапсавальных харчоў. Мне ўдалося перадаць асабістыя рэчы, таму што яго забралі практычна разьдзетым і бяз сродкаў асабістай гігіены».

Па словах Марʼяны, вітаміны мужу таксама перадаць не дазволілі.

«Пакуль мы стаялі ў чарзе, да Алега прыйшла адвакатка», — кажа Марʼяна.

Жанчына падкрэсьліла, што адвакатка так і не высьветліла, якое канкрэтна абвінавачаньне выставілі Алегу:

«Адвакат толькі сказала, што ў нас па законе без выстаўленьня абвінавачаньня можна трымаць чалавека да 10 сутак. Яны мінаюць 26 ліпеня, у панядзелак. І адвакат паведаміла, што, хутчэй за ўсё, першы раз сьледчы правядзе допыт. І калі я спытала: „А вас запросяць?“, яна адказала: „Вядома, так“. Таму я цяпер вельмі чакаю 26 ліпеня, калі пачнуць сьледчыя дзеяньні, у якіх возьме ўдзел адвакат. І потым ад яе мы даведаемся, у чым жа іх абвінавачваюць».

Марʼяна, таксама спасылаючыся на словы абаронцы, сказала, што Алег цяпер у нармальным стане.

«Яе словы такія: „Ён жа ў вас разумнік“. Трымаецца. Сказала, настрой... Які можа быць у такіх умовах настрой? Але я ведаю, Алег чалавек мужны. Адзінае, што нас хвалюе, гэта як і ў якіх умовах яны там сьпяць — з голымі нагамі, рукамі? Ці на мэталічных ложках, ці на падлозе? Таму што мы чулі такую інфармацыю, што нібыта горача, матрацаў і падушак не выдаюць. А замест падушак людзі падкладаюць бутэлькі з-пад вады. Я ня ведаю, як Алег, але чула такую інфармацыю ад іншых».

На пытаньне журналіста, ці абмяркоўвалі Марʼяна з мужам магчымасьць выехаць з краіны на фоне масавых затрыманьняў і чаму не прынялі ў выніку такога рашэньня, Марʼяна Грузьдзіловіч адказала:

«Віны ніякай няма. Алег выконваў свае прафэсійныя абавязкі. І калі мы даведваліся са СМІ, што хтосьці пакінуў краіну, адзін раз я яму сказала: „Можа быць, і табе паехаць?“. Ён адказаў: „Я нікуды не паеду“. Па-першае — куды? Па-другое, на нейкія сродкі трэба зьяжджаць. І па-трэцяе, ён сказаў: „Як я цябе тут пакіну адну?“. А ўдваіх ехаць... Я не ўяўляю, як усё кінуць і зьехаць. Тут сямʼя, дзеці, унукі, кватэра, магіла бацькоў. Таму Алег сказаў: „Я буду заставацца тут“».

16 ліпеня пасьля ператрусаў за кратамі апынуліся журналісты Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінская, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі. Да Дашчынскага адваката дапусьцілі 21 ліпеня, да Грузьдзіловіча і Студзінскай на дзень пазьней.

20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Грузьдзіловіча і Дашчынскага затрымалі на тэрмін да 10 дзён. У той жа дзень стала вядома, што Студзінская галадае на знак пратэсту.

Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў. Усіх траіх прызналі палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG