Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой дзед Бэрлін бамбіў, а мяне ў турму засадзілі беспадстаўна». Менчуку прысудзілі 6 гадоў за тэлефонныя размовы


Сяргей Пацукевіч

У Менску асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму 31-гадовага Сяргея Пацукевіча. Ягоны голас гучаў на запісе праслухоўваньня тэлефоннай размовы падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі на Менскі завод колавых цягачоў 17 жніўня мінулага году.

Калі Лукашэнка выступаў перад работнікамі заводу, уключылі запіс размовы, дзе двое мужчын абмяркоўвалі, як трэба паводзіць сябе на сустрэчы з Лукашэнкам, пра якую было вядома загадзя. Адзін з суразмоўцаў прапаноўваў «выходзіць і зараджаць».

Гэта быў запіс размовы Сяргея Пацукевіча зь ягоным сябрам С., работнікам МЗКЦ. С. перад прыездам Лукашэнкі на завод затрымалі і даставілі ў міліцыю, туды ж прыехаў падтрымаць сябра Сяргей. Пасьля таго, як Андрэя адпусьцілі, мужчыны вырашылі выехаць з краіны — праз Украіну трапілі ў Польшчу.

Але прайшоў час і Сяргей захацеў вярнуцца, апавядае адзін зь ягоных сяброў:

«Тлумачыў, што сумуе па радзіме, бо яму лепш родная галінка бэзу ля дому, чым цёплае мора ў іншым краі. Што замежжа для яго чужое, што яму цяжка там знаходзіцца. Да таго ж у Беларусі заставаліся бацькі, і хворай маці мусілі рабіць апэрацыю», — кажа сябар.

Сяргей Пацукевіч на стадыёне падчас гульні любімага клюбу
Сяргей Пацукевіч на стадыёне падчас гульні любімага клюбу

Неўзабаве пасьля вяртаньня ў Беларусь Сяргея затрымалі і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Тая тэлефонная размова, якую падавалі як падрыхтоўку правакацыі да візыту Лукашэнкі, у справе не праходзіла. Але ў аснову абвінавачаньня былі пакладзеныя іншыя тэлефонныя размовы Сяргея. Як высьветлілася, яго даўно праслухоўвалі.

«Відаць, таму, што ён футбольны заўзятар. У судзе Сяргей казаў, што яшчэ раней ГУБАЗІК запрашаў яго „на знаёмства“ — напэўна, сачылі, — мяркуе сябар. — Праз тэлефон Сяргей расказваў розным людзям тое, што бачыў навокал 9-10 жніўня, апісваў падзеі тых дзён, і сьледзтва зрабіла выснову, што ён удзельнічаў у беспарадках. Маўляў, кінуў камень у бок транспарту МУС, знаходзіўся ў месцы, дзе будаваліся барыкады, перакрываў рух, выкрыкваў лёзунгі. Гэта ўсё толькі на падставе размоў Сяргея, іх палічылі доказамі».

Сяргей Пацукевіч
Сяргей Пацукевіч

Сяргей Пацукевіч у судзе віны ў поўнай меры не прызнаваў. Падчас працэсу ў клетцы знаходзіліся канваіры, якія прышпільвалі Сяргея да сябе кайданкамі з абодвух бакоў.

«Да прысуду ён рыхтаваўся, быў гатовы да вялікага тэрміну, але пазьней сказаў, што ў вачах пацямнела, калі пачуў такі тэрмін... У СІЗА перад судом ён моцна хварэў, відаць, на каранавірус. Пра яго клапаціліся сукамэрнікі — рабілі гарбату, кампоты. І са сьлязьмі праводзілі на прысуд, бо думалі, што больш ня вернецца. Але пасьля яго прывезьлі ў тую ж камэру, таму там з радасьцю сустрэлі і накрылі стол — з садавіной, гарбатай», — працягвае сябар.

У лістах Сяргей пісаў, што цяпер галоўнае для яго — хутчэй вызваліцца, сабраць заплечнік і выехаць з гэтай краіны.

«Пабачыў, што тут адбываецца насамрэч. Пісаў: „Дзед мой 900 дзён блякады Ленінграда прайшоў, другі дзед Бэрлін бамбіў, а ўнука ў турму засадзілі беспадстаўна...“. Сяргей вельмі добры чалавек. Як прадстаўнік футбольнага клюбу „Тарпэда“ наведваў дзіцячыя дамы, каб пачаставаць дзяцей, прывезьці падарункі, пагуляць у спартовыя гульні. І ў лістах пісаў, каб мы езьдзілі туды, не забываліся. У сакавіку мінулага году падчас каранавірусу ў 10-ы шпіталь арганізоўваў прывоз вады для мэдыкаў, таксама вазіў корм у прытулкі для жывёлаў», — апавядае сябар.

Фрагмэнт ліста Сяргея Пацукевіча з СІЗА
Фрагмэнт ліста Сяргея Пацукевіча з СІЗА

Яшчэ сябар прыгадвае, як Сяргей прасіў перадаць яму ў СІЗА абутак — каб аддаць сукамэрніку, у якога не было красовак.

Справу Пацукевіча ў судзе Маскоўскага раёну вяла судзьдзя Вольга Малашэнка. Паводле «Вясны», у апошнім слове Сяргей падкрэсьліў, што сыстэма не выпраўляе чалавека, а гадуе злачынцу. Адміністрацыя не вядзе ніякай выхаваўчай працы, якая б «рабіла чалавека выхаваным, міласэрным, спачувальным», таму прасіў не караць яго пазбаўленьнем волі.

Сяргей Пацукевіч у складзе фанатаў менскага Тарпэда з выхаванцамі дзіцячага дому
Сяргей Пацукевіч у складзе фанатаў менскага Тарпэда з выхаванцамі дзіцячага дому

Як перадаваў Сяргей, ён абураны тым, што «зь яго робяць ненармальнага» — у ягонай справе паставілі адразу тры рыскі розных колераў, якія азначаюць, што ён быццам схільны да нападу на сілавікоў, захопу закладнікаў, уцёкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG