Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на маніторынг NATO, мігранты працягваюць прыбываць у Літву: за дзень затрымалі 40 чалавек


Міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс

За апошнія суткі літоўскія памежнікі затрымалі 40 мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі. Тым часам пра дапамогу Літве заявіла Эстонія.

У іх возьмуць тэст на COVID-19 і ізалююць да атрыманьня вынікаў.

Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі ўжо 2470 мігрантаў, якія незаконна спрабавалі ўехаць у Літву зь Беларусі, інфармуе Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы. Гэта колькасьць больш чым у 30 разоў перавышае леташнюю. Амаль 1400 мігрантаў назваліся грамадзянамі Іраку, хаця бальшыня затрыманых ня мае пры сабе ніякіх дакумэнтаў. Значная частка мігрантаў, як адзначаюць у Літве, спрабуе праехаць у краіны Заходняй Эўропы.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс напярэдадні па тэлефоне абмеркаваў сытуацыю на беларускай мяжы з генсэкам НАТО Енсам Столтэнбергам.

«Мы абмяняліся самай актуальнай інфармацыяй аб рэгіянальнай бясьпецы зь лідэрам НАТО на тле гібрыднай атакі Беларусі і маючых адбыцца расейскіх вучэньняў «Захад-2021», — пракамэнтаваў размову Ландсбергіс, яго цытуе прэс-служба літоўскага МЗС.

Паводле яго слоў, партнэры з НАТО вельмі ўважліва сочаць за сытуацыяй і ацэньваюць яе.

Эстонія дапаможа Літве з калючым дротам, каб умацаваць мяжу зь Беларусьсю

Эстонія накіруе Літве каля 100 кілямэтраў спэцыяльнага дроту для ўмацаваньня мяжы зь Беларусьсю, паведаміла літоўскае міністэрства ўнутраных спраў. Учора Літва прыпыніла будаўніцтва плота на беларускай мяжы з прычыны недахопу калючага дроту.

Таксама з 1 жніўня Эстонія накіруе ў Літву 3 бесьпілётнікі для назіраньня за мяжой, паведаміла міністарка нацыянальнай абароны Эстоніі Калле Лаанэт пасьля сустрэчы зь міністаркай унутраных спраў Літвы Агнэ Біталайце. На думку абодвух міністраў, Эўразьвяз павінен увесьці санкцыі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асобаў, якія арганізуюць нелегальную міграцыю зь Беларусі ў Літву.

«Гэта арганізаваная гібрыдная агрэсія ня толькі супраць Літвы, але і супраць усяго Эўрапейскага Зьвязу і яго асноўных дэмакратычных каштоўнасьцяў, і мэта гэтай агрэсіі — дэстабілізаваць рэгіён», — заявіла Агнэ Білатайце.

Беларуска-літоўскую мяжу цяпер патрулююць ня толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы. Ім дапамагаюць эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex, Службы грамадзкай бясьпекі, «Зьвязу стралкоў» і іншых устаноў. Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу непасрэдна датычныя беларускія ўлады і заяўляе, што сабрала дастаткова відавочных доказаў, што міграцыя непасрэдна арганізаваная афіцыйным Менскам, за што той яшчэ і атрымлівае грошы ад сем'яў мігрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG