Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут нацыянальнай памяці і Асацыяцыя вуснай гісторыі Ўкраіны выступілі ў абарону беларускіх навукоўцаў


Мітынг у падтрымку навукі ва Ўкраіне, архіўнае фота

Тацяна і Андрэй Мастыка ад 19 ліпеня ўтрымліваюцца за кратамі, да вядомых гісторыкаў не дапускаюць адвакатаў.

Украінскі інстытут нацыянальнай памяці сумесна з Украінскай асацыяцыяй вуснай гісторыі выступілі з сумеснай заявай, у якой асудзілі перасьлед беларускіх навукоўцаў. Там нагадалі, што ў Рэспубліцы Беларусь працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзян, якія выступаюць супраць улады, у прыватнасьці, 19 ліпеня 2021 году былі затрыманыя гісторыкі Андрэй Мастыка і яго жонка Тацяна Мастыка.

Аўтары заявы нагадваюць, што Тацяна Мастыка — былая кіраўніца беларускага моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Гісторыка», праводзіць незалежныя дасьледаваньні і прапагандуе гістарычныя веды. Андрэй Мастыка займаецца таксама вуснай гісторыяй, ён удзельнічаў у навуковых і адукацыйных мерапрыемствах, якія праводзіліся ва Ўкраіне.

«Матэрыялы яго дасьледаваньняў уключаны ў Беларускі архіў вуснай гісторыі і архіў сьведкаў Менскай гістарычнай майстэрні. Андрэй таксама працаваў у камандзе праекту „Гісторыя Менскага гета“», — гаворыцца ў супольнай заяве ўкраінскіх арганізацый.

«Украінскі інстытут нацыянальнай памяці і Ўкраінская асацыяцыя вуснай гісторыі глыбока занепакоеныя тым, што ў Беларусі працягваецца напад на правы чалавека, свабоду слова, трывае перасьлед апазыцыі і незаконныя затрыманьні навукоўцаў. Мы пратэстуем супраць перасьледу гісторыкаў беларускімі ўладамі».

Арганізацыі выказалі шчырую падтрымку навуковай супольнасьці Беларусі і заклікалі міжнародную навуковую супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі асудзіць новую хвалю перасьледу, падтрымаць затрыманых і зьвярнуцца да ўладаў з просьбай неадкладна вызваліць іх.

Пасьля допыту ў цэнтральным апараце КДБ Тацяну Мастыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, так званую «амэрыканку». Адваката да яе не дапускаюць, як і да мужа. Прычым абаронца Андрэя Мастыкі ня ведае, дзе той знаходзіцца і ў чым яго абвінавачваюць. Ёсьць толькі неафіцыйная інфармацыя на гэты конт, што сужэнцаў абвінавачваюць у парушэньні адразу трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ, сярод якіх — «тэрарызм», паводле якога пагражае да 12 год турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG