Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch: міжнародная супольнасьць павінна абараніць трэці сэктар у Беларусі


Офіс Саюзу палякаў у Беларусі пасьля ператрусу. Ілюстрацыйнае фота

Ключавыя міжнародныя акторы павінны разам стаць на абарону грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і супрацьстаяць спробам расправы над ёю, мяркуе кіраўніцтва міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

Улады Беларусі пачалі масавую атаку на дзясяткі няўрадавых арганізацый, якія традыцыйна складалі касьцяк дынамічнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Пра гэта пішуць Таня Локшына і Рэйчэл Дэнбэр, намесьніцы дырэктара аддзелу Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

Аўтаркі адзначаюць, што да гэтага часу праваабарончым і іншым няўрадавым арганізацыям у Беларусі шмат гадоў удавалася неяк выжываць ва ўмовах створанага Лукашэнкам аўтарытарнага рэжыму. «Але тое, што адбылося на гэтым тыдні, азначае канец грамадзянскай супольнасьці, якую мы прывыклі бачыць у Беларусі. Няма сумневаў, што грамадзянская актыўнасьць працягнецца — але цяпер, хутчэй за ўсё, гэта будзе жыцьцё ў падпольлі або ў выгнаньні», — сьцьвярджаюць яны.

«Давайце больш ня будзем называць тое, што адбываецца, „наступам на грамадзянскую супольнасьць“. На нарадзе зь міністрамі 22 ліпеня сам Аляксандар Рыгоравіч не пасаромеўся загаварыць менавіта пра „зачыстку“, і нам таксама варта называць рэчы сваімі імёнамі. Ключавыя міжнародныя актары павінны разам стаць на абарону грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і супрацьстаяць спробам расправы над ёю», — заключаюць Таня Локшына і Рэйчэл Дэнбэр.

Human Rights Watch нагадвае:

  • закручваньне гаек у Беларусі нарастае ўжо год
  • за кратамі цяпер больш як 500 чалавек
  • ад арыштаў журналістаў, ператрусаў у рэдакцыях і закрыцьця СМІ ўлады перайшлі да вынішчэньня грамадзянскіх групаў, якія адстойваюць шырокі спэктар правоў
  • паралельна ідзе ціск на адвакатаў, якія пад пагрозай крымінальнага перасьледу ня могуць нават камэнтаваць абвінавачаньні, што выстаўляюцца фігурантам такіх спраў
  • улады за адзін дзень 23 ліпеня закрылі звыш 40 НДА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG