Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады ўсё ж зьмяняюць законы пра хатні гвалт


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі, дзе «часам не да законаў», разглядаюць новы законапраект, які мог бы стаць вялікім прарывам у супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Але д’ябал, як звычайна, у дэталях.

Сьцісла

  • Асобнага закону аб процідзеяньні хатняму гвалту не выпадае чакаць нават пры найлепшым разьвіцьці падзей.
  • «Традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці» і «павага да прыватнага жыцьця» — гэта аргумэнты, якімі карыстаюцца акурат аматары хатняга гвалту.
  • Зьмены ў заканадаўстве, зьвязаным з хатнім гвалтам, адбудуцца менавіта цяпер ня проста так. Шэрагу гэтых зьменаў дабіваліся больш за 20 гадоў, але якраз цяпер рэжыму Лукашэнкі трэба паказаць сьвету, што ён клапоціцца пра жанчын.
  • Беларусь цяпер жыве ва ўмовах гуманітарнай катастрофы і прававога дэфолту зь бясконцымі катаваньнямі і поўнай беспакаранасьцю людзей, якім належыць улада.


Законапраект у справе зьмены законаў у пытаньнях прафіляктыкі правапарушэньняў прайшоў першае чытаньне ў Палаце прадстаўнікоў у чэрвені і цяпер чакае другога. Калі яго прымуць, у шэраг беларускіх законаў будуць унесеныя зьмены дзеля «павышэньня эфэктыўнасьці прафіляктыкі хатняга гвалту». Асобнага закону аб процідзеяньні хатняму гвалту не выпадае чакаць нават пры найлепшым разьвіцьці падзей.

Тое, што асобнага закону ня будзе, стала зразумела яшчэ ў 2018 годзе, калі шматгадовае супрацоўніцтва недзяржаўных арганізацый і дзяржаўных ведамстваў было перакрэсьлена адной заявай Аляксандра Лукашэнкі: «Усё гэта дурасьць, узятая найперш з Захаду. Вы можаце не хвалявацца, і народ хай не хвалюецца — мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыцьцёвага досьведу. Недзе нехта ляпнуў — аб процідзеяньні гвалту ў сям’і. Гэта зараз модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем’яў ня будзе: мужык з мужыком жэняцца альбо замуж выходзяць. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх пераймаем нейкія нормы паводзінаў у сям’і».

Цяперашняе рашэньне зьмяніць шэраг ужо існуючых законаў — гэта быццам кампраміс, але ж вельмі спэцыфічны. З аднаго боку, некаторыя новыя палажэньні і праўда радуюць: чынавенства плянуе пашырыць сьпіс людзей, гвалт у дачыненьні да якіх будзе кваліфікавацца як хатні; забараніць тым, хто ўчыніў хатні гвалт, набываць зброю; спрасьціць выдачу абаронных прадпісаньняў. Усё гэта патрэбныя зьмены, пра важнасьць якіх заяўляюць арганізацыі, якія працуюць з пацярпелымі ад хатняга гвалту ў розных краінах сьвету.

Але! У законапраекце таксама прапануецца ўвесьці дадатковыя прынцыпы, паводле якіх дзяржаўныя органы павінны займацца прафіляктыкай правапарушэньняў. І тут мы бачым прынцыпы, якія наўпрост супярэчаць адзін аднаму. Дзяржаўныя органы павінны адначасова кіравацца традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасьцямі і не дапускаць таго, каб звычаі, рэлігійныя перакананьні і традыцыі былі апраўданьнямі правапарушэньняў. Таксама яны мусяць паважаць чужое прыватнае жыцьцё, што б гэта ні значыла.

«Традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці» і «павага да прыватнага жыцьця» — гэта аргумэнты, якімі карыстаюцца акурат аматары хатняга гвалту і тыя людзі, якія апраўдваюць правапарушэньні і злачынствы традыцыямі, звычаямі і рэлігійнымі прадпісаньнямі.

І што ўвогуле на ўзроўні закону павінен значыць тэрмін «павага»? У чым гэтая павага да чужога прыватнага жыцьця павінна заключацца? Хто будзе вызначаць межы, дзе дзяржаўныя органы яшчэ паважаюць прыватнае жыцьцё сям’і, а дзе ўжо апраўдваюць гвалт звычаямі і тымі самымі традыцыйнымі каштоўнасьцямі?

Такія супярэчнасьці ў законе ня могуць прывесьці ні да чога добрага, — гэта просты шлях да карупцыі і апраўданьня агрэсараў. І гэта калі ўявіць, што закон увогуле будзе выконвацца.

Але ж ня трэба забываць, што Беларусь цяпер жыве ва ўмовах гуманітарнай катастрофы і прававога дэфолту зь бясконцымі катаваньнямі і поўнай беспакаранасьцю людзей, якім належыць улада. Так што і зьмены ў заканадаўства, зьвязанае з хатнім гвалтам, адбудуцца менавіта цяпер ня проста так. Шэрагу гэтых зьменаў дабіваліся больш за 20 гадоў, але якраз цяпер рэжыму Лукашэнкі трэба паказаць сьвету, што ён клапоціцца пра жанчын.

Трэба ж хоць неяк таргавацца ва ўмовах санкцый і сусьветнага непрызнаньня самога рэжыму.

Праўда, лягічней было б не зьнішчаць пры гэтым недзяржаўныя арганізацыі, якія дапамагаюць людзям. Але ж будзем шчырымі: лёгіка — ня самы моцны бок цяперашняй улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG