Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працаваць ня маю права, а здароўе пагоршала». Фігурант справы «змоўшчыкаў» ня мае грошай на лекаваньне ва Ўкраіне


Віталь Макаранка. Архіўнае фота

У Віталя Макаранкі, аднаго зь дзевяці абвінавачаных у Беларусі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, які зьвярнуўся ва Ўкраіне па палітычны прытулак, абвастрыліся хранічныя захворваньні, лекаваньне якіх ён ня мае магчымасьці аплаціць.

«У міграцыі (Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны. — РС) зрабілі апытаньне, інтэрвію і сказалі чакаць. Забралі пашпарт, від на жыхарства і выдалі даведку аб звароце па абарону. Але дзе я яе ні паказваў — у банку, у падатковай — усе кажуць, што сапраўдная будзе толькі тая даведка, калі я атрымаю статус уцекача або дадатковую абарону ўкраінскай дзяржавы», — сказаў Свабодзе Віталь Макаранка.

Паводле яго, менавіта з гэтай прычыны ён ня мае права на працаўладкаваньне і на ўсе зьвязаныя з гэтым працэсам дзеяньні. Цяпер жа нечакана абвастрыўся і стан ягонага здароўя.

«Гэта хранічная праблема. Яна, на жаль, абвастрылася і патрабуе працяглага лекаваньня. Пастаянныя болі ў плячах і абмежаванасьць рухаў рукамі. Лекаваньне ў мэдычных цэнтрах вельмі затратнае і невядома калі дасьць вынік», — удакладніў Віталь Макаранка.

Ён зьвярнуўся па дапамогу ў фонд салідарнасьці, а таксама да знаёмых і сяброў.

«Буду ўдзячны кожнаму, хто адгукнецца. Я веру ў тое, што сытуацыя выправіцца і хутка я сам змагу дапамагаць ахвярам рэпрэсій», — кажа ён.

Віталь Макаранка таксама паведаміў пра адсутнасьць зрухаў у крымінальнай справе, у якой ён фігуруе разам з Аляксандрам Фядутам, Юрыем Зянковічам, Рыгорам Кастусёвым, Вольгай Галубовіч, Дзьмітрыем Шчыгельскім, Аляксандрам Перапечкам, Паўлам Кулажанкам і Ігарам Макарам.

«Я кантактаваў з адвакатам. Там няма ніякіх рухаў, і гледзячы па навінах, якія прыходзяць ад Кастусёва, там таксама нічога няма. Чалавек проста сядзіць і пакутуе, але нікому не патрэбны, таму што фактуры (па справе. — РС) там няма ніякай. Калі б яны хацелі, яны б мяне дапыталі, пакуль я быў там у Магілёве, ці даслалі б запыт у Генэральную пракуратуру на допыт», — паведаміў Віталь Макаранка.

Паводле ягонай інфармацыі, Беларусь не абвяшчала яго ў міжнародны вышук.

«Я зьвяртаўся да дэпутата Аляксея Ганчарэнкі, ён рабіў запыт, але яму ў пракуратуры Ўкраіны адказалі, што такога запыту зь Менску пакуль няма. Але гэта было на пачатку чэрвеня. Тут цяпер так, што не заўсёды патрэбны афіцыйны запыт — дастаткова толькі патэлефанаваць і сказаць, што нам патрэбны такі і такі. Закон гэта дазваляе, таму адсутнасьць запыту — не паказчык», — патлумачыў Віталь Макаранка.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядута затрыманы.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG