Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алё, вы аб чым? Гэта Алімпіяда, гэта не прыкол!» Беларускія лёгкаатлеткі даведаліся, што будуць удзельнічаць у новых для іх дысцыплінах


На вуліцах Токіё

У сераду ўвечары стала вядома, што Незалежны орган па барацьбе з нэгатыўнымі зьявамі ў лёгкай атлетыцы (AIU) не дапускае да ўдзелу ў Алімпіядзе 20 спартоўцаў, у тым ліку трох беларусак. Прычына — недастатковая колькасьць допінг-пробаў, якія неабходна было здаць на працягу дзесяці месяцаў перад Гульнямі (мінімум тры пробы). Спартоўкі цалкам ускладаюць віну за гэта на функцыянэраў Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, якія своечасова не паслалі іх на гэтыя пробы.

Дзьве не дапушчаныя ад Беларусі спартоўкі — Ганна Міхайлава і Крысьціна Мулярчык — зьяўляліся часткай эстафэты 4 па 400 мэтраў. Іх адхіленьне паставіла пад пытаньне выхад зборнай на старт, прызначаны на 5 жніўня.

Але чыноўнікі прыдумалі, як выпусьціць беларускую эстафэту 4 па 400 на старт. Галоўны трэнэр зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юры Маісевіч заявіў, што адно вакантнае месца ў чацьвёрцы зойме бар’ерыстка Эльвіра Герман, чыя спэцыялізацыя — стомэтроўка з перашкодамі. Пазьней спрынтэрка Крысьціна Ціманоўская, якая выступае на стомэтроўцы, выявіла, што таксама ўключаная ў заяўку каманды на эстафэту 4 па 400.

Нібыта якая розьніца — бегчы 100 мэтраў або 400? Спартовае выданьне «Трыбуна» тлумачыць: «Кожная дыстанцыя мае сваю спэцыфіку. І пераход з адной дысцыпліны ў іншую даецца вельмі цяжка і ў большасьці выпадкаў наканаваны на правал. Зрэшты, усё паказвае на тое, што спартыўныя чыноўнікі нацэлены толькі на тое, каб каманда стартавала. Аб нейкіх выніках ніхто не гаворыць».

— Я думаю, гэта трызьненьне. Эльвіра — вельмі моцная бягунка, але дзе 100 м з барʼерамі, а дзе 400 м? Гэта вельмі вялікая розьніца, — камэнтуе сытуацыю Ігар Жаваранак, трэнэр маратонкі Святланы Кудзеліч. — Памятаю, аднойчы яна бегла 200 м і выйгравала, але 100 і 200 — гэта адно, а 400 — зусім іншая падрыхтоўка".

Спрынтэрка Ціманоўская вельмі жорстка адрэагавала на рашэньне не спытаўшыся паставіць яе ў эстафэту 4 па 400.

— Аказваецца, наша вельмі крутое начальства вырашыла ўсё, як звычайна, за нас. Яны накасячылі з дзяўчынкамі, у якіх не хапае тэстаў, каб прыляцець на іх першую ў жыцьці Алімпіяду — і яны вырашылі зрабіць ход канём і запусьціць мяне ў эстафэту. Клас, хлопцы! Малайцы! Чаму ж мы павінны расплачвацца за вашыя касякі? Калі вы накасячылі зь дзяўчатамі, зь іх допінг-тэстамі, зь іх пробамі... Пляваць, з чым заўгодна! Чаму я павінна расхлёбваць гэтыя праблемы? Якога... я даведваюся гэта ад левых людзей?! — задала пытаньні Ціманоўская ў сваім інстаграме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG